Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брамніка хакейнай зборнай Расеі адправілі на службу ў войска на паўночны архіпэляг пасьля падпісаньня кантракту з камандай з ЗША


Іван Фядотаў (справа) у рэтра-форме зборнай СССР. Пры гэтым брамнік гуляў у шаломе з сучасным гербам Расеі
Іван Фядотаў (справа) у рэтра-форме зборнай СССР. Пры гэтым брамнік гуляў у шаломе з сучасным гербам Расеі

Расейская хакейная грамадзкасьць ня выступіла ў абарону пэрспэктыўнага брамніка. Спартовыя экспэрты кажуць, што гэта вельмі нагадала часы СССР.

Брамніка зборнай Расеі ў хакеі Івана Фядотава затрымалі ў Санкт-Пецярбургу і забралі служыць у войска на архіпэляг Новая Зямля ў Паўночным Ледавітым акіяне, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на сваю крыніцу ў сілавых структурах. Перад гэтым Фядотаў падпісаў кантракт з клюбам Philadelphia Flyers НХЛ, наймацнейшай хакейнай лігі сьвету, паведаміўшы пра свой хуткі ад’езд. Але ў Злучаныя Штаты Фядотаў паляцець ня здолеў, бо яго затрымалі.

Раней хакеіст выступаў за маскоўскі ЦСКА. Адвакат Фядотава Аляксей Панамароў інфармацыю пра тое, што брамніка могуць адправіць на Новую Зямлю, назваў «здагадкамі». Ён адзначаў, што сам хакеіст на сувязь не выходзіць.

Падчас службы ў войску Фядотаў, магчыма, працягне гуляць у хакей. На Паўночным флёце з 2013 году ёсьць свая хакейная ліга, у якой выступаюць 14 камандаў, піша Фонтанка.

Крыніца «РИА Новости» заявіла, што армія можа пагражаць і іншым былым хакеістам ЦСКА, якія вырашылі пераехаць у НХЛ.

Афіцыйна прадстаўнікі Фэдэрацыі хакею Расеі затрыманьня былога брамніка ЦСКА не камэнтавалі, кіраўнік Фэдэрацыі хакею Расеі, сам колішні брамнік ЦСКА і зборнай СССР Уладзіслаў Трацяк адмовіўся адказваць на пытаньне журналістаў пра Фядотава. Адмовіўся адказваць таксама адзін зь вядучых расейскіх хакеістаў Аляксандар Авечкін, які выступае акурат у ЗША, дзе ў НХЛ гуляюць яшчэ 56 расейцаў.

У часы СССР самых пэрспэктыўных хакеістаў забіралі ў маскоўскі ЦСКА пад выглядам службы ў савецкім войску. У 80-я гады савецкія хакеісты пачалі ўцякаць за акіян, каб пазьбегчы службы ў войску, і там падпісвалі кантракты з канадзкімі і амэрыканскімі клюбамі, у якіх зараблялі значна больш і маглі разьвіваць сваю кар’еру па ўласным жаданьні. Самым гучным выпадкам сталі ўцёкі ў ЗША нападніка Аляксандра Магільнага, які 9 траўня 1989 году папрасіў палітычнага прытулку ў ЗША і атрымаў дазвол прыехаць на гістарычную радзіму толькі ў 1994-м, калі СССР ужо не існавала.

Гучныя ўцёкі былі ўжо і ў гісторыі Расеі — у 2006 годзе Яўгеній Малкін не вярнуўся ў лягер магнітагорскага «Мэталюргу» і паляцеў у ЗША, дзе падпісаў кантракт зь «Пітсбург Пінгвінз». Але гэты дэмарш ня быў зьвязаны з палітычнымі пагрозамі — наадварот, Малкін, як і згаданы Авечкін, уваходзяць у так званую Putin Team і падтрымліваюць палітыку Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG