Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надзвычайная падзея». У ВПС Украіны патлумачылі, што стала прычынай выбуху ў небе над Кіевам, які бачылі і ў Беларусі

Успышка над Кіевам у ноч на 20 красавіка
Успышка над Кіевам у ноч на 20 красавіка

Вайскова-паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны настойваюць, што прычынай выбуху ў небе над Кіевам увечары 19 красавіка стала трапляньне ў атмасфэру касьмічнага цела.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар камандаваньня ВПС Узброеных сіл Украіны Юры Ігнат у эфіры Радыё Свабода.

«Яны спэцыялісты ў гэтай галіне, і яны ўжо кажуць, што гэта сапраўды можа быць касьмічнае цела, якое ўвайшло ў шчыльныя слаі атмасфэры. Відавочна, што гэта так», — сказаў Юры Ігнат.

Ён таксама нагадаў, што камандаваньне ВПС практычна адразу абвергла інфармацыю аб тым, што прычынай успышкі над сталіцай стала работа войскаў СПА.

«Работы супрацьпаветранай абароны не праводзіліся. Кіеўшчына і ў цэлым з поўначы ў гэтыя гадзіны не атакаваліся. Мы адразу абверглі, што ніякіх работ супрацьпаветранай абароны не было. Падзея неардынарная, тым больш што мы знаходзімся ў стане вайны», — сказаў прэс-сакратар ВПС Узброеных сіл Украіны.

Таксама Ігнат патлумачыў, чаму ў гэты час у сталіцы была аб’яўленая паветраная трывога.

«Трэба было для пачатку разабрацца, што гэта такое, ці сапраўды існуе пагроза прымяненьня балістыкі. Раздаўся выбух. Што здарылася, тое здарылася. Зразумела, што на ўсялякі выпадак трэба было аб’яўляць трывогу, таму што адбываецца, мякка кажучы, дзіўнае», — патлумачыў Юрый Ігнат.

Раней Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя заявіла, што ўспышка ў небе над горадам, якую назіралі жыхары ўвечары 19 красавіка, і якую бачылі зь Беларусі, стала вынікам падзеньня на Зямлю касьмічнага спадарожніка NASA.

Аднак пазьней амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA абвергла гэтыя зьветскі, заявіўшы, што ў момант назіраньня ўспышкі спадарожнік усё яшчэ знаходзіўся на арбіце.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG