Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 чалавек загінулі ў цісканіне перад футбольным матчам Кубка афрыканскіх нацый


Камэрунскія заўзятары на матчы з Каморскімі астравамі
Камэрунскія заўзятары на матчы з Каморскімі астравамі

Трагедыя здарылася ў сталіцы Камэруну Яундэ.

Напярэдадні матчу 1/8 фіналу Кубка афрыканскіх нацый паміж зборнымі Камэруну і Каморскіх астравоў перад стадыёнам у горадзе Яундэ адбылася цісканіна, у якой загінулі сама меней 8 чалавек. Пасьля ўзьніклай панікі 40 чалавек даставілі ў шпіталі, але найбліжэйшы зь іх быў ня ў стане аказаць дапамогу ўсім, таму людзей пачалі развозіць па іншых месцах, піша Reuters.

Спачатку крыніцы паведамлялі пра 6 ахвяр, затым зьявілася лічба ў 8 загінулых. Сьведкі кажуць, што сярод іх ёсьць дзеці. Трагедыя адбылася тады, калі ахоўнікі стадыёну зачынілі браму на ўваход.

На стадыён, паводле фэдэрацыі футболу Камэруну, намагаліся ўвайсьці 50 тысяч чалавек, што нязначна перавышала дапушчальную колькасьць, бо праз санітарныя абмежаваньні ў сувязі з COVID-19 на стадыёне мела быць ня болей за 80% запоўненых месцаў. Стадыён у Яундэ зьмяшчае 60 тысяч чалавек.

Матч, нягледзячы на трагедыю, правялі. Камэрун перамог зь лікам 2:1, пры гэтым у Каморскіх астравоў адсутнічала амаль палова складу праз выяўлены ў іх каранавірус, у тым ліку абодва брамнікі, таму на браме вымушана гуляў футбаліст іншага амплюа.

Камэрун прымае Кубак афрыканскіх нацый упершыню за 50 гадоў. Яшчэ ў 2019 годзе турнір рыхтаваўся ў гэтай краіне, але затым афрыканская канфэдэрацыя адабрала яго ў краіны, перадаўшы права Эгіпту. Здарылася гэта за тое, што ў Камэруне нядбайна паставіліся да тэрмінаў падрыхтоўкі стадыёнаў да гульняў.

Галоўны футбольны турнір нацыянальных зборных Афрыкі праходзіць у пяці гарадах: акрамя сталіцы, гэта Дуала, Гаруа, Бафусам і Лімбэ. На стадыёне ў Яундэ, у якім здарылася трагедыя, заплянавана яшчэ тры матчы, у тым ліку фінал 6 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG