Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны праект Front Line Defenders: праваабаронцы Беларусі сутыкнуліся з найбольшай крыміналізацыяй у сьвеце


Акцыя салідарнасьці зь беларускімі праваабаронцамі ў Вільні, 2022 год. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці зь беларускімі праваабаронцамі ў Вільні, 2022 год. Архіўнае фота

Беларусь трапіла ў пералік эўрапейскіх і азіяцкіх краін, дзе праваабаронцы сутыкнуліся зь беспрэцэдэнтнымі праблемамі, гвалтам і шырокай крыміналізацыяй.

У справаздачы міжнароднага праекту Front Line Defenders Беларусь згадваецца адразу пасьля вайны ва Ўкраіне і перасьледу праваабаронцаў у Расеі.

«Вайна Расеі супраць Украіны значна зьмяніла палітычную і сацыяльна-прасторавую дынаміку, але і падштурхнула праваабаронцаў перагледзець тое, як постсавецкі каляніялізм Расеі паўплываў на жыцьцё і бясьпеку абаронцаў ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі», — адзначаецца ў справаздачы.

У дакумэнце напісана, што ўрад Беларусі крыміналізаваў дзейнасьць праваабаронцаў, у першую чаргу праз злоўжываньні судовай сыстэмай для правядзеньня арыштаў, затрыманьняў і фабрыкаваньня абвінавачаньняў супраць іх.

«Праваабаронца Наста Лойка сутыкнулася зь бесьперапыннай помстай за сваю працу ў рэагаваньні на рэпрэсіўныя „антыэкстрэмісцкія“ законы і абароне правоў мігрантаў і асоб без грамадзянства. Зь верасьня па сьнежань (2022) яна шэсьць разоў адбывала 15-дзённы адміністрацыйны арышт па абвінавачаньні ў „дробным хуліганстве“, а 24 сьнежня яе перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу», — адзначаецца ў справаздачы.

У дакумэнце таксама пералічваюцца прысуды, вынесеныя ў Беларусі праваабаронцам Марыі Рабковай і тром лідэрам «Вясны» — Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Ўладзімеру Лабковічу.

«Суды над імі былі азмрочаныя шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага суду», — падкрэсьлілі ў справаздачы.

У колькасьці забітых і загінулых праваабаронцаў і журналістаў Украіна выйшла на другое месца пасьля Калюмбіі, дзе забілі 186 праваабаронцаў і журналістаў.

У выніку вайны ва Ўкраіне загінула ня менш за 50 праваабаронцаў, журналістаў і гуманітарных валянтэраў.

У справаздачы паведамляецца, што Расея з самага пачатку вайны скіравала ўвагу на ўкраінскіх праваабаронцаў таму, што яны дакумэнтавалі, зьбіралі сьведчаньні і доказы злачынстваў расейскіх вайскоўцаў на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Украінская праваабарончая арганізацыя Zmina таксама падлічыла, што Расея выкрала або незаконна ўтрымлівала ня менш за 386 праваабаронцаў, журналістаў і валянтэраў. Большасьць зь іх заявілі аб катаваньнях у расейскім палоне.

У 2022 годзе, паводле праекту Front Line Defenders, забілі 401 праваабаронца і журналіста ў 26 краінах сьвету. Амаль палова зь іх займаліся абаронай навакольля і правоў карэннага насельніцтва. 17% зь іх былі жанчынамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG