Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Катару высылаюць з краіны будаўнікоў стадыёнаў футбольнага чэмпіянату сьвету за пратэст супраць нявыплаты заробкаў


Будаўніцтва аднаго са стадыёнаў пад чэмпіянат сьвету ў футболе, арэна знаходзіцца за 15 км ад сталіцы краіны Дохі
Будаўніцтва аднаго са стадыёнаў пад чэмпіянат сьвету ў футболе, арэна знаходзіцца за 15 км ад сталіцы краіны Дохі

Адзначаецца, што многім рабочым не плацілі нават 7 месяцаў.

Чэмпіянат сьвету ў футболе адбудзецца ў Катары ў лістападзе. Для азіяцкай краіны міжнародная фэдэрацыя футбольных асацыяцый (FIFA) зрабіла выключэньне і дазволіла правядзеньне турніру позьняй восеньню, хаця раней чэмпіянаты праводзіліся выключна ўлетку. На будоўлях спартовых аб’ектаў рэгулярна гінулі рабочыя, аднак пытаньні да мераў бясьпекі засталіся.

Прынамсі 60 рабочых мітынгавалі ля офісаў Al Bandary International Group у Досе 14 жніўня — некаторым, як паведамляецца, не плацілі 7 месяцаў. Шэраг пратэстоўцаў затрымалі, некаторых дэпартавалі з краіны, хаця дакладная колькасьць высланых невядомая. Урад заявіў, што тыя, хто быў дэпартаваны, «парушылі законы бясьпекі», піша BBC.

Невядома, ці ўсе гэтыя рабочыя ўдзельнічалі ў будаўніцтве менавіта аб’ектаў да чэмпіянату сьвету, а ўлады замоўчваюць любую інфармацыю і не жадаюць адказваць на пытаньні журналістаў пра стан правоў рабочых.

Пры гэтым урад Катару заявіў, што выплаціць усе затрыманыя заробкі і дапамогі пацярпелым работнікам. А таксама паведаміў, што Al Bandary International Group знаходзіцца пад сьледзтвам за нявыплаты заробкаў. Сама група не адказала на журналісцкі запыт аб камэнтары.

Справу рабочых асьвятляе праваабарончая арганізацыя Equidem, якая спэцыялізуецца на правах рабочых. Кіраўнік арганізацыі Мустафа Кадры заявіў, што пратэставалі рабочыя з Бангладэш, Індыі, Нэпалу, Эгіпту і Філіпінаў.

«Ці можаце вы сабе ўявіць, наколькі адчайнымі павінны былі быць рабочыя, каб пратэставаць пры +42 градусах?! Яны не палітычныя дзеячы, яны проста хочуць, каб ім плацілі за іх працу», — дадаў Кадры.

Усе гады, якія ідзе падрыхтоўка да футбольнага чэмпіянату сьвету, паведамлялася пра гібель рабочых на будаўнічых аб’ектах. Але ўлады так і не зрабілі цэнтралізаванага расьсьледаваньня таго, што адбываецца. Акрамя таго, праваабаронцы сыстэматычна заяўляюць пра парушэньні правоў чалавека ў Катары. Аднак у FIFA ў чарговы раз заявілі, што з правядзеньнем чэмпіянату сьвету ў Катары «няма маральных праблем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG