«Дэмакратыя азначае вырашэньне пытаньняў большасьцю, а дзейнічаць, каб дагадзіць меркаваньням меншасьці, называецца дыктатурай», — цытуе Гаяшвілі грузінская тэлекампанія «Імэды».
Пра намер не карыстацца паслугамі авіякампаніі Georgian Airways да таго часу, пакуль яна будзе лятаць у Расею, Саламэ Зурабішвілі сказала ў суботу, калі кампанія выканала першы рэйс у Маскву. Заява прагучала на фоне буйных пратэстаў апазыцыі, якія працягваюцца ў краіне ў сувязі з аднаўленьнем авіязносін з Расеяй.
Увечары ў суботу ў цэнтры Тбілісі пачалася новая акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікі вылучылі патрабаваньне адмяніць авіязносіны, а таксама вызваліць усіх затрыманых падчас акцыі каля гатэля ў Кахетыі, дзе, паводле шэрагу зьвестак, спыніліся тыя, хто прыехаў у Грузію, адзначыць вясельле сваяка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Улады Грузіі гэтыя патрабаваньні апазыцыі ня выканалі, пасьля чаго мітынгоўцы аб’явілі пратэст бестэрміновым.
Дзясяткі апазыцыянэраў застаюцца ў СІЗА. Ім пагражае альбо буйны штраф, альбо адміністрацыйны арышт, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.