Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала трох аматараў Drag Racing пад Берасьцем, сем аўтамабіляў і матацыкл забралі на штрафстаянку

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пад Берасьцем спынілі «спробу правядзеньня масавай акцыі з удзелам вулічных гоншчыкаў», паведаміла прэс-служба Дзяржаўтаінспэкцыі.

8 красавіка ў Берасьцейскім раёне паблізу вёскі Шчабрын сабраліся прыхільнікі вулічных гонак, якія, паводле вэрсіі ДАІ, «груба парушалі ПДР, тым самым стваралі пагрозу для жыцьця і здароўя іншых удзельнікаў дарожнага руху».

«Супрацоўнікі міліцыі неадкладна адрэагавалі на спробу правядзеньня незаконнага масавага мерапрыемства. Падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі ўсталяваныя і затрыманыя арганізатары гонак», — адзначылі ў ДАІ.

Трох чалавек затрымалі за «парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

«За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на штрафстаянку зьмешчана 8 транспартных сродкаў, адзін зь іх матацыкл, акрамя гэтага, за парушэньні ПДР 11 кіроўцаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці», — паведамілі ў ДАІ.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG