Гэта другі буйны інцыдэнт на складзе за апошні год. 31 ліпеня 2022 году тамсама адбыўся выбух боепрыпасаў. Расьсьледаваньне пакуль ня вызначыла яго прычын.
Па словах Гебрэва, цяперашні пажар успыхнуў у ноч на нядзелю зь незразумелых прычын — бізнэсовец сьцьвярджае, што матэрыялы, якія захоўваліся на складзе, не маглі загарэцца самі па сабе. Пры гэтым ён наўпрост не заявіў пра падпал.
Наконт выбухаў 31 ліпеня 2022 году Гебрэў публічна заяўляў, што ён «на 100% упэўнены» ў датычнасьці да іх расейскіх спэцслужбаў. Пазьней ён прызнаў у гутарцы з Радыё Свабода, што наўпроставых доказаў гэтаму няма. Дагэтуль невядома, ці прызначаліся боепрыпасы з гэтага складу для Ўкраіны.
Былы міністар унутраных спраў Баўгарыі Бойка Рашкаў казаў, што выбухі наўрад ці сталіся выпадковасьцю. Палітык меў на ўвазе сьцьвярджэньне Гебрэва пра тое, што ён быў атручаны «Навічком» вясной 2015 году. Бізнэсовец казаў, што да замаху былі датычныя тыя ж супрацоўнікі расейскага ГРУ (Аляксандр Мішкін і Аляксей Чапіга — «Пятроў» і «Башыраў»), што і да атручэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Лёндане ў 2018 годзе і да выбуху складу ў Чэхіі ў 2014 годзе.