Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі аўтару гімну «Пагоня» і сустрэча адэптаў «русского мира». Што прапагандысты Лукашэнкі рабілі ў Ялце


Лівадзійскі палац, Ялта
Лівадзійскі палац, Ялта

Лукашэнка зьбіраецца наведаць Крым «у адпаведны момант». Пакуль жа анэксаваны Расеяй украінскі паўвостраў наведала дэлегацыя ягоных прапагандыстаў. Расейскія СМІ называлі візыт афіцыйным, а самі госьці — прыватным. Што яны там рабілі?

Пяціасабовая дэлегацыя зь Беларусі прыбыла ў Крым 9 сьнежня. Гэта адбылося празь дзевяць дзён пасьля таго, як Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта і дэ-юрэ належыць Расеі. Нягледзячы на спробы расейскіх СМІ прадставіць гэтую паездку як візыт «афіцыйнай беларускай дэлегацыі», у яе складзе ня было аніводнага чыноўніка.

Дэлегацыю зь Беларусі склалі вядомыя гледачам беларускіх і расейскіх дзяржканалаў удзельнікі прапагандысцкіх шоў:

  • Аляксандар Шпакоўскі — палітычны камэнтатар.
  • Аляксандар Шацько — намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь».
  • Аляксей Дзерман — палітычны камэнтатар, супрацоўнік Акадэміі навук.
  • Сяргей Лушч — кіраўнік прарасейскай партыі «Саюз», якой улады ўвесну адмовілі ў рэгістрацыі.
  • Аляксей Аўдонін — аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Кветкі на магілы Багдановіча і ідэоляга «русского мира»

Візыт у Крым працягваўся два дні. Вядома пра два пункты праграмы прапагандыстаў. У першы дзень яны наведалі магілу паэта Максіма Багдановіча, адзначыўшы ягонае 130-годзьдзе. З гэтай нагоды адзін з расейскіх сайтаў апублікаваў артыкул, у якім прадставіў Багдановіча як прыхільніка эўразійскай ідэі і згадаў пра верш «Слуцкія ткачыхі», які адзін з прапагандыстаў прачытаў на магіле беларускага клясыка: «Менавіта гэты верш зачытаў на памяць ля магілы паэта беларускі філёзаф Аляксей Дзерман, які, як і Максім Багдановіч, лічыць слушнай і натуральнай любоў да беларускай культуры ў кантэксьце саюзнага будаўніцтва».

Увечары таго ж дня ў музэі Лесі Ўкраінкі ў Ялце адбыўся творчы вечар у памяць паэта.

На другі дзень візыту пяцёра прапагандыстаў наведалі магілу расейскага філёзафа Мікалая Данілеўскага і ўзялі ўдзел у паседжаньні Лівадыйскага клюбу.

Лівадыйскі клюб быў створаны ў 2018 годзе. На сайце крымскага парлямэнту яго апісваюць так: «нефармальнае аб’яднаньне прыхільнікаў ідэі „русского мира“, гатовых да сумесных намаганьняў па яго асэнсаваньні, прасоўваньні, структурным і канцэптуальным афармленьні».

Менавіта Данілеўскага ўдзельнікі клюбу лічаць сваім ідэолягам. Ён быў тэарэтыкам супрацьстаяньня Эўропы і Расеі, жыў і быў пахаваны ў Крыме. Сваю канцэпцыю Данілеўскі будаваў на прыхільнасьці да праваслаўя, самадзяржаўя і адзінай дзяржавы для славянаў — славянскай фэдэрацыі. Адэпты ідэі эўразійства, да якіх сябе залічваюць удзельнікі беларускай дэлегацыі, лічаць яго адной з ключавых фігураў свайго руху.

«Інтэграцыйны саюз з улікам крымскага кантэксту»

Менавіта эўразійству і было прысьвечана асноўнае паседжаньне Лівадыйскага клюбу. Аднак, нягледзячы на гучную назву «Эўразійства — ідэалёгія будучыні», адкрывалі гэтую сустрэчу шараговыя прадстаўнікі мясцовай улады Крыму.

У рамках сустрэчы прайшло таксама пасяджэньне Экспэртнага клюбу так званай «саюзнай дзяржавы». У прэс-рэлізе арганізатараў гаворыцца, што з дакладамі «аб пэрспэктывах разьвіцьця інтэграцыйнага саюза з улікам крымскага кантэксту» выступілі палітолягі, навукоўцы, грамадзкія дзеячы зь Беларусі, Азэрбайджану, «ДНР» і «ЛНР».

Як сказаў расейскаму агенцтву РИА Новости Дзерман, гаворачы пра мэту спатканьня, «перад экспэртамі стаіць задача „ідэнтыфікаваць сувязі Расеі і Беларусі, і, у прыватнасьці, па крымскім напрамку“».

У адным з допісаў у сваім тэлеграм-канале Дзерман прыадкрыў яшчэ адну тэму абмеркаваньня ў Ялце:

«А вось нездарма мы ў Крыме, у Ялце, у Лівадыйскім палацы гаварылі пра неабходнасьць пляну ў дачыненьні да Польшчы, падзелу прыбалтыйскай спадчыны. А дзе ж яшчэ, як ня там? Пра гэта трэба задумацца сур’ёзна. Гэта агульная саюзная задача», — напісаў прапагандыст.

Іншы прадстаўнік дэлегацыі зь Беларусі, лідэр незарэгістраванай прарасейскай партыі «Саюз» Сяргей Лушч напісаў у сваім Фэйсбуку, што асноўныя акцэнты ў сваім выступе прысьвяціў эканамічнаму супрацоўніцтву і згадаў, што «крымскае пытаньне» канчаткова перастае быць табуяванай тэмай у Беларусі.

«Аргкамітэт партыі „САЮЗ“ фактычна першы адкрыта заявіў прызнаньне Крыму ў якасьці пункту сваёй палітычнай праграмы, як і інтэграцыю сувэрэнных Беларусі і Расеі ў рамках Саюзнай Дзяржавы».

Дамовіліся стварыць профіль у сацсетках

Некаторыя расейскія СМІ, апісваючы візыт беларускай дэлегацыі, называлі яго афіцыйным, надаючы гэтым самым вагу яго ўдзельнікам і зьвязваючы гэта з прызнаньнем Лукашэнкам Крыму. Але пытаньне афіцыйнага статусу зьняпраўдзіў сам удзельнік дэлегацыі Аляксандар Шпакоўскі. У сваім тэлеграм-канале ён напісаў, што прыезд у Крым носіць прыватны характар і тлумачыцца прафэсійнымі інтарэсамі.

«Пытаньне аб статусе Крыму знаходзіцца ў плоскасьці перамоваў упаўнаважаных дзяржаўных субʼектаў Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі. Рызыкну меркаваць, што гэтае пытаньне будзе станоўча вырашана ўжо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве», — напісаў Шпакоўскі.

У падобным ключы выказаўся і іншы прапагандыст, Аляксей Аўдонін. У сваім фэйсбуку ён напісаў:

«Калі паўстае пытаньне, чый Крым: ня трэба думаць, тэрмінова ляціце ў Крым, паразмаўляйце з крымчанамі, далучыцеся да гэтага духу, і тады мацней пачняце любіць і разумець Беларусь і яе барацьбу за свабоду і незалежнасьць».

Гэтую думку працягнуў у інтэрвію мясцовым СМІ кіраўнік рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыму» Раман Чаргінец. Паводле ягоных словаў, цяпер улады Крыму рыхтуюцца да візыту афіцыйных асобаў Беларусі. Каго канкрэтна, ён не ўдакладніў.

Чым завяршылася паседжаньне Лівадыйскага клюбу, у якім узялі ўдзел прапагандысты Лукашэнкі? Вынікам пасяджэньня стала падпісаньне «Рэзалюцыі Лівадыйскага клюбу», у якой, сярод іншага, прапануецца стварыць пастаянную дыскусійную пляцоўку клюбу ў сацыяльных сетках, заснаваць друкаванае выданьне «Весьнік Лівадыйскага клюбу», працягнуць папулярызацыю Лівадыйскага клюбу шляхам арганізацыі выязных паседжаньняў у ключавых пунктах «русского мира».

Напярэдадні візыту:

  • 30 лістапада Лукашэнка заявіў, што «Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расейскім» пасьля непрызнанага ААН, ЭЗ, ЗША, Украінай і яе саюзьнікамі «крымскага рэфэрэндуму».
  • Лукашэнка таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсьць дамоўленасьць з Пуціным.
  • Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што раней не прызнаваў анэксаваны Крым «расейскім» праз Будапэшцкі мэмарандум.
  • У жніўні 2021 году Лукашэнка заяўляў, што прызнае анэксаваны Крым «расейскім», калі «апошні расейскі алігарх» пачне пастаўляць прадукцыю на паўвостраў.
  • Краіны Захаду не прызналі перамогу Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта ў сувязі з фальсыфікацыямі, а таксама ўвялі супраць Беларусі некалькі пакетаў санкцыяў. Яны заклікаюць правесьці ў краіне новыя выбары з захаваньнем дэмакратычных стандартаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG