МУС Латвіі падрыхтавала папраўкі да закону аб эміграцыі. Яны прадугледжваюць, што выдача паўторных відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расеі спыніцца да 30 чэрвеня 2023 году.
Прадоўжыць від на жыхарства змогуць толькі ў выключных выпадках:
- былыя грамадзяне і неграмадзяне Латвіі, якія жывуць у краіне доўгі час;
- асобы, якія знаходзяцца ў краіне зь меркаваньняў гуманнасьці або ў інтарэсах дзяржавы;
- асобы, якія маюць цесныя сямейныя сувязі з грамадзянамі ці неграмадзянамі Латвіі (у тым ліку ўдовы і ўдаўцы, або тыя, хто мае агульных дзяцей).
На прадаўжэньне віду на жыхарства таксама змогуць разьлічваць студэнты і навуковыя работнікі, якія пасьля вучобы жадаюць застацца ў краіне.
МУС Латвіі папярэджвае, што ў выпадку прыняцьця закону некаторым кампаніям давядзецца скасаваць працоўныя адносіны з супрацоўнікамі, якім нельга будзе прадоўжыць від на жыхарства.
Паводле афіцыйных зьвестак, на 1 ліпеня 2022 году ў латвійскіх кампаніях было 2180 работнікаў з Расеі і Беларусі зь дзейнымі відамі на жыхарства.