Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не магу гаварыць ротам, дык няхай маё цела пра гэта крычыць». Новы праект аб пратэставых тату беларусаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пагутарылі са стваральніцай праекту «Беларусь на целе» журналісткай Яўгеніяй Доўгай, навошта беларусы і беларускі па ўсім сьвеце набіваюць тату, зьвязаныя з пратэстамі і радзімай, і чаму гэта важна.

«Я пакінуў сваю любімую краіну, але я хачу, каб яна заўсёды была са мной»

Нядаўна Яўгенія Доўгая стварыла акаўнт у інстаграме і тэлеграм-канал, дзе публікуе тату беларусаў і беларусак, а таксама іх гісторыі.

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

«Я падпісаная на мноства тату-майстроў, у мяне самой ёсьць наколкі. У жніўні падчас усіх гэтых падзей, жахаў я назірала, што шмат майстроў сталі пісаць: „У знак салідарнасьці зраблю тату і ўсе грошы пералічу пацярпелым ад гвалту сілавікоў“. Потым людзі пачалі выстаўляць здымкі сваіх тату з цытатамі Караткевіча, набівалі сабе „Жыве Беларусь“, бчб-сьцяжочкі, хтосьці Пагоню рабіў. І тады я гэта неяк сабе прыкмеціла. Але потым мяне затрымалі, давялося пакінуць Беларусь, бо быў моцны ціск», — апавядае стваральніца праекту, журналістка Яўгенія Доўгая.

Дзяўчына трапіла акурат у першую вялікую хвалю міграцыі ў канцы восені 2020-га.

«Я пачала назіраць за сваёй стужкай, робячы нейкія інтэрвію, размаўляючы з тату-майстрамі, і бачыла ўжо іншую карціну: людзі пакінулі свой дом і сталі набіваць рэчы, якія асацыююцца зь Беларусьсю. Яны проста пачалі набіваць Беларусь на сваім целе. Быццам з такім пасылам: я пакінуў сваю любімую краіну, але я хачу, каб яна заўсёды была са мной, на мне, я не хачу забываць, што я беларус ці беларуска».

Пазьней на Reform.by Яўгенія з калегамі рабілі чарговую навіну пра «суткі» заснавальніка «Арт Сядзібы» Паўла Белавуса.

«Мне напісаў хлопец, які зь ім сядзеў першыя „суткі“, і сказаў, што на Пашу склалі пратакол за пікетаваньне тату. У яго на левым запясьці імя дачкі і беларускі сымбаль, а на правым — імя сына і маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок. Я тады ўспомніла, што калі мяне затрымалі, мае тату таксама ўсе фатаграфавалі і трошкі з такім зьдзекам пыталіся, што яны значаць. У мяне ёсьць выява ластаўкі — гэта мая першая тату, прысьвечаная маёй дачцэ Сашы. І мне чамусьці стала так балюча! Людзі ж набіваюць на сабе імёны дзяцей, бо гэта нешта вельмі дарагое, гэта іхная ідэнтычнасьць».

Пасьля гэтай сытуацыі Яўгенія зрабіла матэрыял з гісторыямі пратэставых тату.

«Мне вельмі ў гэтым дапамагла Даша Лосік. Я спыталася ў сетках: „Хто рабіў тату, зьвязаныя з жніўнем 2020 году, прышліце мне, калі ласка“. У выніку выйшаў матэрыял „10 гісторый пратэставых тату“, але людзі слалі і слалі свае гісторыі, назьбіралася каля 200».

«Ты разумееш, што ты не адзін з гэтым болем»

Дзяўчына падкрэсьлівае, што людзі ня сталі б проста так «біць» тату, зьвязаныя з падзеямі ў краіне, і гэта ня можа быць дзеля хайпу.

«Нельга проста так набіць тату, гэта заўсёды сьвядомае рашэньне. Ці гэта ўпрыгожваньне цела, ці нешта іншае, але гэта сьвядомае рашэньне, бо гэта зьвязана з болем, да гэтага трэба падрыхтавацца маральна, фізычна, стварыць эскіз. Было зразумела, што тут у людзей нейкія ўнутраныя перажываньні. Я вырашыла сабраць іх у адным месцы і паглядзець, ці будзе гэта адгукацца. Аказалася, што вельмі».

За тыдзень у інстаграме «Беларусь на целе» ўжо каля 1200 падпісчыкаў.

«Я нейкіх вялікіх намаганьняў не прыкладала для яго раскручваньня. Гэтыя тату аб’ядноўваюць: ты разумееш, што ты не адзін з гэтым болем. Ты бачыш, як нехта Каліноўскага набівае, хтосьці свой дом, а хто сузор’е, якое бачыў з вакна сваёй менскай кватэры. І гэта ж усё абʼядноўвае».

«Набіла вакол шчыкалаткі ноты палянэзу Агінскага „Разьвітаньне з Радзімай“, бо пакідала Беларусь»

Яўгенію дзівіць, што, нягледзячы на гвалт, жахі, рэпрэсіі, людзі кажуць, што ня хочуць забывацца гэты досьвед, каб не зьмірыцца.

«Ёсьць тыя, хто, нягледзячы на небясьпеку, усё роўна гатовыя на сабе гэта пакінуць, каб усё памятаць. Мяне вось вельмі ўзрушыла гісторыя 60-гадовай Ірыны, якая на грудзях набіла сабе бусьліка. Яна кажа: „Я бачу, што цяпер усе ў нейкім смутку, разгубленасьці, і я дакранаюся да гэтага бусьліка, успамінаю моманты, калі мы былі разам і натхнёныя тым, што адбывалася. І мяне ён на самой справе грэе“. Ёсьць і такія людзі, для якіх тату — гэта падтрымка».

Такім чынам, хтосьці наколкамі сябе хоча супакоіць, а хтосьці — выказаць пратэст.

«Неяк адна жанчына напісала: „Я не магу гаварыць ротам, дык хай маё цела пра гэта гаворыць і крычыць“. А як шмат людзей цяпер набіваюць зуброў! Калі я пытаюся чаму, яны адказваюць: „Бо гэта самы магутны сымбаль Беларусі. Зубры былі амаль зьнішчаныя, але яны ўсё роўна выжылі, адрадзіліся, і мы гэтаксама адродзімся“. Яшчэ была тату з крумкачом. Мне расказалі, што гэтая птушка прысутнічала пры стварэньні зямлі, так што нават такія глыбока біблейскія матывы ёсьць».

Яўгенія кажа, што дасылаюць шмат вельмі цікавых гісторый тату, але некаторыя яе асабліва ўразілі.

«Дзяўчына даслала выяву жоўтай вазы з праспэкта Незалежнасьці. Яна набіла такую вазу ў бчб-матыве, але яна расколатая, як і расколатыя цяпер беларусы. Тая дзяўчына хвалявалася, што людзі цяпер зьяжджаюць. І вось яна зрабіла вялікі аскепак — гэта Польшча, бо туды зьехала больш за ўсё людзей, другі — Украіна, трэці — Літва. Іншая дзяўчына набіла вакол шчыкалаткі ноты палянэзу Агінскага „Разьвітаньне з Радзімай“, бо пакідала Беларусь. І палянэз непасрэдна зьвязаны з тугой па краіне, бо Агінскі пакідаў яе, каб ня быць забітым. Гэта такая магутная для мяне гісторыя».

«Яшчэ адзін чалавек зрабіў Дзеда-Барадзеда і выраз: „Трэба цуды — зробім цуды“. Казаў, што набіў тату ў жніўні 2021 году — адчуў такі душэўны ўздым і зразумеў, што ўсё будзе добра».

Яўгенія дадае, што асабліва ўразіла яе тату палітзьняволенай Марфы Рабковай.

«Гэтае тату таксама мяне натхніла стварыць Instagram. У яе ёсьць выява на назе з пэрсанажам мультфільма „Чароўны пярсьцёнак“ — там котка Маха і выраз: „Кошкой звать? Нет, Машкой звать“. Гэты мульцік пра тое, як котка Машка і сабака Жужа дайшлі да Парыжу пешшу, каб з турмы дастаць свайго гаспадара. Гэта было натхненьнем, бо гэтае тату цалкам пра Марфу».

«Ніколі ня бачыла тату кшталту „Любимую не отдают“»

Яўгеніі дасылаюць татуіроўкі зь Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, ЗША, Нямеччыны людзі рознага веку: каму 18, а каму за 60.

Дзяўчына надрукавала паштоўкі са здымкамі тату і цытатамі ўладальнікаў для сваіх падпісчыкаў. Плянуе сабраць паштоўкі ў наборы і адпраўляць іх беларускім дыяспарам.

«Я, калі шчыра, пакуль ня ведаю, што далей можна зрабіць з гэтым. Мне ўжо прапаноўвалі выпусьціць кнігу, можа, зрабіць выставу. Трэба пытацца ў людзей, якія дасылаюць нам здымкі, як яны гэта ўсё бачаць. Дарэчы, я вельмі рыхтавалася, што будзе наплыў „ябацькаў“, і зразумела, што ніколі ня бачыла татуіроўкі кшталту „любимую не отдают“, ніхто такога не рабіў, напэўна», — сьмяецца Яўгенія.

«Татуіроўка — гэта спосаб самарэфлексіі»

Дзяўчына разважае, што празь цела даўно выказваюцца мастакі-акцыяністы.

«Нашае цела — гэта тое, што ў нас ня могуць забраць. Яго могуць пакалечыць, катаваць, усё што заўгодна зрабіць, але цела ў нас ніяк не адбяруць, бо мы бязь цела ня можам існаваць. І цела — гэта заўсёды інструмэнт рэфлексіі, пратэсту. Шмат мастакоў-акцыяністаў празь цела спрабавалі выказаць нейкія рэчы. Напрыклад, наш Аляксей Кузьміч, Марына Абрамовіч колькі рабіла пэрформансаў моцных. „Радзіслава“ неяк супрацоўнічала з тату-майстрамі, якія перакрывалі шнары гвалту на целах ахвяры. А тут такая сытуацыя, што ў людзей унутры баліць і яны ня ведаюць, як гэта перапрацаваць».

Шмат хто кажа, што татуіроўка — гэта шнар, які пакідаюць на сваім целе, каб памятаць.

«Гэта такі спосаб самарэфлексіі. Яна вельмі важная цяпер, бо мы ўсе перажываем цяжкія часы. Гэта магчымасьць даць людзям выказацца праз свае татуіроўкі пра свой унутраны боль, пра тое, што яны перажылі. Я лічу, што гэта важна. Я нават думала, як мы можам зразумець, што людзям усё яшчэ баліць? Вось татуіроўкі акурат даюць зразумець, наколькі гэта была і застаецца вялікая траўма, перажываньне і ўзрушэньне для людзей. Чалавек на ўсё жыцьцё набівае сабе нешта, зьвязанае з падзеямі 2020 году».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG