Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульні краінаў СНД на ўзроўні турыстычнага зьлёту альбо раённых спаборніцтваў, — Апейкін


Аляксандар Апейкін
Аляксандар Апейкін

Выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) Аляксандар Апейкін разважае пра спартовы ўзровень Гульняў краінаў СНД у Менску і заяўляе, што зь цяперашняга становішча беларускаму спорту давядзецца выбірацца гадоў дзесяць нават у выпадку пераменаў.

Сьцісла:

  • Гульні краінаў СНД — спартовы сурагат. Іх нават цяжка назваць спаборніцтвамі ў клясычным сэнсе
  • Калі беларускія атлеты паедуць на Алімпіяду, падпісаўшы антываенную дэклярацыю, — гэта будзе вельмі цікавы палітычны факт
  • Спартовая сыстэма дэградуе на ўсіх узроўнях — трэнэрскім, дзіцяча-юнацкім, мэнэджарскім
  • Міністар Кавальчук займаўся ня спортам, а пабудовай ляяльнасьці да Лукашэнкі
  • Зь ямы, у якой апынуўся беларускі спорт, нават у выпадку дэмакратычных зьменаў давядзецца выбірацца гадоў дзесяць

— Як можна ацаніць прапагандысцкі і палітычны эфэкт Гульняў СНД, якія зараз праходзяць у Менску? Ці ўдалося менскаму рэжыму зрабіць з гэтай падзеі прывабнае шоў, ці стала яна прапагандысцкім посьпехам?

— Нават з гледзішча прапагандысцкага эфэкту тут поўны правал. Калі параўнаць з Эўрапейскімі гульнямі, якія прайшлі ў Менску ў 2019 годзе, то тады была вельмі моцная іміджавая падзея. Беларускі народ у значнай ступені на нейкі час паверыў, што мы — адкрытая краіна, было шмат замежных турыстаў, трансьляцыя на 80 краінаў сьвету.

Цяперашнія гульні краінаў СНД — спартовы сурагат. Іх нават цяжка назваць спаборніцтвамі ў клясычным сэнсе. Напрыклад, у гандболе можна пабачыць матч зь лікам 68:1 — так зборная Расеі перамагла зборную Ўзбэкістану. Гэта ня спорт, гэта зьдзек з спартоўцаў. Адпаведна і інтарэс — ніякі, з кожнага гледзішча — унутранай аўдыторыі, вонкавай, СМІ. Так што гэта вельмі няўдалае прадпрыемства нават для прапаганды.

— Многія нашы чытачы, напэўна, і не падазраюць, што ў Гульнях краінаў СНД удзельнічаюць прадстаўнікі краінаў Афрыкі, Азіі, якія да СНД ня маюць ніякага дачыненьня...

— Запрасілі хоць каго, хто мог прыехаць — за кошт арганізатараў. Так што гэта ня спорт, гэта нейкі турыстычны зьлёт, мясцовая спартакіяда. Гледачоў заваблівае на стадыёны інтрыга, барацьба, калі невядома, хто пераможа. А тут няма і гэтага чыньніку, няма і ніякага ўзроўню.

Дый з гледзішча маркетынгу яно зроблена вельмі слаба, на ўсіх заашчадзілі. Нейкія раённыя спаборніцтвы, такі ўзровень.

— А ці зганялі на трыбуны гледачоў, БРСМаўцаў?

— На адкрыцьцё сагналі, а на астатніх спаборніцтвах трыбуны пустыя. Так што гэтую падзею немагчыма выкарыстаць нават дзеля прапаганды, яна не цаляе ні ў якую аўдыторыю. Нават прыхільнікам рэжыму цалкам відавочна, што гэта таннае мерапрыемства, без размаху, без рэальнага спаборніцтва.

— А хто аплочвае гэтыя гульні з удзелам спартоўцаў Манголіі, Лібану ды Вэнэсуэлы?

— Наколькі я ведаю, расейскі бок. Ініцыятар гэтых гульняў — Расея, таму яна і бярэ на сябе асноўныя выдаткі.

— Што зараз адбываецца з доступам беларускіх і расейскіх спартоўцаў да Алімпіяды ў Парыжы налета?

— На гэты момант сытуацыя няпэўная. Ёсьць рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) да ўсіх спартовых фэдэрацыяў, якія вырашаюць гэтае пытаньне самастойна. Некаторыя фэдэрацыі пастанавілі дапусьціць да спаборніцтваў беларускіх і расейскіх спартоўцаў у якасьці «нэўтральных» атлетаў. Яны ня будуць мець ніякай сымболікі, прэзэнтуюць толькі саміх сабе.

У кастрычніку плянуецца фінальнае рашэньне МАК. Мяркую, што будзе вырашана дапусьціць беларускіх і расейскіх атлетаў пры ўмове, па-першае, выступу пад нэўтральным сьцягам, а па-другое — падпісаньня антываеннай дэклярацыі.

— Як вы мяркуеце, ці ўлады Беларусі дазволяць падпісваць такую дэклярацыю сваім спартоўцам?

— Гэта вельмі цікавы момант. У Расеі за такое, за антываенныя дэклярацыі, зараз наступае крымінальная адказнасьць. Таму расейцам давядзецца рабіць выбар: альбо зьяжджаць з краіны і ўдзельнічаць у Алімпіядзе, альбо рабіць нейкі масавы пратэст. Ці пайсьці на байкот Алімпіяды. Зь цяперашніх падзеяў выглядае, што яны пойдуць на байкот Алімпійскіх гульняў. Бо ўмовы, якія прапаноўвае міжнародная спартовая супольнасьць, руйнуюць цяперашнюю базавую ідэалёгію расейскай дзяржавы.

І пачынаецца цікавая гісторыя зь беларускімі атлетамі. Лукашэнка сказаў на адной з нарадаў: «Няхай падпісваюць, што трэба, абы ехалі. Няважна, пад якім сьцягам, галоўнае — каб сьцяг быў у сэрцы». Напрыклад, спартоўцы з Фэдэрацыі цяжкай атлетыкі Беларусі ўжо падпісалі антываенную дэклярацыю.

І ўзьнікае супярэчлівая палітычная сытуацыя. Беларусь з Расеяй нападпісвалі гэтулькі інтэграцыйных дакумэнтаў, маюць так званую «Саюзную дзяржаву». Так што калі Расея пойдзе на байкот, а Беларусь ня пойдзе, і беларускія атлеты паедуць на Алімпіяду, падпісаўшы антываенную дэклярацыю, — гэта будзе вельмі цікавы палітычны момант. Нейкая дзіўная «саюзная дзяржава» атрымліваецца.

— Калі казаць пра чыста спартовыя дасягненьні беларускіх спартоўцаў, то можна канстатаваць падзеньне агульнага мэдальнага выніку беларускіх спартоўцаў на ўсіх апошніх Алімпіядах — 17, 13, 14, 10, 9, на апошняй — 7. Ці гэта сьведчыць пра агульнае пагаршэньне сытуацыі з беларускім спортам?

— Гэта відавочна. Я трымаю кантакт з даволі вялікай колькасьцю спартоўцаў у Беларусі, і большасьць зь іх кажа пра імклівую дэградацыю спорту. Спорт ня можа існаваць ва ўмовах ізаляцыі. Каб разьвівацца, трэба выступаць на міжнародных спаборніцтвах, у кваліфікацыях. Яшчэ год такой ізаляцыі — і сытуацыя пагоршыцца яшчэ больш.

Баюся, што, калі б нацыянальную каманду дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыж, то і пяці мэдалёў можа ня быць.

Але рэч нават не ў мэдалях, рэч у дэградацыі сыстэмы на ўсіх узроўнях — трэнэрскім, дзіцяча-юнацкім, мэнэджарскім. І ў тым крызісе, які назіраецца ў беларускім спорце, палітычны чыньнік выконвае, можа, і ня самую галоўную ролю. Галоўным чынам гэта былі памылкі спартовага кіраўніцтва. Той жа міністар Кавальчук выконваў у асноўным ролю ідэоляга, а не спартовага кіраўніка. Ён займаўся ня спортам, а выбудоўваньнем ляяльнасьці да Лукашэнкі.

У выніку сышліся некалькі нэгатыўных чыньнікаў. І цяпер зь ямы, у якой апынуўся беларускі спорт, нават у выпадку дэмакратычных зьменаў давядзецца выбірацца гадоў дзесяць.

Таксама хацелася б зазначыць вялікую нашу агульную перамогу ў выпадку Крысьціны Ціманоўскай. Мы ўсе дамагліся, што яе спартовы «карантын» пасьля атрыманьня іншага спартовага грамадзянства скарацілі з трох да двух гадоў. Вось гэта — паказьнік. Яна праявіла сваю грамадзянскую пазыцыю, зрабіла свой выбар, і паедзе на чэмпіянат сьвету і Алімпійскія гульні. А маўчуны застаюцца ні з чым. Як слушна сказана: калі выбіраеш каўбасу замест свабоды — то ў выніку страціш і каўбасу, і свабоду.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG