Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гул чулі, вокны дрыжалі». Жыхары Столінскага раёну паведамілі, што ў полі ўпалі абломкі ракеты

Фота з тэлеграм-каналу Антона Матолькі
Фота з тэлеграм-каналу Антона Матолькі

У Столінскім раённым аддзеле па надзвычайных сытуацыях паведамілі, што ня маюць ніякай інфармацыі пра выбух.

Жыхары Столінскага раёну паведамілі Zerkalo.io аб тым, што 7 красавіка пачулі гучны выбух, а затым у полі прыкладна за кілямэтар ад вёскі Цярэблічы знайшлі абломкі крылатай ракеты.

«Чулі выбух. Сказалі, што [утварылася] варонка 4×4 мэтры. Дамы і людзі не пацярпелі», — паведаміла жанчына.

У Рэмельскім сельсавеце, да якога адносіцца вёска Цярэблічы, на пытаньне аб падзеньні ракеты і выбуху адказалі, што пакуль інфармацыя ёсьць толькі на ўзроўні чутак. Таксама паведамілі, што на месца меркаванага падзеньня зьбіраецца выяжджаць старшыня сельсавету.

«Людзі кажуць, гул чулі, вокны дрыжалі. Выбух быў, і варонка засталася», — расказалі жыхары Столінскага раёну.

У школе вёскі Цярэблічы сказалі, што нічога ня чулі і што эвакуацыі з школьнага будынку не было.

Паводле тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», інцыдэнт адбыўся 7 красавіка каля 11.00.

«Жыхары вёсак Цярэблічы, Аздамічы і Альгомель (Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць) чулі моцны гул, а пасьля выбух, і бачылі дым», — паведаміў тэлеграм-канал.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG