Ультраправая партыя EKRE заняла другое месца з 16,1% галасоў (супраць 31,5% у лібэральнай «Партыі рэформаў» Калас). Далей ідуць Цэнтрысцкая партыя (15,3%), лібэральная Eesti 200 (13,3%), Сацыял-дэмакратычная партыя (9,3%) і нацыянал-кансэрватыўная Isamaa (8,2%). Астатнія партыі не змаглі пераадолець 5-працэнтны парог.
Перамога «Партыі рэформаў» прэмʼеркі Калас азначае, што Талін застанецца адным з самых верных прыхільнікаў падтрымкі Ўкраіны ў Эўропе.
«Партыя рэформаў» перамагла на выбарах у 2019 годзе, але не атрымала ўлады, бо тры больш дробныя партыі сфармавалі ўрад. Ён абрынуўся ў 2021 годзе, што дазволіла Калас сфарміраваць кааліцыйны ўрад і атрымаць уладу ў дзяржаве.
Калас заявіла, што па выніках выбараў яе партыя атрымае магчымасьць сфарміраваць кааліцыйны ўрад, які падтрымае заклікі да ціску на Расею.
«Мы... павінны інвэставаць у нашу бясьпеку, наш агрэсіўны сусед не зьнік і не зьнікне, нам трэба з гэтым працаваць», — сказала яна журналістам.
На працягу ўсёй выбарчай кампаніі супернікі Калас з правай партыі EKRE, абяцалі ў выпадку перамогі на выбарах зьменшыць рахункі за электраэнэргію, выступіўшы супраць пераходу на «зялёную» энэргетыку, і спыніць прыём новых уцекачоў з Украіны.
Партыя EKRE таксама крытыкавала ўрад Калас за маштабы паставак зброі ва Ўкраіну, сьцьвярджаючы, што яна ня ўлічвала ўласныя абаронныя патрэбы краіны.
Яўка склала 63,7%, пры гэтым 51% выбарнікаў прагаласавалі праз інтэрнэт, уключаючы Калас.