Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа даць беларускаму грамадзтву стварэньне кантактнай групы ў Радзе Эўропы? Тлумачыць прадстаўнік Ціханоўскай па выбарах


Аляксандар Шлык
Аляксандар Шлык

Сёмага верасьня Рада Эўропы прыняла рашэньне аб стварэньні Кантактнай групы для супрацоўніцтва зь беларускім грамадзтвам. Прадстаўнік Ціханоўскай па выбарах Аляксандар Шлык, які спрычыніўся да прыняцьця гэтага рашэньня, расказаў, як яно прымалася і што можа значыць для беларускага грамадзтва.

— Гэтае рашэньне зьяўляецца вынікам прынятага яшчэ ў сакавіку рашэньня Радай Эўропы аб скасаваньні кантактаў з афіцыйным Менскам. Гэта адбылося праз выключэньне Расеі з Рады Эўропы, і пасьля чаго прынцыпова вырашылі, што і зь беларускім рэжымам ня можна мець ніякіх кантактаў. Пасьля гэтага мы зразумелі, што калі зь беларускім рэжымам нельга мець ніякіх кантактаў, то застаецца беларускае грамадзтва, якое мы прадстаўляем як дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасьць.

Пачынаючы з красавіка мы рабілі досыць рэгулярную працу, каб выпрацаваць рашэньне, якое было прынятае 7 верасьня, аб фармалізацыі адносінаў паміж Радай Эўропы і беларускім грамадзтвам, якое прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасьць. Гэта не было лёгка. Рада Эўропы — гэта міжнародная арганізацыя, дзе супраца вядзецца паміж урадамі. Мы, на жаль, ня можам называць сябе ўрадам, бо мы не ажыцьцяўляем эфэктыўны кантроль над сытуацыяй унутры краіны. Таму прынятае рашэньне аб супрацы з беларускім грамадзтвам — беспрэцэдэнтнае.

У нас наперадзе яшчэ працэс, як напоўніць сэнсам гэтую супрацу і мадэль каапэрацыі. Праца ўжо вядзецца, мы ў кантакце з калегамі ў Радзе Эўропы, абмяркоўваем, як будзе сфармаваная кантактная група. Адзін з найважнейшых момантаў у фармулёўках рашэньня, гэта тое, што, можа, нават кантактная група будзе фармавацца Генэральнай сакратаркай Рады Эўропы, але яна будзе фармавацца ў супрацы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці. Мы будзем часткай гэтай кантактнай групы, і менавіта мы разам з калегамі з Рады Эўропы будзем вырашаць, што і як мы будзем рабіць. Не яны будуць для нас нешта рабіць, а мы разам зь імі будзем гэта рабіць.

«Нашай стратэгічнай мэтай зьяўляецца ўступленьне дэмакратычнай Беларусі ў Раду Эўропы»

— Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Асноўная, фармальная прычына — наяўнасьць сьмяротнай кары ў Беларусі, дадалося і шмат іншых прычынаў. Празь не сяброўства ў Радзе Эўропы беларусы ня могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Якім чынам новая форма супрацы з Радай Эўропы можа паўплываць на разьвязаньне крызісу ў Беларусі? Якія могуць быць практычныя вынікі?

— Давайце будзем шчырымі. Мы не чакаем таго, што ў выніку гэтага рашэньня беларусы змогуць падаваць свае скаргі ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Для гэтага менавіта дзяржава павінна ўступіць, прыняць Канвэнцыю па правах чалавека і стаць падсуднай гэтаму самаму суду. Гэта яшчэ не адбылося, але для нас найважнейшыя дзьве рэчы. Мы адназначна падкрэсьліваем, што нашай стратэгічнай мэтай зьяўляецца ўступленьне дэмакратычнай Беларусі ў Раду Эўропы. Гэта будзе вельмі хутка пасьля таго, як адбудуцца дэмакратычныя зьмены ў нашай краіне.

Вы дабра падкрэсьлілі, што сьмяротнае пакараньне — адзін з такіх бар’ераў. Гэта не адзіны бар’ер. Найважнейшым бар’ерам зьяўляецца тое, што Беларусь не зьяўляецца дэмакратыяй. Беларуская дзяржава зараз ня хоча жыць па тых прынцыпах, стандартах і каштоўнасьцях, якія існуюць у Радзе Эўропы. І сьмяротнае пакараньне — толькі адна з вялікай колькасьці праблемаў. Сьмяротнае пакараньне будзе адной з тэмаў, над якой мы будзем працаваць з Радай Эўропы ў тым сэнсе, што адмена сьмяротнага пакараньня павінна адбыцца, але мы павінны працаваць з грамадзтвам, якое павінна падтрымаць адмену сьмяротнага пакараньня.

— Гэта адзін выпадак, дзе беларускае грамадзтва замяніла афіцыйны Менск. Калі казаць пра больш глябальную пэрспэктыву, пакуль існуе рэжым Беларусі, дзе яшчэ яшчэ дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасьць могуць замяняць афіцыйную Беларусь? Размова можа ісьці і пра пашпарты беларусам і іншыя рэчы... Якая задача-максымум стаіць, пакуль рэжым існуе?

— На гэтае пытаньне можна адказаць з двух бакоў. Калі адказваць вельмі фармальна, дзе мы можам замяніць дзяржаву ў міжнародных зносінах, як адбылося ў Радзе Эўропы цяпер, то такіх прыкладаў цяжка прывесьці шмат ці спрагназаваць. Штосьці мы можам зрабіць з ААН. На АБСЭ разьлічваць цяжка, бо там досыць сфармалізаваныя і цяжкія працэдуры.

А калі адказваць на пытаньне з пэрспэктывы таго, што мы можам рабіць для беларускага грамадзтва ўжо зараз, то далёка за прыкладамі хадзіць таксама ня трэба. Ужо існуюць мэдыцынскі сэрвіс, сэрвіс кансультацый з юрыстамі, службы дапамогі беларускаму грамадзянству і тым хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі. У некаторым сэнсе мы ўжо замяняем функцыі дзяржавы і абслугоўваем інтарэсы тых грамадзянаў, якія хочуць жыць па-новаму. Менавіта тут наша супрацоўніцтва з Радай Эўропы можа нам даць новыя інструмэнты, ідэі і мэтады абслугоўваньня інтарэсаў нашых грамадзянаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG