Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Каляды, год таму — абнародаваны крамлёўскі плян наконт Беларусі без Лукашэнкі


Каляды падчас каранівірусу

Падзеі 25 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

Дата дня

25 сьнежня 1972 году нарадзіўся Віталь Сіліцкі, палітоляг, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Віталь Сіліцкі
Віталь Сіліцкі

Палітолягу, бліскучаму аналітыку Віталю Сіліцкаму заўсёды будзе трыццаць восем.

Адказваючы за некалькі гадоў да свайго такога раньняга сыходу на пытаньне анкеты: «Што значыць быць беларусам?» — ён напісаў: жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, дбаць пра Беларусь. Любіць для яго й азначала — дбаць.

У васямнаццаць ён з дакладам, прысьвечаным дэмакратычным зьменам у Ўсходняй Эўропе, стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлягаў. Надыходзіў час самому прысьпешваць гэтыя зьмены ўчынкамі й навуковымі штудыямі.

У яго ўсё заўжды было на «выдатна». БДУ — дыплём сацыёляга. Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце — магістар паліталёгіі. Ратгэрскі ўнівэрсытэт у ЗША — ужо доктар. Супрацоўніцтва з інтэрнэт-газэтай Naviny.by і «Нашай Нівай». Заснаваньне адной з самых аўтарытэтных аналітычных структураў краіны — Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Віталь пакінуў нас у чорнае лета 2011 году, калі мы ледзь ня кожны тыдзень разьвітваліся з тымі, хто, як і ён, плённа працаваў дзеля той Беларусі, якая нам пакуль толькі сьніцца. Філёзаф Уладзімер Конан, гісторык-архівіст Віталь Скалабан, зусім маладыя — бліскучы гістарычны картограф Віктар Цемушаў, гісторык і паэт Эдуард Мазько, мастацтвазнаўца Юрась Малаш, гісторык Вольга Рамановіч, што пераклала два тамы францускамоўных мэмуараў Міхала Клеафаса Агінскага, Васіль Храмцоў, адзін з тых, на кім трымалася беларушчына на Полаччыне... Кожны быў непаўторны, а хтосьці — незаменны.

Пасьля ўсяго, што здарылася зь Беларусьсю ў ХХ стагодзьдзі, слой нашай інтэлігенцыі застаецца вельмі тонкім. Гэта значыць, даводзіцца ўскладаць на сябе абавязкі і справы, прызначаныя не для аднаго чалавека. Ня кожны здольны несьці такую ношу бясконца.

«Я паміраю. Прашу: зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — сказаў Віталь сябрам у адзін з апошніх дзён.

У Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце заснаваная стыпэндыя яго імя для беларускіх студэнтаў. Інстытут эўрапейскіх навук у Славаччыне й Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў стварылі сваю стыпэндыяльную праграму імя Сіліцкага.

Сябры заснавалі Фонд Сіліцкага, выдалі ягоныя кнігі «Адкладзеная свабода» ды «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сэрбіі й Беларусі».

Калегі і вучні называлі яго лідэрам навуковага аналізу, які вывучаў Беларусь у кантэксьце ўсясьветнай паліталягічнай навукі, нязьменна прапускаючы праблемы праз розум навукоўца і праз сэрца патрыёта.

А для мяне Віталь быў яшчэ й апантаным футбольным заўзятарам. Ці здолеў ён аднекуль адтуль пабачыць фэерычную гульню БАТЭ зь мюнхэнскай «Баварыяй», калі нашы выйгралі 3:1?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 608-609

У гэты дзень год таму

  • The Insider абнародаваў крамлёўскі плян наконт Беларусі без Лукашэнкі.
  • Лукашэнка заявіў, што Аўтуховіч і яго паплечнікі рыхтавалі тэракты пад Новы год.
  • Палітвязьням Ігару Лосіку і Паўлу Севярынцу працягнулі тэрміны ўтрыманьня пад вартай.
  • Памёр Алег Краўчанка, намесьнік міністра замежных справаў, амбасадар Беларусі ў ЗША.
  • Савет Фэдэрацыі Расеі дазволіў прызнаваць замежнымі агентамі фізычных асобаў.

Гэты дзень у гісторыі

336 — у Рыме адбылося першае дакумэнтальнае засьведчанае сьвяткаваньне Калядаў.

800 — Карл Вялікі каранаваўся як імпэратар Рымскае імпэрыі.

Каранацыя Карла Вялікага
Каранацыя Карла Вялікага

1741 — Андэрс Цэльсіюс вынайшаў шкалу вымярэньня тэмпэратуры.

1979 — пачатак уводу савецкіх войскаў у Афганістан.

1989 — расстрэл румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску і ягонай жонкі Алены.

Апошняя прамова Никалае Чащшэску, Бухарэс, 21 сьнежня 1989
Апошняя прамова Никалае Чащшэску, Бухарэс, 21 сьнежня 1989

1991 — Міхаіл Гарбачоў пакінуў пасаду прэзыдэнта СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1885 — Вячаслаў Селях-Качанскі, сьпявак, тэатральны дзеяч, пэдагог, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША.

На беларускіх могілках у амэрыканскім Саўт-Рывэры можна вывучаць цэлыя разьдзелы нашай гісторыі.

Тут знайшлі свой апошні спачын слуцкі паўстанец Іван Навумчык, палітык і пэдагог Радаслаў Астроўскі, пісьменьнік і гісторык Юрка Віцьбіч... Дзякуючы наведваньню гэтага нэкропалю я ўпершыню сустрэў імя Вячаслава Селяха-Качанскага.

Пры паступленьні ў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю ён уразіў экзамэнатараў, засьпяваўшы магутным барытонам «Спасі, Госпадзі, людзі Твая». Празь некалькі гадоў Селях, апантаны жаданьнем зрабіцца прафэсійным опэрным сьпеваком, едзе ў Пецярбург.

З адзнакай закончыўшы кансэрваторыю, ён перамагае больш за трыста канкурэнтаў і трыюмфальна трапляе ў славуты Марыінскі тэатар.

Нядаўні лагойскі хлапчук апынаецца на музычным Алімпе. Як прэм’ербарытон ён сьпявае разам з Шаляпіным ды іншымі зоркамі. Найбольш удалымі з дваццаці пяці ягоных роляў крытыка называе Барыса Гадунова, князя Ігара і Рыгалета. Здавалася, далей будуць адны ружы й авацыі. Але ў сярэдзіне 1920-х гадоў, зьдзівіўшы калегаў, Селях прымае прапанову старшыні Інстытуту беларускай культуры Ўсевалада Ігнатоўскага і пераяжджае ў Менск.

У 1927-м на сцэне Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-1) адбылася прэм’ера «Русалкі» А. Даргамыскага — першай опэры на беларускай мове. Селях прычыніўся да прэм’еры ў дзьвюх іпастасях — як рэжысэр і як выканаўца ролі Млынара. У тым самым годзе ён узначальвае БДТ-1 (сучасны Купалаўскі тэатар) і выводзіць яго ў шэраг найлепшых тэатральных калектываў краіны.

Аднак гэтыя посьпехі не былі паратункам ад пагрозы з боку ўсёмагутнага ведамства, у якім дасье, здаецца, мелі на кожнага. Пагатоў, за Селяхам вадзіліся не абыякія «грахі». Ён упарта адмаўляўся ўступаць у камуністычную партыю. Насуперак загаду наркамасьветы ня зьняў з рэпэртуару «падазроныя» спэктаклі «Кастусь Каліноўскі» і «Каваль-ваявода».

Каб уратавацца ад арышту ОГПУ, ён у 1933-м пакідае Беларусь і вяртаецца ў Менск ужо ў часе нямецкай акупацыі.

Блукаючы па сьвеце, Селях-Качанскі не пакідаў галоўнай справы жыцьця. У Нямеччыне ён стварыў Беларускі драматычны тэатар імя Галубка, у ЗША заснаваў тэатральную студыю, дзе ставіў п’есы Аляхновіча і Дуніна-Марцінкевіча. Вялікае значэньне ў жыцьці эміграцыі меў арганізаваны ім Беларускі нацыянальны хор.

Калі спадару Вячаславу ішоў ужо дзясяты дзясятак, ён адрэдагаваў «Сьпеўнік беларускага жаўнера». Няхай ён спатрэбіцца некалі ў нашым войску.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 310-311.

1891 — Уладзіслава Луцэвіч, беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Янкі Купалы, жонка Янкі Купалы.

Уладзіслава Луцэвіч і Янка Купала, 1916
Уладзіслава Луцэвіч і Янка Купала, 1916

У памяці

1938 — Карэл Чапэк, чэскі пісьменьнік і драматург.

Карэл Чапэк
Карэл Чапэк

1977 — Чарлі Чаплін, ангельскі актор, рэжысэр, сцэнарыст, прадусар.

Чарлі Чаплін у фільме "Вялікі дыктатар"
Чарлі Чаплін у фільме "Вялікі дыктатар"

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG