Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Бэтховэна, год таму — ухвалены трэці пакет санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі


Людвіг ван Бэтховэн, карціна Карла Штылера
Людвіг ван Бэтховэн, карціна Карла Штылера

Падзеі 16 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

У гэты дзень год таму

  • Амбасадары краінаў Эўразьвязу ўхвалілі трэці пакет санкцыяў адносна Беларусі.
  • Жонка палітвязьня Ігара Лосіка Дар’я расказала пра першы дзень галадоўкі ў падтрымку мужа, якога цяпер трымаюць у турме ў Жодзіне.
  • У Эўрапарлямэнце лідэрам беларускай грамадзянскай супольнасьці ўручылі прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2020 год.
  • Сэнат ЗША зацьвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадаркі ЗША ў Беларусі.

Дзень у гісторыі

1388 — першая згадка Маладэчна ў пісьмовых крыніцах.

1555 — першая летапісная згадка пра цяперашні Столін у Берасьцейскай вобласьці.

1773 — «Бостанскае піцьцё гарбаты»: жыхары Бостану выкінулі ў мора груз гарбаты з ангельскага судна на знак пратэсту супраць мытнай палітыкі Вялікай Брытаніі; гэтую падзею прынята лічыць пачаткам амэрыканскай вайны за незалежнасьць.

1918 — у Вілейцы было абвешчана пра стварэньне Літоўскай савецкай рэспублікі.

1920 — землятрус у кітайскім горадзе Ганьсу, ад яго загінула за 200 тысяч чалавек, адзін з самых разбуральных землятрусаў у гісторыі чалавецтва.

1951 — быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку — адна з найбольш значных культурных установаў беларускае эміграцыі.

1971 — Банглядэш атрымаў незалежнасьць ад Пакістану.

1986 — у Алма-Аце адбыўся масавы выступ моладзі супраць рашэньня пленуму ЦК КПК, на якім першым сакратаром ЦК быў прызначаны рэкамэндаваны Масквой Генадзь Колбін. Пазьней быў вылучаны лёзунг «самавызначэньня», супраць маніфэстантаў ужылі сілу, некалькі чалавек былі забітыя. У студзені 1987 году Пленум ЦК КПСС назваў падзеі ў Алма-Аце «праявай казаскага нацыяналізму».

Людзі ўскладаюць кветкі да мэмарыялу ахвяраў пратэстаў сьнежня 1986 году, Алматы
Людзі ўскладаюць кветкі да мэмарыялу ахвяраў пратэстаў сьнежня 1986 году, Алматы

1991 — Казахстан абвясьціў незалежнасьць.

2011 — адбыўся расстрэл мітынгу нафтавікоў у казаскім горадзе Жанаазэн. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 17 чалавек, паводле неафіцыйных — 90.

У гэты дзень нарадзіліся

1770 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.

1903 — Іван Ахрэмчык, беларускі мастак.

Магіла Івана Ахрэмчыка на Ўсходніх могілках у Менску
Магіла Івана Ахрэмчыка на Ўсходніх могілках у Менску

1905 — Мікалай Сярдобаў, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.

Мікалай Сярдобаў ў ролі Каліноўскага ў опэры «Кастусь Каліноўскі», 1947
Мікалай Сярдобаў ў ролі Каліноўскага ў опэры «Кастусь Каліноўскі», 1947

1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

1917 — Артур Кларк, ангельскі пісьменьнік, вучоны, футуроляг і вынаходнік.

1939 — Алег Бембель, беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, дысыдэнт, праваслаўны манах.

Алег Бембель (інак Мікалай)
Алег Бембель (інак Мікалай)

1955 — Слава Корань, гітарыст і вакаліст, лідэр рок-гурту «Уліс».

1965 — Васіль Храмцоў, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Пры канцы 1980-х Васіль Храмцоў вывесіў у Наваполацку дзясяткі бел-чырвона-белых сьцягоў, за што некалькі разоў блізка пазнаёміўся зь міліцыянтамі і «самым справядлівым у сьвеце» судом. Назаўтра, як Вярхоўны Савет зацьвердзіў наш сьцяг дзяржаўным, Васіль зь сябрамі ўзьняў яго над наваполацкім і полацкім гарвыканкамамі. Тады выкліканыя чыноўнікамі міліцыянты і гэбісты былі ўжо бясьсільныя. Я таксама наведваўся ў той дзень у кабінэт полацкага начальніка, падымаўся зь сьцягам на заваленае савецкімі транспарантамі і загаджанае галубамі гарвыканкамаўскае гарышча, меў у пераможным фінале гутарку з падпалкоўнікам, што захоўваў інкогніта, і зь яго падначаленым з адметным прозьвішчам Кашчэеў. Тыя падзеі адлюстраваліся ў маёй міні-п’есцы «Сьцягі над горадам», якая потым, бывала, разыгрывалася рэальнымі дзейнымі асобамі ў ролях.

Васіль далучыўся да беларускага дэмакратычнага руху ўжо прызнаным лідэрам шматтысячных наваполацкіх экалягічных пратэстаў. Ён быў сярод арганізатараў першых беларускіх клясаў. Яго арыштоўвалі за ўдзел у аргкамітэце Канфэдэрацыі беларускіх суполак. На менскіх Дзядах-1988 ён пасьпеў зрабіць унікальныя фота. Мы зноў сустрэліся ў Вільні на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Васіль проста жыў сваімі беларускімі справамі, прычым заўсёды быў заточаны на нешта новае. З студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага ўнівэрсытэту ён стварыў гістарычна-культурніцкі клюб «Княжыч», што прышчапіў патрыятызм не адной сотні юнакоў і дзяўчат. Ачоленая Храмцовым супольнасьць «Усяслаў Чарадзей» разам з «Княжычам» таленавіта адраджала народныя сьвяты — Гуканьне вясны, Дзяды, Каляды. Купальлі на полацкіх азёрах, дзе Васіль неадменна пераўвасабляўся ў Князя-Купаліша, ператварыліся, па сутнасьці, у агульнанацыянальнае сьвята. Туды з году ў год прыяжджалі цэлыя аўтобусы беларусаў з замежжа, нават з Амэрыкі.

Васіля можна было ўбачыць у чарнобыльскай зоне, куды ён вазіў перададзеныя нашай дыяспарай лекі, і ў перадвыбарчых штабах дэмакратычных кандыдатаў. Ён дапамагаў выдаваць у Прыдзьвіньні дзясяткі рэгіянальных незалежных газэт і бюлетэняў. Яго, хворага на дыябэт з абавязковымі іньекцыямі інсуліну, пасадзілі «на суткі» ў час прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Храмцоў прывабліваў да сябе людзей шматстайнымі зацікаўленьнямі і здольнасьцямі: калекцыянаваў гістарычныя артэфакты, стаў прызнаным фатографам, пісаў вершы, пакінуўшы па сабе вялікую нізку «Балахоўскі цыкль».

Часам мроіцца: ягоная трагічна раньняя сьмерць — нечая прыдумка, мы спаткаемся на Купальлі, і ён налье мне шклянку свайго непаўторнага крупніку, рэцэпт якога так пакуль ніхто і не аднавіў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 606-607.

У памяці

2009 — Ягор Гайдар, расейскі эканаміст і палітык.

Ягор Гайдар
Ягор Гайдар

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG