Лінкі ўнівэрсальнага доступу

„Я быў ва ўтрапеньні“. Як Алеся Бяляцкага ў вязьніцы ратавала беларускае слова


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Алесю Бяляцкаму — праваабаронцу, грамадзкаму лідэру, навукоўцу, абаронцу беларускай мовы — 60 гадоў. Пяцідзесяцігадовы юбілей ён таксама сустракаў у лукашэнкаўскай вязьніцы. Там няспынна перасьледавалі знакамітага вязьня, але аднойчы яго ўратавала ад ШЫЗА беларускае слова.

Сьцісла:

  • Алесь Бяляцкі — праваабаронца, пісьменьнік. І навуковец, які паказаў, што беларуская мова была каштоўнасным падмуркам беларускага нацыянальнага руху з пачатку ХХ стагодзьдзя, а потым — той асновай, на якой вырасталі новыя хвалі беларускага адраджэньня нават пасьля самых жорсткіх рэпрэсіяў.
  • Сёньня Алесь адзначае 60-годзьдзе ў лукашэнкаўскай вязьніцы.
  • Дзесяць гадоў таму ён таксама быў палітычным вязьнем. У бабруйскай калёніі яго былі абвінавацілі ў тым, што задрамаў удзень.
  • Творца патлумачыў, што знаходзіўся ва ўтрапеньні, у спэцыфічным характэрным часам для беларусаў стане, блізкім да мэдытацыі“.
  • Гэтая слоўная загадка ўразіла назорцаў, Бяляцкага пакаралі толькі часткова.
  • Старадаўняе беларускае слова „ўтрапеньне“ азначае і неўтаймаванае праяўленьне пачуцьцяў, і выкліканую моцным пачуцьцём засяроджанасьць.

Алесь Бяляцкі ня толькі ўсясьветна вядомы беларускі праваабаронца. Ён пісьменьнік, літаратуразнаўца і гісторык літаратуры, колішні дырэктар менскага музэю Максіма Багдановіча (адзіны ў Беларусі, каго на такую пасаду выбралі супрацоўнікі).

Беларускае слова для яго і безумоўная каштоўнасьць, і патоля, і зброя. Яшчэ ў камуністычныя часы ён стаў адным зь лідэраў беларускіх нацыянальных згуртаваньняў, а ў каштоўнасным падмурку нацыянальнага руху бачыць беларускую мову.

Першую сваю манаграфію „Літаратура і нацыя“ (1991; пра пачатак новай беларускай літаратуры ў яе повязях з нацыянальна-адраджэнцкім і незалежніцкім рухам) Алесь падсумаваў павучальнаю высноваю:

Чысьціня задумаў беларускіх паэтаў-адраджэнцаў, іхная прынцыповая пазыцыя ў адносінах да роднае мовы, уласна іхная творчасьць на беларускай мове дапамаглі маладому беларускаму адраджэньню адразу й назаўсёды зьнітаваць сваё разьвіцьцё з разьвіцьцём і ўмацаваньнем становішча роднае мовы.

Гэта быў дальнабачны крок, вынікаў якога, мабыць, на той час ня мог прадбачыць ніхто. Пасьля фізычнага гвалтоўнага зьнішчэньня хваляў беларускага адраджэньня гэпэушнікамі ды санацыяй, а затым фашыстоўцамі ды эмгэбэшнікамі менавіта на падвалінах беларускае мовы адбывалася кожнае чарговае адраджэньне нацыянальна сьведамых беларусаў, якія зноў былі гатовыя йсьці на сьмерць... Новаму пакаленьню сьведамых беларусаў ня варта забывацца на каштоўны досьвед сваіх папярэднікаў.
(Вылучэньне маё. — В.В.)

Беларускае слова? Без інструкцыі разгубіліся

Алесь ужо быў палітычным вязьнем — у 2011–2014 гадах. Пакараны чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, не прызнаў „віны“, у Бабруйскай калёніі № 2 хадзіў у „злосных парушальніках рэжыму“.

20 верасьня 2012 году Бяляцкаму вынесьлі былі чарговае — праз тыдзень пасьля папярэдняга — спагнаньне. Напярэдадні ён, бывалы палітычны вязень, да працы (шыцьця рукавіцаў) на хвіліну задрамаў, як палічыў прыганяты.

Але, на дзіва, у штрафны ізалятар не пасадзілі, абмежаваліся „нечарговым дзяжурствам“. А прычынай нечуванага лібэралізму было... беларускае слова!

Было так. Склалі акт за парушэньне. Да яго вязень мусіць далучыць тлумачальную паперу.

Бяляцкі і патлумачыў, што ня спаў, а знаходзіўся ва ўтрапеньні. І што гэта такі спэцыфічны стан, характэрны часам для беларусаў,

„...блізкі да мэдытацыі... Ён дазваляе адцягнуць увагу ад цяжкіх роздумаў. У адрозьненьне ад сну, зь яго можна даволі хутка выйсьці і няма пасьлясонных рэфлексаў (пазяханьня, пацягваньня),

— цытаваў тую сваю паперу Алесь у лісьце да Валянціна Стэфановіча. У тлумачальнай дадаў і пра недасыпаньне, і пра ўзрост.

Акт разглядаў начальнік калёніі.

„Выклікаў мяне, сядзелі некалькі афіцэраў, ён уголас зачытаў, яны сядзелі з каменнымі тварамі... Паспрабаваў «адчытаць» за беларускую мову. Я адказаў, што гэта не мая праблема, па-іншаму не магу. Атрымаў «парушэньне», мабыць, перадачы пазбавілі, — так расказваў Алесь.

Утрапеньне — беларускі амок ці беларускі дзэн?

Што ж азначае загадкавае ўтрапеньне„стан, характэрны часам для беларусаў“, як патлумачыў вязень назорцам? Мо яны нават ліхаманкава капаліся ў слоўніках — да чаго тое беларускае ўтрапеньне бліжэйшае і да чаго можа прывесьці? ці то яно як малайскі шалёны амок (мо памятаеце аповесьць Янкі Маўра?), ці, наадварот, як японскі засяроджаны дзэн? У кожным разе Алесева тлумачэньне падзейнічала, вязьня не пакаралі папоўніцы.

А слова сапраўды таямнічае.

У афіцыйным тлумачальным слоўніку азначае толькі ‘неўтаймаванае праяўленне якіх-н. пачуццяў; безразважнасць, шаленства.

Як выводзіць з утрапеньня. Рэцэпт Арлова

Але прыклады з клясыкаў падказваюць, што слова мае шырэйшае значэньне:

...Ён быў у нейкім маўклівым утрапеньні. (Кузьма Чорны. Млечны Шлях)

...Допыт вёўся, напэўна, з мэтай зрабіць уражаньне і давесьці чалавека да стану бяздумнага ўтрапеньня. (Кузьма Чорны. Вялікі дзень)

Спаць… Трэба спаць… Сон разьвее гэтую праклятую мару, а заўтра ён адно будзе сьмяяцца з дурнога свайго ўтрапеньня. (Міхась Зарэцкі. Вязьмо)

У сучасных аўтараў значэньне слова яшчэ бліжэйшае да апісанага Алесем Бяляцкім стану — засяроджаньня на сабе:

Ён [Мікола Гусоўскі] апусьціўся на калені і пачаў маліцца. (...) З утрапеньня Гусоўскага вывелі нечыя крокі. На сьцежцы ... стаяла маладая жанчына ў жоўтай сукні. (Уладзімер Арлоў. Час чумы)

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца. Мал. Ляілі і Валянціна Варэцаў
Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца. Мал. Ляілі і Валянціна Варэцаў

Утаропіцца ў сябе

Слова ўтрапеньне і аднакаранёвыя — утрапёны, утрапёнасьць — былі ўжо ў старабеларускай. Тады ўтрапеньне азначала пакуту, смутак. А яшчэаскетызм:

...Ён духоўна лячыці мае пыху праз пакорныя ўчынкі, аспаласьць — недаспаньнем, абжарства, п’янства — пастамі, лакомства — міластыняю, нячыстасьць — утрапеньнем цела і проч. (Навука а сядмі тайнах царкоўных. Вільня, 1620).

Утрапеньне мае супольны праславянскі корань з словам цярпець. Часам утрапеньне лічаць палянізмам, хоць гукавыя рысы ў яго хутчэй паўднёваславянскія ці чэскія. Дый па-польску utrapienie проста ‘цяжкая, прыкрая сытуацыя’.

У ХХ стагодзьдзі ўкладальнікі нашых слоўнікаў — браты Гарэцкія, М. Байкоў з С. Некрашэвічам — лічылі адпаведнікам да беларускага ўтрапеньня рас. оторопь. Яно сугучнае, а мо і аднакаранёвае, зь беларускім дзеясловам утаропіцца ‘пільна, нязводзячы вачэй, угледзецца; стаць пільным, накіраваным’.

Вось жа ўтрапеньне, акрамя іншага, — моцная канцэнтрацыя, засяроджаньне на сваіх пачуцьцях.

Лукаш Калюга. З кнігі „Лукаш Калюга. Творы“. 1992
Лукаш Калюга. З кнігі „Лукаш Калюга. Творы“. 1992

Калюга не дапісаў. Бяляцкі дапіша!

Да гэтага слова папярэднікі Алеся Бяляцкага — увязьненыя ў 1930-х беларускія пісьменьнікі — ужо зьвярталіся (Алесь як гісторык літаратуры гэта, пэўна, ведае).

Лукаша Калюгу, празаіка з „густой“ манерай пісьма і ўнікальным слоўнікам, як і мноства іншых беларускіх творцаў, арыштаваў НКВД, з 1933 году ён у ссылцы ў далёкім Ірбіце. Там пісаў аповесьць „Утрапеньне“ — але не закончыў, слова-пароль не дапамагло, у 1937-м Калюгу расстралялі...

Аднак цяпер беларусы сталі іншымі, дый гісторыя дае нам шанец. Алесь пераможа. І дапіша сюжэт.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG