Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці то торбу паставілі, ці то іншае». Машыністаў цягніка адхілілі ад працы за сыгнал ля вёскі Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Летась у сьнежні машыністы, праяжджаючы вёску Александрыю, малую радзіму Лукашэнкі, заціснулі кнопку гукавога сыгналу. Звольнілі некалькі чалавек, піша «Наша ніва».

У сьнежні лякаматыўная брыгада магілёўскага дэпо вярталася пасьля паездкі ў Віцебск. Яны як пасажыры сядзелі ў задняй кабіне дызэль-цягніка. Калі цягнік праяжджаў па Шклоўскім раёне, каля Александрыі, раздаўся гукавы сыгнал.

У той час там, пэўна, знаходзіўся Лукашэнка. Таму інцыдэнт на чыгунцы пачалі расьсьледаваць.

«Бралі запісы бартавога кампутара, тлумачальныя ў брыгад — і той, якая вяла цягнік, і той, што вярталася дадому. Брыгада тлумачыла, што тое здарылася выпадкова. У дакумэнтах пазначылі, што на кнопку гукавога сыгналу ці то торбу паставілі, ці то штосьці яшчэ», — расказалі «Нашай ніве» у страйкаме, які першым паведаміў пра выпадак.

Па інфармацыі чыгуначнікаў, у сьнежні начальніку дэпо, яго намесьніку па эксплуатацыі і інструктару калёны машыністаў вынесьлі вымовы. Саму брыгаду, якая вярталася дадому ў задняй кабіне (гэта два чалавекі), адхілі ад працы машыністамі і перавялі ў рамонт. Там заробкі меншыя.

«Спачатку іх хацелі толькі прэміі пазбавіць, але Менск гэта не задаволіла», — дзеляцца ў страйкаме.

Чыгуначнікі кажуць, што даўно існуе вуснае распараджэньне не прымяняць сыгнал на ўчастку дарогі каля Александрыі.

XS
SM
MD
LG