Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы падзеленыя, а палітызаваныя жывуць у сваіх «бурбалках», — новае апытаньне Chatham House


Як беларусы ставяцца да мабілізацыі ў Расеі і да тых, хто ўхіляецца ад яе? Што яны думаюць пра пэрспэктыву мабілізацыі ў Беларусі? Як за час вайны зьмянілася стаўленьне беларусаў да Расеі?

Пра вынікі апошняга апытаньня YouTube-каналу Свабода Premium расказаў кіраўнік беларускага праекту брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня.

Сьцісла

  • Стаўленьне беларусаў да расейскай мабілізацыі сьведчыць пра выразны падзел паводле поглядаў у беларускім грамадзтве.
  • Беларусы ў масе ведаюць толькі пра самыя значныя падзеі. Тое, пра што СМІ не гавораць дзень і ноч, ведаюць толькі нямногія.
  • Калі беларусы адыходзяць ад сваіх палітычных перавагаў, яны ўспрымаюць вайну як гуманітарную катастрофу.
  • Нельга сказаць, што стаўленьне да Расеі ў беларусаў заўважна пагаршаецца.
  • Адзін з чыньнікаў гэтай стабільнасьці стаўленьня да РФ — роля, вага расейскіх СМІ ў мэдыяспажываньні беларусаў.
  • Палітызаваныя беларусы жывуць у сваіх інфармацыйных «бурбалках», іх інфармацыйныя «сьветы» практычна не перасякаюцца.

— Як вы тлумачыце стаўленьне беларусаў да расейскай мабілізацыі і да тых, хто імкнецца яе пазьбегнуць?

— Мы можам выразна казаць, што беларускае грамадзтва падзеленае. Значная частка беларусаў падтрымлівае тое, што робіць Расея ў вайне, у прыватнасьці, падтрымлівае расейскую мабілізацыю. Зь іншага боку, ёсьць таксама вялікая частка беларускага грамадзтва, якая падтрымлівае тых расейцаў, якія рознымі спосабамі ўхіляюцца ад мабілізацыі.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

І ў адказах на гэтае пытаньне мы бачым дзьве краіны, дзьве Беларусі. Гэты падзел бачны і ў мэдыяспажываньні, і ў стаўленьні да існага ў Беларусі рэжыму. Гэты падзел ня ўчора паўстаў і ня заўтра зьнікне.

— У вашых папярэдніх дасьледаваньнях на пытаньне пра ацэнку дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне пазыцыю РФ падтрымлівалі каля 30%. А цяпер мабілізацыю ў Расеі ўхвалілі больш за 40%. Чаму адбылася такая зьмена? Ці прычына ўсё ж у розных пытаньнях?

— Насамрэч гэтыя зьмены не такія і істотныя, асабліва з улікам асаблівасьцяў правядзеньня апытаньняў у сучасных беларускіх умовах. Але можна дакладна сказаць, што падтрымка Расеі ў вайне ня зьнізілася. Але яна заўважна ніжэйшая, чым 50%.

— Вы ў апошнім апытаньні таксама задавалі рэспандэнтам пытаньні пра мабілізацыю ў Беларусі. Вы прапаноўвалі набор тэзаў, прычым папярэджвалі, што некаторыя зь іх фэйкі. Якія адказы давалі рэспандэнты — што беларусы ведаюць і ў якія міты яны вераць?

— Беларусы пэўна ведаюць пра мабілізацыю ў Расеі. Людзі ведаюць, што адбываецца плянавы прызыў у беларускае войска. Пра астатняе людзі ведаюць менш. Скажам, 63% ведаюць, што створаная сумесная рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі. Адносна няшмат людзей ведаюць, што ў Беларусі праходзяць вышкал расейскія вайскоўцы, якіх потым пасылаюць ваяваць ва Ўкраіну.

Людзі ведаюць самае важнае. Некаторыя рэчы для іх застаюцца невядомымі. Нямногія ведаюць пра «схаваную мабілізацыю» (хоць пытаньне, ці адбываецца яна).

Калега Філіп Біканаў праводзіў дасьледаваньне, у якім задаваў беларусам пытаньне, чыёй вэрсіі падзей у Бучы яны давяраюць — украінскай ці расейскай. І высьветліў, што, па-першае, беларусы мала пра гэта ведаюць, а па-другое, яны нікому не давяраюць.

Пра тое, пра што мэдыя не гавораць дзень і ноч, значная частка беларусаў можа проста ня ведаць.

— Дадзеныя пра стаўленьне да мабілізацыі ў Расеі — ці можна гэтыя вынікі неяк экстрапаляваць на рэакцыю на мабілізацыю ў Беларусі, калі яна адбудзецца?

— Мы павінны ўсьведамляць, што ўступленьню беларускай арміі ў вайну будзе, хутчэй за ўсё, папярэднічаць нейкая правакацыя. І гэтае ўступленьне ў вайну будзе пададзенае як адказ на агрэсію. І мы павінны цьвяроза разумець, што значная частка беларусаў будзе падтрымліваць такое рашэньне.

— Вы ў сваім апытаньні задавалі пытаньне — якую б тэлеграму вы напісалі зараз грамадзянам Расеі і грамадзянам Украіны? Раней гэты прыём, гэтае пытаньне выкарыстоўвалі ў паралельных дасьледаваньнях расейскія і ўкраінскія сацыёлягі.

Вось вы казалі пра падзел беларусаў паводле стаўленьня да бакоў гэтай вайны. Але цікава, што ў гэтым «тэлеграмным» пытаньні амаль не было жорсткіх, асуджальных адказаў — вельмі нямногія папракалі расейцаў за вайну, вельмі нямногія ганьбілі ўкраінцаў. Пераважная эмоцыя — пажаданьне міру і спачуваньне. Чаму?

— Думаю, што гэта шмат у чым зьвязана з нашым нацыянальным характарам. Мы не ваяўнічая нацыя. Большая частка гэтых пасланьняў — гэта сапраўды пажаданьні міру, заклік «трымацца», спачуваньне. Заклікаў выступіць супраць сваёй улады, адумацца было вельмі няшмат.

Калі беларусы адыходзяць ад палітычных ацэнак, яны ўспрымаюць вайну як гуманітарную катастрофу.

А падтрымка вайны часткай іх — гэта насамрэч падтрымка ўлады. Сказаў бы заўтра Пуцін, што трэба канчаць ваяваць, дык ладная частка беларусаў, якія зараз падтрымліваюць палітыку Расеі ў вайне, пагадзілася б з гэтай новай пазыцыяй Пуціна. Мяркую, што і ладная частка расейцаў, якія зараз падтрымліваюць вайну, палічыла б гэтак жа.

— Вы шмат разоў задавалі пытаньне пра геапалітычны выбар — паміж саюзам з РФ і далучэньнем да ЭЗ. Як вы казалі, шмат беларусаў асуджаюць Расею за яе агрэсію супраць Украіны. Але так выглядае, што на геапалітычны выбар гэта не паўплывала наагул ніяк — лічбы з сакавіка гэтага году стаяць як укапаныя. Чаму? Што гэта азначае і што з гэтага вынікае?

Камэнтуючы ранейшыя апытаньні, вы казалі, што падтрымка Расеі зьмяншаецца, «плавіцца». На гэтым графіку неяк не відаць, каб яна «плавілася».

— Раней сапраўды была такая тэндэнцыя, гэта тычылася ацэнкі ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Цяпер гэтага «плаўленьня» няма, мы бачым дастаткова стабільныя ацэнкі. І прагназуючы, можна прадбачыць, што яны і ў будучыні ня зьменяцца. Адна з прычынаў гэтага — беларускія патэрны мэдыяспажываньня. Расея адыгрывае велізарную ролю ў інфармацыйнай прасторы. І калі сытуацыя ў мэдыяпрасторы ня зьменіцца, і падтрымка Расеі будзе захоўвацца прыблізна на цяперашнім узроўні.

Перш чым абмяркоўваць геапалітычны разварот Беларусі да ЭЗ, мы павінны вырашыць дзясяткі, калі ня сотні, іншых пытаньняў. Як можна адвярнуць беларусаў ад расейскай тэлевізіі — толькі адно зь іх.

Што адбылося — дык гэта зьмяншэньне групы, якая давала «шызафрэнічныя» адказы, аддаючы перавагу адначасна і саюзу з РФ, і далучэньню Беларусі да ЭЗ. Частка тых, хто гэта выбіраў, усьвядомілі, што гэта немагчыма.

— Вы ўжо закранулі тэму мэдыяспажываньня. Паводле вынікаў апытаньня, ладная колькасьць беларусаў глядзіць і беларускую, і расейскую тэлевізію. Вы ў ранейшых дасьледаваньнях казалі пра «інфармацыйныя бурбалкі», пра тое, што спажыўцы дзяржаўных і недзяржаўных, незалежных мэдыя існуюць як бы ў сьветах, якія не перасякаюцца. Але на графіку бачна, што чвэрць апытаных спажываюць крыніцы абодвух гатункаў. Дык ёсьць «бурбалкі» ці не?

— Але ж такіх толькі чвэрць. Яшчэ столькі спажываюць інфармацыю пераважна зь незалежных СМІ, і траціна — зь дзяржаўных, беларускіх і расейскіх. Так што падзел навідавоку. Аднак цікава, як збудаванае спажываньне тых, хто карыстаецца крыніцамі абодвух гатункаў. Чалавек прыходзіць дадому, уключае тэлевізар, сядае на канапу, уключае тэлефон і гартае ў ім стужку тэлеграм-каналаў. І яны ня надта давяраюць ні адным, ні іншым крыніцам.

Гэтая група менш палітызаваная. Той, хто правёў шмат часу на пратэстах 2020 году, Салаўёва глядзець ня будзе. Таму больш палітызаваныя людзі жывуць усё ж у сваіх «бурбалках», у сваіх інфармацыйных «сьветах».

Пры гэтым варта ўлічыць, што аўдыторыі незалежных СМІ проста трапіць у іншы сьвет, для гэтага ім дастаткова проста ўключыць тэлевізар. У той жа час спажывальнікам дзяржаўных СМІ трэба рабіць пэўныя высілкі, каб трапіць у сьвет незалежных, трэба ставіць сабе VPN, трэба шукаць інфармацыю, і гэты пошук суправаджаецца нават пэўнай рызыкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG