З прычыны вайны ва Ўкраіне, а таксама санкцый Захаду ад 1 чэрвеня больш як 30 краін спынілі супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй у рамках міжнароднай сыстэмы страхаваньня «Зялёная карта». Тады ад 1 чэрвеня 2023 году Беларусь і Расея заключылі паміж сабой пагадненьне пра «Сінюю карту».
Пагадненьне вызначае правілы па «Сіняй карце» такія ж, як па «Зялёнай», за выключэньнем некаторых момантаў.
- Так, у якасьці дакумэнта, які пацьвярджае заключэньне дамовы, цяпер выдаюцца блянкі «Зялёная карта», а пасьля 1 студзеня 2024 году будуць выдавацца новыя блянкі — «Сіняя карта».
- Запыт на пацьвярджэньне страхаваньня можа быць накіраваны як па ідэнтыфікаваным, так і па неідэнтыфікаваным полісе праз праверку страхаваньня па рэгістрацыйным знаку ў цэнтралізаваных базах дадзеных.
- Тэрмін адказу на запыт на пацьвярджэньне страхаваньня складае па-ранейшаму шэсьць тыдняў. Пры гэтым, у адрозьненьне ад сыстэмы «Зялёная карта», у выпадку адсутнасьці адказу любы транспартны сродак прызнаецца застрахаваным незалежна ад таго, па якім полісе накіраваны запыт — ідэнтыфікаваным або неідэнтыфікаваным (раней машына ў такім выпадку прызнавалася застрахаванай, толькі калі запыт накіроўвалі па ідэнтыфікаванай дамове).
- Валютай разьлікаў будзе пераважна нацыянальная валюта краіны ДТЗ (раней разьлікі рабіліся ў эўра).
Расея і Беларусь спадзяюцца распаўсюдзіць «Сінюю карту» на краіны СНД, Турэччыну, Марока і Туніс.