Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз пацяпленьне амёба, якая зьядае мазгі, прасоўваецца на поўнач


Амёба Нэглерыя Фоўлера
Амёба Нэглерыя Фоўлера

Праз глябальнае пацяпленьне амёба Нэглерыя Фоўлера, што выклікае мэнінгаэнцэфаліт, які паражае мозг і нэрвовую сыстэму, выявілася на поўначы ЗША.

Акрамя ЗША і Мэксыкі, пра заражэньне амёбным мэнінгаэнцэфалітам паведамлялі краіны Эўропы, Блізкага Ўсходу і Азіі.

Амёба жыве ў прэснай вадзе пры тэмпэратуры 30–46°С. У сувязі з пацяпленьнем умовы для пражываньня амёбы ў паўночных вадаёмах становяцца ўсё больш прыдатнымі. Да таго ж у сьпёку людзі часьцей акунаюцца ў рэкі, азёры і басэйны, што таксама павышае рызыку заражэньня. Акрамя таго, глябальнае пацяпленьне прыводзіць да ўзмацненьня паводак і засух, якія могуць спрыяць распаўсюджваньню патагенаў на шырокія тэрыторыі.

Амёба трапляе ў арганізм чалавека праз нос, адкуль па нюхальным нэрве пранікае ў мозг і псуе ўсе яго аддзелы. Выпадкі заражэньня адносна рэдкія: за апошнія дзесяць гадоў у ЗША зарэгістравалі 31 выпадак амёбнага мэнінгаэнцэфаліту — аднак сьмяротнасьць ад яго перавышае 97%.

Летам 2022 году ад амёбнага мэнінгаэнцэфаліту памерлі 10-гадовы хлопчык у амэрыканскім штаце Нэбраска, жыхар штату Місуры і 36-гадовы мужчына ў Ізраілі. Яшчэ адзін вядомы хворы — 13-гадовы падлетак з Флорыды — цяпер у рэабілітацыйным цэнтры, ён без прытомнасьці, яго цела паралізаванае.

Выявіць амёбу ў вадаёме складана, бо экспрэс-тэсту на яе прысутнасьць у вадзе не існуе. Таксама незразумела, чаму адны людзі хварэюць, а іншыя — не, бо ў цёплых прэсных вадаёмах штогод купаюцца мільёны людзей. Каб пазьбегнуць заражэньня, трэба сачыць, каб вада не трапляла ў нос, раяць экспэрты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG