Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны рэфэрэндум у Казахстане. Журналістаў казаскай службы Радыё Свабода не пусьцілі задаць пытаньні Такаеву


Рэфэрэндум у Казахстане, 5 чэрвеня 2022
Рэфэрэндум у Казахстане, 5 чэрвеня 2022

У Казахстане 5 чэрвеня праходзіць рэфэрэндум, на які вынесены папраўкі да Канстытуцыі. Улады пазыцыянуюць зьмены як крок да дэмакратызацыі, крытыкі ж лічаць, што рэальных перамен чакаць не варта.

Па стане на поўдзень, па дадзеных Цэнтральнай камісіі рэфэрэндуму, яўка склала 43,7 працэнта, піша казаская служба Радыё Свабода.

У Нур-Султане здымачную групу «Азаттык» (казаская служба Радыё Свабода) не дапусьцілі на ўчастак для галасаваньня ў Палацы школьнікаў, куды прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў прыбыў, каб прагаласаваць на рэфэрэндуме. Журналістаў пусьцілі на ўчастак толькі пасьля таго, як Такаеў зьехаў з участку.

Супрацоўнікі паліцыі і службы аховы прэзыдэнта ля ўваходу на ўчастак № 59 у Палацы школьнікаў заявілі рэпартэрам, што іх «няма ў сьпісе». Пры гэтым яшчэ 3 чэрвеня журналісты падалі сьпіс дакумэнтаў для допуску на ўчастак для асьвятленьня падзей, прадстаўлены Міністэрствам інфармацыі і грамадзкага разьвіцьця.

Акрамя карэспандэнтаў «Азаттыка», у доступе на ўчастак падчас знаходжаньня там Такаева адмовілі карэспандэнтам Сёмага каналу і сайту Ulysmedia.

Акцыя пратэсту

Актывісткі незарэгістраванай «Дэмакратычнай партыі» Інга Іманбай і Аружан Дуйсэбаева правялі акцыю на ўчастку № 257 у Алматы і каля Манумэнту Незалежнасьці ў Алматы. Яны патрабавалі «судзіць Назарбаева» і зьвярнуліся з патрабаваньнем да Такаева вызваліць лідэра партыі Жанбалата Мамая (ён — муж Інгі Іманбай) і іншых людзей, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Актывісткі патрабавалі ад уладаў апублікаваць сьпіс ахвяр студзеньскіх падзеяў. Затрыманьняў на месцы не было.

Сэнс паправак

Такаеў, словы якога прыводзіць сайт «Власть», заявіў журналістам, што прапанаваныя папраўкі ў Асноўны закон «прадугледжваюць вельмі вялікія зьмены ў грамадзкім жыцьці» краіны.

«Па сутнасьці, мяняецца парадыгма ўзаемаадносін паміж дзяржавай і грамадзтвам, на пярэдні плян выходзяць правы чалавека. У Канстытуцыі статус амбудсмэна па правах чалавека набывае новы статус, новае гучаньне. Амбудсмэн можа зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, а гэты орган таксама новы для нас», — заявіў Такаеў.

Канстытуцыйны суд, які быў скасаваны прынятай у 1995 годзе дзейнай Канстытуцыяй, узнаўляецца прапанаванымі цяперашнімі папраўкамі, аднак сыстэма прызначэньня судзьдзяў Канстытуцыйнага суду прэзыдэнтам і дэпутатамі парлямэнту выклікае асьцярогі праваабаронцаў.

Многія экспэрты ўспрымаюць прапанаваныя цяпер папраўкі ў Канстытуцыю як падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнта, што плянуюцца ў 2024 годзе. Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй Казахстану, прэзыдэнт абіраецца на 5 год і можа займаць пасаду ня больш за два тэрміны запар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG