Бабуля, якая гадуе ўнука зь дзяцінства, вырашыла прывезьці яго дадому. Цяпер ён у хірургічным аддзяленьні Сьветлагорскай ЦРБ, паведамляе выданьне «Ранак».
Мікалай Лось са Сьветлагорску служыў мэханікам-кіроўцам у 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе вайсковай часьці 12147 пад Асіповічамі. 25 сакавіка 2020 году камандзір аддзяленьня старшы сяржант Германовіч вырашыў адрамантаваць рухавік транспартна-зараджальнай машыны на базе аўтамабіля ЗІЛ-135 ЛМП. Машына загарэлася. Абодва вайскоўцы атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасьці. Мікалая ў стане апёкавага шоку даставілі ў бальніцу.
Два гады Мікалай правёў у вайсковым мэдычным цэнтры ў Менску, але аднавіцца яму так і не ўдалося. Са слоў бабулі Кацярыны Дзянісаўны, часам Коля рэагуе на размову і музыку, спрабуе нешта сказаць, выходзіць нейкае мычаньне. Есьць ён праз зонд, нармальную вагу так і не набраў, дыхаць яму дапамагае ШВЛ. Таксама жанчына паведаміла, што ногі ў яе ўнука ня гояцца. Чаму на іх зьявіліся раны, жанчына ня ведае.
Зь Менску ў Сьветлагорск Колю прывезьлі машынай хуткай дапамогі, шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленьне ЦРБ.
Паводле слоў Кацярыны Дзянісаўны, дактары наконт стану яе ўнука «нічога добрага ня кажуць», паведамілі, што хлопец «нават сядзець ня будзе».
За лёсам Мікалая сочаць неабыякавыя людзі, прывозяць спэцыяльнае харчаваньне і тэлефануюць Кацярыне Дзянісаўне са словамі падтрымкі. Яны ж знайшлі рэабілітацыйны цэнтар у Маскоўскай вобласьці, які гатовы быў прыняць Колю.
«Ён жа важыць 32 кіляграмы. Трошкі набраў вагу, пайшло запаленьне. Куды яго везьці? — кажа Кацярына Дзянісаўна. — Іншы доктар сказаў, што ўжо позна ехаць на рэабілітацыю, шмат часу прайшло. У яго скаванасьць — пакрывіліся ручкі, ножкі, я ўвесь час раблю масаж».
У мэдцэнтры, дзе Коля быў увесь гэты час, ніякіх надзей на аднаўленьне бабулі не давалі. Езьдзіць некалькі разоў на тыдзень у сталіцу было цяжка. У выніку жанчына вырашыла прывезьці ўнука дадому.
«Мне ўжо хутка 70. Тры гадзіны туды, тры назад, і ў Колькі шэсьць гадзін сяджу».
Пасьля выпіскі Кацярына Дзянісаўна разам з унукам адправяцца дадому.
«Я яму вызваліла залю. Нам кажуць, з такой хваробай, як у яго, доўга не працягнеце. Я адказваю — працягнем. Выжывем на злосьць усім. Нам Бог дапамагае. Што ён [Коля] дарма цярпіць трэці год? Гэта выпрабаваньне, мы цярпім. Песьню яму ўключаю „Ціха ў царкву я ўвайду“. Ён так яе любіць!»
Кацярына Дзянісаўна кажа, што ім павінны былі даць жыльлё, але тыя варыянты, што былі, не падышлі.
«Сына з Колькам паставілі на чаргу 1420-мі. Нас ужо ня будзе, пакуль чарга дойдзе».
Кватэру жанчына хацела на першым паверсе, каб лягчэй было даваць рады з Колем. Магчыма, рашыцца на куплю, калі знойдзецца прыдатны варыянт.
З вайсковай часткі суд пастанавіў спагнаць 80 тысяч рублёў на карысьць Мікалая. Міністэрства абароны выплаціла сям’і кампэнсацыю.
«Але што мне зь яе? — кажа Кацярына Дзянісаўна. — Вярніце дзіця, якім яно было. Гэта немагчыма, адказваюць, вы ж ведаеце».
На пытаньне, ці патрэбна ёй нейкая дапамога, жанчына адказвае:
«Спэцыяльны ложак нам паабяцалі, харчаваньня [для Колі] я набрала, пэнсію [па інваліднасьці] прызначылі, ужо цяпер лягчэй. У нас хутка дзень нараджэньня, будзе 22. Як-небудзь справімся. Людзей добрых шмат, дапамагаюць».