Капуста захоўвалася ў аграгарадку Ўрыцкае Гомельскага раёну на тэрыторыі прадпрыемства ААТ «Камбінат Усход». Белакачанная капуста ўваходзіла ў «стабілізацыйны фонд» Гомельшчыны, расказалі ў рэпартажы тэлерадыёкампаніі «Гомель».
Як гаворыцца ў тэлесюжэце, работнікі прадпрыемства не аднойчы казалі кіраўніку, што капуста гніе, але ў адказ чулі толькі: «Усё вырашым». Халадзільнае абсталяваньне не маглі адрамантаваць пяць месяцаў. У выніку 225 тон капусты канчаткова сапсаваліся.
Афіцыйная прычына — парушэньне тэмпэратурнага рэжыму ў сховішчы, несвоечасовая падрыхтоўка прадукцыі і памяшканьняў да захоўваньня.
Прадстаўнік ДФР па Гомельскай вобласьці Андрэй Сеньнікаў адзначыў, што сапсаваліся каля 72% ад мінімальнай закладкі стабілізацыйнага фонду. Матэрыяльная шкода складае звыш 83 тысяч рублёў.
Супраць кіраўніка камбінату пачалі крымінальную справу па артыкуле 425 КК аб бязьдзейнасьці службовай асобы. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Толькі цяпер халадзільнае абсталяваньне на прадпрыемстве адрамантавалі. Ацалелыя качаны намагаюцца прадаць.