Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ты зьедзеш, я памру». Як перажыць расстаньне з тымі, хто зьяжджае


Вакзал у Віцебску. Ілюстрацыйнае фота
Вакзал у Віцебску. Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі з псыхатэрапэўткай пра тое, як перажыць расстаньне з блізкімі і сябрамі праз эміграцыю. Даведаліся, як падтрымаць адно аднаго і захаваць сувязь.

Псыхатэрапэўтка Натальля (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) расказвае пра перажываньне эміграцыі праз свой уласны досьвед.

«Пачуцьцё віны немагчыма надаць чалавеку, калі ў яго няма зерня сумневу»

«У мяне было дастаткова часу, каб падрыхтаваць бацькоў да свайго пераезду. Я казала, што гэта маё рашэньне, што мы ўсё роўна будзем бачыцца, я буду прыяжджаць па магчымасьці раз ці два на год, і самае галоўнае — гэта жыцьцё. У мяне быў пераезд трошкі з прымусам, стаяла пытаньне свабоды і жыцьця. Я думаю, што большасьць бацькоў разумеюць, што дзіцяці лепш у краіне, дзе яно ня будзе азірацца, дзе яно будзе спакойна знаходзіцца, дзе ёсьць магчымасьць прафэсійнага, асабістага росту. Я гаварыла са сваімі бацькамі ў гэтым кантэксьце. Вядома, я яшчэ казала, што мне таксама шкада расставацца зь імі, што я іх вельмі люблю», — кажа Натальля.

Псыхатэрапэўтка раіць у такіх размовах не настойваць на сваім пункце гледжаньня.

«Я са сваімі бацькамі гаварыла як з кліентамі. Казала: „Я ведаю, што я паеду, гэта мяне засмучае сапраўды гэтак жа, як і цябе. Але я спадзяюся, што мы зможам падтрымліваць сувязь, таму што я цябе люблю“. Калі ў кантэксьце сяброў, то ў маім выпадку ўсе ўсё выдатна разумелі, яны вельмі падтрымлівалі мой пераезд, бо гэта вялікая колькасьць магчымасьцяў, нават некаторыя потым за мной пераяжджалі, натхняліся прыкладам. Некаторыя сябры сышлі з майго жыцьця. Гэта нармальна, бо лёгкага шляху ня будзе».

Здараецца, блізкія людзі, асабліва пажылыя, могуць маніпуляваць намі, выкарыстоўваючы выразы кшталту: «Калі ты зьедзеш, я памру», «Я не змагу безь цябе».

«Лепш у такіх выпадках казаць, напрыклад: „Бабуля, ты пражывеш яшчэ шмат гадоў, я ўпэўненая, што мы з табой сустрэнемся“. І трэба разумець, што любая маніпуляцыя — гэта крывы спосаб камунікацыі. Насамрэч блізкі чалавек хоча сказаць: „Застанься са мной, калі ласка, безь цябе мне будзе дрэнна“. Але праз узрост і ўласны шлях гэта робіцца такім крывым спосабам, на які лёгка пакрыўдзіцца. Трэба мець на ўвазе, што тое, што яна сапраўды хоча вам сказаць, і тое, што кажа, па-рознаму гучыць. Трэба яе моцна абняць і сказаць: „Бабуля, я цябе вельмі люблю. Дзякуй, што ты выгадавала мяне. Але ў мяне свой шлях“».

Пасьля эміграцыі таксама часта здараюцца выпадкі маніпуляцыі, празь якую мы быццам пачынаем адчуваць віну.

«З псыхалягічнага пункту гледжаньня пачуцьцё віны немагчыма надаць чалавеку, калі ў яго няма зерня сумневу ў ягонай карціне сьвету. Значыць, калі вы сапраўды трошкі сумнеяцеся і адчуваеце віну, то на гэтыя маніпуляцыі лёгка падключыцца. Мне таксама бацькі пісалі розныя паведамленьні, заваблівалі блінамі, бульбай, казалі: „Вось калі б ты была тут...“. У нас ёсьць традыцыя дранікаў па нядзелях, і вось у адказ я даслала здымкі дранікаў сваім бацькам і казала: „Калі б мы былі разам, я б з задавальненьнем іх паела“. Я таксама паказвала, што я іх люблю».

Калі ваш блізкі чалавек, сябра зьяжджае, то пэўна ня варта выкарыстоўваць маніпуляцыі.

«Мне бацькі казалі: „Вось мы памром, а ты нават не даведаесься пра гэта і кветачку мне не прынясеш“. Яны губляюць адчуваньне рэальнасьці ў тым, што ў іх ёсьць суседзі, браты і сёстры, цёткі і дзядзькі, хуткая дапамога. Варта таксама паставіць сябе на месца чалавека, які зьяжджае, бо пераезд — гэта вельмі цяжка. Ты адрываеш свае карані, зьмяняеш цалкам асяродзьдзе, у цябе зусім іншы жыцьцёвы ўклад, іншая мова. Трэба пастарацца знайсьці ў сабе крыху спагады. Я б дакладна не казала: „Я памру безь цябе“ ці „Ну і каціся“. Хоць апошняе — гэта таксама стадыя прыняцьця, гнеў, а потым будзе адчай, дэпрэсія. Таму на прыняцьце трэба сваякам даць час».

«Калі ты ведаеш, што ты не адзін на плянэце Зямля, гэта моцна падтрымлівае»

Сваіх сяброў і блізкіх варта падтрымліваць нават на адлегласьці, кажа псыхатэрапэўтка.

«Я свой дзень народзінаў сустракала ўжо ва Ўкраіне, мая знаёмая зь Беларусі замовіла мне кветкі. Я проста плакала ад шчасьця, што нават на такой адлегласьці чалавек змог павіншаваць мяне з днём народзінаў. Я ў сваю чаргу зрабіла тое самае. Гэта не складана і нават рамантычна — замаўляць кветкі, падарункі з дастаўкай, дасылаць поштай. Мы таксама зь сяброўкай абменьваліся фотакарткамі. Вельмі шмат цёплых слоў, падтрымкі, пішуць: „Калі б я была побач, я б цябе абняла, мы б разам трымаліся за рукі, сварыліся б“, — усьміхаецца Натальля. — Важна стэлефаноўвацца ў тэлеграме, скайпе, падтрымліваць пастаянна стасункі».

Але Натальля ня ўпэўненая, што сытуацыя з эміграцыяй і вайной можа дапамагчы ўмацаваць стасункі і зрабіць нас мацнейшымі.

«Я думаю, што з тым чалавекам, зь якім вы па жыцьці ідзяце, зь якім сапраўды ў вас супадаюць каштоўнасьці, унутраныя погляды на жыцьцё, зь ім ваш кантакт толькі палепшыцца, гэта вас аб’яднае. Я падчас вайны адчула такое ўзьяднаньне са сваімі сябрамі яшчэ больш, бо падзеі жудасныя і ты разумееш, як усё мімалётна. Грошы могуць зьнікнуць з картак, ты можаш страціць свой дом, а сацыяльныя кантакты, калі ты ў іх укладаўся (бо гэта таксама рэсурс, у яго трэба ўкладацца), яны, вядома, толькі палепшацца, а непатрэбныя людзі сыходзяць».

Калі мы ў розных краінах з блізкімі і сябрамі, наш страх за іх жыцьцё можа павялічыцца.

«Гэта траўма сьведкі. Сапраўды, знаходзячыся ў іншай краіне, ты сьведка гэтых падзей, і адкат можа быць мацнейшы, чым калі ты ўнутры. Мае знаёмыя мне пішуць: „Зьяжджай тэрмінова“. Я адказваю, што пакуль я прымаю рашэньне заставацца ва Ўкраіне. Гэта ўжо іх права — прымаць мой выбар ці не. Але калі вы пішаце „Зьяжджай хутчэй“, то толькі распаўсюджваеце паніку. Вы панікуеце і сваю трывогу спрабуеце яшчэ „разьліць“ на іншага чалавека. Таму, калі вы хочаце тэрмінова напісаць „зьяжджай“, значыць, у гэты момант вам самому вельмі страшна. Але спачатку трэба надзець кіслародную маску на сябе, а потым на іншага чалавека. Таму, калі зьявіліся такія жах і трывога, варта падысьці да таго, хто можа з вамі гэта падзяліць, а потым у стане спакою напісаць: „Як ты? Ці магу я табе неяк дапамагчы?“».

Натальля падкрэсьлівае, што такія простыя пытаньні ўжо дапамагаюць і падтрымліваюць чалавека.

«Сапраўды, бывае складана знайсьці адказ на гэтыя пытаньні, бо ты ў такой сытуацыі сам ня ведаеш, што можа дапамагчы. Але факт таго, што чалавек памятае пра мяне, што я для яго важная, што ён знайшоў час напісаць мне і спытаць, — гэта для мяне ўжо вельмі цёпла, гэта вялікая радасьць, што я ёсьць у сэрцы іншага чалавека. Напрыклад, мае знаёмыя ў Польшчы, Літве, Латвіі пісалі: „Калі ты прымеш рашэньне зьяжджаць, ведай, што мой дом заўсёды табе адкрыты“. Гэта пра будучыню, бо калі ты ведаеш, куды табе ў выпадку чаго ехаць, што ты не адзін на плянэце Зямля, гэта таксама моцна падтрымлівае».

А вось спосаб «запэўніваньня» сябе, што ўсё будзе добра, не дапамагае, мяркуе псыхатэрапэўтка.

«Запэўніваць сябе — гэта пра самападман. Мы будучыні ня ведаем, прадказаньні ня спраўджваюцца. Канечне, калі мая сяброўка сказала, што яна зьяжджае, я памятаю, як мне было балюча, я плакала. Але пасьля ты разумееш, што як было, ужо ня будзе, і адпускаеш. І тады зьяўляецца вельмі шмат надзеі, як гэта яшчэ будзе. Мы пачалі прыдумляць, дзе мы можам сустракацца, як гэта будзе клясна. І ведаеце? Гэта спраўджваецца. Я хутка сустрэнуся са сваёй сяброўкай. Мы напрыдумлялі, а гэта хутка адбудзецца. Пры любой страце, крызісе, траўме мы нешта губляем, але потым, калі гэта адгараваць і адпусьціць, ты разумееш, што адкрываецца яшчэ больш магчымасьцяў».

Парады псыхоляга, як перажыць расстаньне і дапамагчы блізкаму:

  • Паставіць сябе на месца чалавека, які зьяжджае.
  • Не маніпуляваць блізкімі і сябрамі, не казаць фразы кшталту «Я безь цябе не змагу».
  • Абменьвацца падарункамі, здымкамі, тэлефанаваць адно аднаму і падтрымліваць сувязь у мэсэнджарах.
  • Замест распаўсюджваньня панікі і страху пытацца: «Чым я магу дапамагчы?»
  • Плянаваць будучыя сустрэчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG