Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі затрымалі блогера Шарыя, якога ва Ўкраіне падазраюць у дзяржаўнай здрадзе

Анатоль Шарый
Анатоль Шарый

Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што ў Гішпаніі затрымалі ўкраінскага блогера і палітыка Анатолія Шарыя.

Як гаворыцца ў паведамленьні ведамства, Шарыя затрымалі 4 траўня. Ягоныя акаўнты ў сацсетках з гэтага дня не абнаўляюцца, камэнтароў яго прадстаўнікоў пакуль няма. Шарыя падазраюць у нанясеньні шкоды бясьпецы Ўкраіны ў інфармацыйнай сфэры, як відаць, у супрацоўніцтве з замежнымі (маюцца на ўвазе расейскія) структурамі.

Камэнтароў гішпанскіх праваахоўных органаў пакуль няма. Пакуль не паведамляецца, ці будзе Ўкраіна дамагацца ягонай экстрадыцыі.

Анатолій Шарый — папулярны відэаблогер, вядомы рэзкай крытыкай украінскіх уладаў і прыхільнікаў Майдану. У Эўрапейскім зьвязе яму яшчэ ў 2012 годзе далі палітычны прытулак, аднак у студзені 2022 году Літва яго анулявала.

Многія ўкраінскія камэнтатары называюць Шарыя прарасейскім прапагандыстам. Крымінальная справа супраць яго пачалася летась — украінскае сьледзтва лічыць, што ён у супрацоўніцтве з Расеяй «робіць інфармацыйныя дывэрсіі». Шарый супрацоўніцтва з Расеяй адмаўляе. Пры гэтым ён неаднаразова выступаў у этэры расейскіх тэлеканалаў, камэнтаваў і расейскія падзеі, у тым ліку неаднойчы крытыкаваў расейскую апазыцыю і асабіста Аляксея Навальнага.

За некалькі гадзін да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым Шарый напісаў у твітэры, што не разумее дзеяньняў Расеі, і выступіў супраць вайны, аднак працягваў крытыкаваць дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Пасьля пачатку вайны дзейнасьць створанай прыхільнікамі блогера «Партыі Шарыя» была ва Ўкраіне прыпыненая.

XS
SM
MD
LG