Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводкі на Філіпінах. Дзясяткі тысяч эвакуавалі, ёсьць загінулыя

Ратавальная апэрацыя на Філіпінах
Ратавальная апэрацыя на Філіпінах

Моцныя сэзонныя дажджы і штормы становяцца ўсё больш разбуральнымі для астраўной дзяржавы.

Паводкі на Каляды на Філіпінах прымусілі ўлады эвакуаваць амаль 46 000 чалавек зь іх дамоў, загінулі па меншай меры восем, паведамілі ў панядзелак прадстаўнікі грамадзянскай абароны краіны. Яшчэ два чалавекі загінулі і яшчэ дзевяць зьніклі бязь вестак у выніку моцных сэзонных дажджоў, якія затапілі паўднёвы рэгіён Мінданао, дадалі чыноўнікі.

Катастрофа сапсавала ўрачыстасьці ў самае галоўнае сьвята для нацыі, якая пераважна вызнае каталіцтва.

«У некаторых раёнах вада паднялася вышэй за грудзі, але сёньня дажджы спыніліся», — паведаміў агенцтву AFP супрацоўнік грамадзянскай абароны Робінсан Лякрэ з гораду Гінгуог, на які прыйшліся 33 000 з 45 700 чалавек, эвакуаваных са сваіх дамоў.

Берагавая ахова паведаміла, што на піку паводкі выратавала больш як два дзясяткі сем’яў у гарадах Азаміз і Клярын.

Цэнтральныя і паўднёвыя Філіпіны пацярпелі ад дрэннага надвор’я, калі 110-мільённая краіна пачала доўгія калядныя вакацыі. У гэты пэрыяд мільёны людзей едуць у родныя мясьціны на сустрэчы са сваімі сем’ямі.

Філіпіны — адна з самых уразьлівых краін сьвету, калі казаць пра наступствы зьмены клімату. Навукоўцы папярэджваюць: тутэйшыя штормы становяцца ўсё больш магутнымі па меры таго, як на плянэце адбываецца глябальнае пацяпленьне. Летась на краіну абрынуўся магутны тайфун.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG