Лінкі ўнівэрсальнага доступу

35 гадоў таму Маціяс Руст пасадзіў свой самалёт ля Крамля. «Плюшавы дэсант» у Беларусі параўноўваюць з тым палётам


Маціяс Руст у судзе, 1987 год
Маціяс Руст у судзе, 1987 год

28 траўня споўнілася 35 гадоў зь дня пасадкі ў цэнтры Масквы, каля храма Васіля Блажэннага, лёгкага самалёта, кіраванага Маціясам Рустам. Гэтая падзея стала адным з сымбаляў эпохі перабудовы ў Савецкім саюзе, а паводле ацэнкі некаторых гісторыкаў, і наўпрост паўплывала на яе хаду. Нямецкаму пілёту-аматару было ў той час 19 гадоў.

Галоўнай сэнсацыяй таго пералёту з Гэльсінак у Маскву, ня ўзгодненага з савецкімі ўладамі, стала пераадоленьне савецкай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і пасьпяховая пасадка ля сьцен Крамля.

Да гэтага часу няма адзінага меркаваньня пра тое, ці зьяўляўся палёт Руста выхадкай юнака-адзіночкі, старанна прадуманай апэрацыяй спэцслужбаў або маркетынгавым ходам.

Руст жа ад самага пачатку і праз шмат гадоў сьцьвярджаў, што гэта была місія міру. Натхнёны пацяпленьнем у адносінах паміж Захадам і Ўсходам, канкрэтна нядаўняй сустрэчай Міхаіла Гарбачова і Рональда Рэйгана ў Рэйкʼявіку, малады чалавек вырашыў пабудаваць «паветраны мост», прыляцеўшы ў самы цэнтар «імпэрыі зла».

Зьяўленьне самалёта Руста ля сьцен Крамля было настолькі нечаканым, што пілёта нават не адразу затрымалі – ледзь не паўгадзіны пасьля прызямленьня ён раздаваў цікаўным мінакам аўтографы.


2 верасьня 1987 году пачаўся суд над Рустам, ён быў абвінавачаны ў хуліганстве, парушэньні авіяцыйнага заканадаўства і незаконным перасячэньні савецкай мяжы. 4 верасьня Руста прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. 3 жніўня 1988 году ён вярнуўся ў ФРГ пасьля ўказу аб амністыі, падпісанага савецкім кіраўніцтвам. Руст правёў у папярэднім зьняволеньні і турме ў агульнай колькасьці 432 дня.

Цяпер Маціяс Руст працуе аналітыкам у банку, публічнай пэрсонай ён не зьяўляецца, ад палётаў ужо даўно адмовіўся. У інтэрвію ТАСС ён сказаў, што «заўсёды будзе ўдзячны Расеі», таму што зь ім тады «абышліся вельмі гуманна», нягледзячы на тое, што яго палёт фактычна падарваў рэпутацыю савецкага войска.

А тады, у 1987, прэзыдэнт СССР, Михаіл Гарбачоў, вызваліў ад пасадаў міністра абароны і камандуючага СПА. Былі і іншыя кадравыя зьмены, супастаўныя, як лічаць амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты, са сталінскімі чысткамі ва ўзброеных сілах. Тым самым сур'ёзна аслабіў пазыцыі ў войску кансэрватыўных сіл, якія маглі б запярэчыць ягонай палітыцы перабудовы.

Напярэдадні 35-й гадавіны палёту Руста, як паведамляе DPA, у Эстоніі адкрылі помнік гэтай падзеі ў выглядзе 24-метровай узьлётна-пасадачнай паласы, зробленай з каменя. На шляху да Масквы Руст ляцеў і над Эстоніяй. У краіне лічаць, што палёт спрыяў распаду Савецкага саюзу і здабыцьцю Эстоніяй незалежнасьці.

Палёт «наступнікаў Руста» над Беларусьсю

10 гадоў таму ў Беларусі адбыўся інцыдэнт, параўнальны з палётам Маціяса Руста: так званы «плюшавы дэсант». У 2012 годзе, калі ў Беларусі адзначалі Дзень незалежнасьці, двое швэдзкіх пілётаў, супрацоўнікаў піяр-агенцтва Studio Total, на аднаматорным самалёце праніклі праз тэрыторыю Літвы ў Беларусь, скінулі над Івянцом і над ускраінай Менску плюшавыя цацкі з заклікам шанаваць правы чалавека, а пазьней вярнуліся назад. У выніку Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў двух генэралаў: старшыню Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскам СПА узброеных сілаў Дзьмітрыя Пахмелкіна, супраць двух грамадзянаў Беларусі — Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава — былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, якія потым закрылі.

«Мы прынялі ў гэтым удзел, бо наша праца палягае на дапамозе кампаніям, якія хочуць зьвярнуць на сябе ўвагу ў СМІ. І грошы, якія мы зарабляем на такой дапамозе, мы выкарыстоўваем для таго, каб зьвярнуць увагу СМІ на пытаньні, якія мы лічым важнымі. А сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца адным з такіх пытаньняў», — сказаў тады ў інтэрвію Свабодзе Томас Мазэці, пілёт, які 4 ліпеня 2012 году «высадзіў мядзьведжы дэсант» у Івянцы і ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG