Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнім слове ў судзе Марфа Рабкова параўнала ГУБАЗіК з гестапа і выказала ўпэўненасьць у перамозе дэмакратыі


Марфа Рабкова, архіўнае фота
Марфа Рабкова, архіўнае фота

Апублікавалі тэкст апошняга слова праваабаронцы Марфы Рабковай, якой 6 верасьня на закрытым працэсе прысудзілі 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму і штраф у 22 400 беларускіх рублёў у справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

27-гадовая палітзьняволеная каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова не прызнала віны ні ў адным з 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх яе абвінавацілі.

Праваабаронцам перадалі прамову, якую Марфа Рабкова рыхтавала да апошняга слова. Публікуем яе цалкам.

«Мы жывём у эпоху перакручаных ісьцінаў: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцьце свабоды звужаецца да межаў уласнай сьвядомасьці, пры гэтым урываюцца і ў гэтую зону, выкарыстоўваючы арт. 13 Крымінальнага кодэксу, так званы «намер». Думзлачынства цяпер не існуе дзесьці ў антыўтопіях, а квітнее ў беларускай рэчаіснасьці.

Усё сваё жыцьцё я пражыла пры кіраваньні Лукашэнкі. Я нарадзілася і вырасла ў межах гэтай сыстэмы. Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сьцьвярджаеце, што я зьяўляюся «дэструктыўным элемэнтам», «азлобленай», што я «згубіла свае карані». Але я такая ж частка грамадзтва, як і вы ўсе.

Маё адрозьненьне толькі ў тым, што я называю рэчы сваімі імёнамі і не магу на іх не рэагаваць. Гвалт — гэта гвалт, рэпрэсіі — гэта рэпрэсіі, а вайна — гэта вайна. І іначай быць ня можа. Мне сорамна, калі дарослыя і адукаваныя людзі закрываюць свае вочы і вушы, супакойваюць сваё сумленьне, ня ўдумваюцца ў тую дзейнасьць, якой займаюцца.

Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасьці, каб у межах сваёй сфэры ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб спыніць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанемся, калі ўсё скончыцца? Што мы будзем гаварыць сваім дзецям і ўнукам? Што вы пакінеце пасьля сябе ў гэтым сьвеце? Пытаньні, адказы на якія вы трымаеце перад самімі сабой і будучыняй, а яна кожную сэкунду прымінае нас да сябе.

Я не прызнаю віны ні па адным выстаўленым абвінавачаньні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Калі ў краіне няма арганізаванай злачыннасьці, відаць, яе трэба стварыць. Дзеля таго, каб апраўдаць існаваньне цэлага ўпраўленьня, якое ў апошняе дзесяцігодзьдзе маштабна пашырылася і дазваляе сабе такія мэтады працы, якія хутчэй нагадваюць дзеяньні гестапа, а не супрацоўнікаў, закліканых абараняць людзей.

Я таксама не лічу вінаватымі тысячы людзей, якія пакутуюць у турмах нашай краіны. Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек зьяўляецца асобай, кожнае меркаваньне павінна паважацца, а жыцьцё і свабода зьяўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасьцямі. Гуманізм, справядлівасьць, эмпатыя, разьвіцьцё, адказнасьць за тое, што адбываецца вакол нас, — гэта вехі, на якіх стаіць будучыня. Адмаўляючы іх, вы адмаўляеце саму будучыню, якая ў кожным разе надыходзіць, яна непазьбежная.

Будучыня — гэта зьмены, бо прагрэс — гэта заўжды рух і імкненьне наперад. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцьця, паважлівага стаўленьня да сябе, захаваньня правоў кожнага чальца грамадзтва, дзяржавы, якая будзе працаваць дзеля народу, а не насуперак яму.

Хачу падзякаваць свайму цудоўнаму мужу, сваёй маме, усёй сваёй сямʼі, сябрам і блізкім, калегам, адвакатам, а таксама ўсім неабыякавым беларусам і беларускам за дапамогу і салідарнасьць на гэтым цярністым шляху зьняволеньня. Дзякуй, што не забываеце мяне і застаяцеся са мной.

Я бачыла столькі добрых і сьветлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая — мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць ня можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасьць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю, мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!

Жыве Беларусь і слава Ўкраіне!»

6 верасьня вынесьлі выракі 10 фігурантам справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня». Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.

Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.

6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў палітвязьням наступныя тэрміны:

  • Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў;
  • Акіхіра Гаеўскаму-Ханада — 16 гадоў;
  • Марфе Рабковай — 15 гадоў;
  • Аляксею Галаўко — 12 гадоў;
  • Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў;
  • Андрэю Марачу і Данілу Чулю — па 5 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG