25 траўня ў Афганістане прагрымела сэрыя выбухаў. Дзевяць чалавек загінулі ў выніку тэракту ў горадзе Мазары-Шарыф на поўначы краіны, а ў выніку выбуху ў мячэці ў сталіцы загінулі сама меней два чалавекі, паведамляе Al Jazeera.
Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў Афганістану, два чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненьні ад выбуху падчас вячэрняй малітвы ў мячэці ў Кабуле. Па дадзеных кабульскай лякарні хуткай дапамогі, колькасьць загінулых значна большая — пяць чалавек загінулі ў мячэці, яшчэ 22 атрымалі раненьні. Па словах відавочцаў, некалькі машын хуткай дапамогі прыбылі ў мячэць, каб перавозіць пацярпелых ад выбуху.
У Мазары-Шарыфе тэрарысты заклалі выбуховыя прыстасаваньні ўнутр пасажырскіх аўтобусаў. У выніку выбухаў загінулі дзевяць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненьні.
«Бомбы былі закладзеныя ў тры мікрааўтобусы ў розных частках гораду», — сказаў Махамад Асіф Вазіры, прызначаны прадстаўнік талібаў у правінцыі Балх.
Адказнасьць за тэракты ў Мазары-Шарыфе ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». Адказнасьць за выбух у мячэці ня ўзяў на сябе ніхто.
Радыкальны ісламісцкі рух «Талібан», які захапіў уладу ў Афганістане летась пасьля выхаду амэрыканскіх войскаў, ня здолеў спыніць экспансію ячэйкі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», баевікі якой цяпер прысутнічаюць ва ўсіх 34 правінцыях Афганістану. У прыватнасьці, гэта прадстаўнікі адгалінаваньня тэрарыстычнай сеткі пад назвай «Ісламская дзяржава ў правінцыі Харасан».