Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на «хімію» дырэктар вэб-студыі: «Пэрсанал турмы пераходзіў са мной на беларускую мову»


Глеб Койпіш
Глеб Койпіш

Дырэктар студыі вэб-дызайну Глеб Койпіш атрымаў 2 гады «хіміі» за пратэсты. Хто навучыў яго заскокваць на другі паверх нараў, як пэрсанал турмы пераходзіў зь ім на беларускую мову і чаму ён не ўцячэ ў Парыж — у інтэрвію Свабодзе.

«Прыйшлі»


Глебу Койпішу 36 гадоў. У іх з жонкай двое малых дзяцей. Ён мае невялікую студыю вэб-дызайну ў Горадні.

Сёлета 25 жніўня на Глебавай старонцы ў Facebook зьявіўся допіс «Прыйшлі». Прыйшлі да яго ў студыю шэсьць экіпаваных чалавек са словамі: «Рукі на стол». З сабой прынесьлі інструмэнты ламаць дзьверы.

У ГУБАЗіку зь ім спрабавалі запісаць «пакаяльнае відэа», аднак Глеб не адказваў на пытаньні. Ён адмовіўся разблякаваць тэлефон. Паўгадзіны тлумачыў, што ня хоча даваць доступ да асабістых фота сям’і і дзяцей. Побач стаяў чалавек, які ўвесь час разьмінаў суставы пальцаў на руках, але яго ня білі.

Пасьля гэтага 3,5 месяца інфармацыі пра Койпіша ў публічнай прасторы амаль не зьяўлялася. Сваякі былі супраць публікацый і прасілі знаёмых не прыходзіць на суд.

Бізнэсоўца трымалі ў горадзенскай турме. 9 сьнежня яго асудзілі на 2 гады «хіміі» і выпусьцілі з-пад варты.

Койпіша прызналі вінаватым ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020 году ў Горадні. Ягоны твар трапіў на здымкі сілавікоў. Глеб сваю віну прызнаў часткова — у тым, што знаходзіўся на месцы падзей. У той вечар сілавікі расьсеклі яму дручком галаву да крыві, зламалі палец на руцэ. На іх крымінальную справу не завялі.

За час турмы Глеб набраў 2 кіляграмы вагі. Напісаў і атрымаў па сотні лістоў. Прачытаў больш за 10 кніг. Навучыўся вязаць вяроўку з пакета ад хлеба і стаяць на руках. Зь ягонай фірмы сышлі два супрацоўнікі, а адзін працаўладкаваўся. Пасьля гэтага этапу жыцьця ён па-ранейшаму перакананы: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».

Надпіс на цішотцы Глеба
Надпіс на цішотцы Глеба

«Маёй галоўнай задачай было расьсьмяшыць жонку»

— Глеб, сям’я абрала стратэгію маўчаць. Якая ў вас пазыцыя адносна розгаласу?

— Толькі здаецца, што маўчаньне стварае бясьпеку людзям у турме. Я думаю, галоснасьць працуе на карысьць зьняволеных, бо яе баяцца. Трэба інфармацыю агалошваць. Але я вельмі ўдзячны сваёй сям’і, бо яны змагаліся за мяне.

— Вы казалі, што галоўнае выпрабаваньне выпадае ня вязьню, а ягоным родным. Патлумачце, калі ласка.

— Калі ты сябе файна паставіў у турме, то будзеш знаходзіцца там у нармальных умовах. Ня будзе пагрозы жыцьцю і здароўю. У мяне атрымалася шмат чытаць, працаваць, займацца спортам, гутарыць зь іншымі. Гэты досьвед асабіста для мяне быў вельмі карысны. З турмы я выйшаў мацнейшым.

Глеб з жонкай і дачкой
Глеб з жонкай і дачкой

Для сям’і гэта вельмі складана. Яны не разумеюць, што адбываецца з арыштантам, думаюць, што яго б’юць, не даюць есьці. На блізкіх звальваецца вялікая колькасьць побытавых пытаньняў. Нашай сям’і пашанцавала, бо ёй дапамагалі: вазілі сына на гурткі, рамантавалі аўтамабіль, трэнэр даў некалькі бясплатных заняткаў — гэта вельмі падтрымлівае эмацыйна.

— Пасьля прысуду Ціханоўскаму і паплечнікам пачаліся спрэчкі, ці варта казаць, што асуджаныя не адседзяць увесь тэрмін, што «ўсё будзе добра». Як варта, а як ня варта падтрымліваць вязьняў і іхніх блізкіх?

— Усё, што патрэбна чалавеку ў турме, — гэта ўвага да яго і веданьне, што ў сям’і ўсё ў парадку. Арыштанту хопіць проста лістоў: апошнія навіны, жартачкі, аповед пра сёньняшні дзень, якое прыгожае сонейка цяпер на небе. Дакладна ня трэба шкадаваць чалавека.

Я б, наадварот, даў параду арыштантам. Людзям на волі цяжэй. Таму вязьням трэба як мага больш падтрымаць сям’ю. Маёй галоўнай задачай з жонкай на сьвіданцы ў турме было яе расьсьмяшыць.

«Даруйце, я вас зараз абшукаю»

— Як вашае зьняволеньне паўплывала на працу кампаніі?

— У нас шматлікія працэсы былі завязаныя на мяне. Не было чалавека, які мог бы адначасна падхапіць усё. Але дзякуючы чалавечым і прафэсійным якасьцям каманда пераадолела гэты пэрыяд. Фірма працавала ўвесь гэты час.

95% кліентаў сказалі: «Мы ўсё разумеем, не хвалюйцеся». Некаторыя прапаноўвалі дапамогу. Наш партнэр прапанаваў мне зь сям’ёй пераезд у Францыю.

Адразу ў мэдыя зьявілася няправільная інфармацыя пра ператрус у офісе, якога не было. Гэта адштурхнула патэнцыйных кліентаў. Многія думалі, што мы не працуем або працуем у абмежаваным рэжыме.

— Вы размаўлялі ў турме і ў судзе па-беларуску. Як гэта ўплывала на іншых?

— На волі я гаварыў па-беларуску зь беларускамоўнымі людзьмі і сынам. За кратамі трыгерам стала тое, што мы сустрэліся зь Дзянісам Івашыным (журналістам-расьсьледавальнікам, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве. — РС), пачалі размаўляць па-беларуску, да нас далучыліся яшчэ некалькі чалавек.

Пэрсанал турмы, калі мне прыносілі перадачы, зьвярталіся на беларускай мове: «Добры дзень! Вось вам гародніна, садавіна. Вось тут напішыце: „Атрымаў цалкам“». Гэта было вельмі прыемна. Зь бібліятэкарамі, лекарамі можна было паразмаўляць па-беларуску. Калі вярталіся з «гулкі», я дзякаваў за яе, адказвалі: «Калі ласка».

— Як у турме застацца чалавекам?

— Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. У турме ёсьць свае правілы. Трэба азірнуцца і іх вывучыць. Але не абавязкова ўсіх іх прытрымлівацца. Ёсьць правіла дзяліцца інфармацыяй, хто куды заехаў, па якіх артыкулах; дапамагаць людзям у патрэбе, асабліва тым, хто заехаў на «кічу» (у карцар. — РС). Гэта ў турме называецца «людзкім».

Сярод «вертухаяў» (работнікаў турмы. — РС) таксама ёсьць добрыя людзі. «Шмон» (вобшук у камэры. — РС) можна правесьці па-рознаму. Адзін чалавек перад тым, як мяне абшукаць, запытаўся: «Даруйце, я вас зараз абшукаю. Я нічога не зламаю ў вашых кішэнях?».

У турме я пазнаёміўся зь цікавымі людзьмі. Сярод іх Артур Жвірыдоўскі з Астраўца. Ён прафэсійны трэйсэр, вучыў мяне паркуру. Гэта было весела. Я цяпер магу ўскочыць на другі паверх «шконкі» (нараў. — РС) адразу нагамі, а не азадкам.

«У турме варта жыць паўнавартасным жыцьцём»

— Чаму вы яшчэ навучыліся ў турме?

— Турма — гэта выдатнае месца, каб паразважаць. Час, каб зразумець, што ты робіш штодня, навошта ты гэта робіш, што галоўнае, што другаснае.

У турме можна шмат працаваць. У першыя тыдні ў мяне быў вялікі эмацыйны і мэнтальны ўздым. Я сьпісаў цэлы сшытак стратэгіямі па HR, продажах, вырабе прадукцыі.

Зараз раскажу, як выйсьці з турмы ў добрым эмацыйным і фізычным стане. Я прачытаў артыкул па эмацыйным інтэлекце. Там былі тры парады:

  • рэалістычна ўспрымаць рэчаіснасьць (горш за ўсё ў турме тым, хто спадзяецца «на наступным тыдні выйсьці»);
  • цаніць сваё жыцьцё ў канкрэтны пэрыяд;
  • умець рабіць нешта з абмежаваных рэсурсаў і хутка прымаць рашэньні ў нестандартных сытуацыях.

У турме варта жыць паўнавартасным жыцьцём з улікам абмежаваньняў. У турме нельга мець вяроўку, але яны неяк вяжуцца, нельга мець нож, але нечым там рэжуць каўбасу.

Разам з дачкой
Разам з дачкой

У турме я зразумеў, што варта атрымліваць асалоду ад кожнага моманту. Кожнаму варта час ад часу запавольвацца і разважаць, куды ён бяжыць. Варта больш часу праводзіць зь сям’ёй і сябрамі.

— Вам прапанавалі зьехаць у Парыж. Вядомыя выпадкі, калі вязьні ўцякалі за мяжу перад «хіміяй» або з «хіміі». Вы вырашылі застацца ў Беларусі. Чаму?

— Я вырашыў яшчэ год таму: пакуль ня будзе фізычнай пагрозы маёй сям’і, мы застаёмся тут. Калі мы цяпер зьедзем у іншую краіну, дзеці пойдуць у школу зь іншай мовай адукацыі, завядуць свае сяброўствы. Я пачну новы бізнэс за мяжой. Тады мы наўрад ці некалі вернемся ў Беларусь. Жонка цалкам падтрымлівае мой выбар.

Яшчэ раз скажу: вязьням варта заставацца бадзёрымі і перадаваць гэтую бадзёрасьць родным. Блізкім на волі варта аб’яднацца і таксама перадаваць сваю бадзёрасьць арыштанту. Тады гэты час стане прыгодамі, а сям’я — мацнейшай.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG