Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо загадаў зьбіць неапазнаны лятучы аб’ект, які парушыў паветраную прастору краіны.
Пра гэта Трудо напісаў у твітэры.
ВПС зьбілі аб’ект над правінцыяй Юкон.
Раней два падобныя інцыдэнты здарыліся ў суседніх Злучаных Штатах, у тым ліку адзін зусім блізка да тэрыторыі Канады — на Алясцы. Гэта адбылося 10 лютага, загад пра зьнішчэньне аддаваў прэзыдэнт Джо Байдэн.
Першы аб’ект зьбілі над атлянтычным узьбярэжжам 4 лютага. Гэта быў падазроны аэрастат з Кітая, які некалькі дзён знаходзіўся ў паветранай прасторы краіны. У ЗША мяркуюць, што кітайскі аб’ект мог перахопліваць сыгналы сувязі вайскоўцаў. Кітай сьцьвярджаў пра навуковы апарат, які «зьбіўся з курсу».
Па цэлях працавалі амэрыканскія зьнішчальнікі F-22. Трудо і Байдэн ужо правялі размову адносна аб’ектаў. Канадзкія ўлады абяцаюць прааналізаваць абломкі і вызначыць, якія мэты ён меў над Канадай і хто за гэтым стаіць.