«На адрэзку Дубічы Царкоўныя беларускія сілавікі кідалі камяні ў патрульных, пашкодзіўшы будку аховы. У выніку былі выбітыя шыбы. Паводле паведамленьня ў Twitter, гэта павінна было прадухіліць затрыманьне іншаземцаў, 9 грамадзянаў Іраку, якія прарэзалі дрот і незаконна перасеклі мяжу», — гаворыцца ў Твітары Памежнай службы Польшчы.
Памежная служба Польшчы інфармуе, што 21 сакавіка на яе тэрыторыю спрабавалі трапіць 134 асобы. Гэта рэкорд у 2022 годзе. Найбольш іншаземцаў было затрымана ў Нараўцы, каля 40 чалавек. Памежнікі правялі там ратаўнічую апэрацыю, у выніку якой удалося дастаць з балота 16 грамадзянаў Іраку.
Сёньня стала вядома, што ў транспартна-лягістычным цэнтры «Брузгі» спыніў працу пункт разьмяшчэньня мігрантаў. Усе іншаземцы, якія часова знаходзіліся ў цэнтры, пакінулі яго. 22 сакавіка 98 замежных грамадзян вылецелі эвакуацыйным рэйсам зь Менску ў Арбіль у 02:55.
Вяртаньне на радзіму арганізавана ў рамках праграмы дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі. Астатніх іншаземцаў на іх просьбу часова расьсялілі па гатэлях і санаторыях чакаць наступных вывазных рэйсаў.
У канцы паведамленьня беларускі ДПК абвінаваціў у праблемах зь мігрантамі Эўразьвяз.