Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 115 гадоў «Нашай ніве»; год таму — «Марш мудрасьці» ў Менску


Падзеі 23 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

23 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты «Наша ніва». Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданьне газэты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першае ўсясьветнае вайны – нямецкія войскі набліжаліся да Вільні.

У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэньне «Нашай нівы». У 1996-м рэдакцыя газэты пераехала ў Менск. У чэрвені 2018 «Наша ніва» спыніла выхад папяровай газэты, а праз два месяцы стала выдаваць ілюстраваны гістарычны часопіс.

Першы нумар часопісу «Наша гісторыя»
Першы нумар часопісу «Наша гісторыя»

У гэты дзень год таму

  • Некалькі тысяч пэнсіянэраў выйшлі на «Марш мудрасьці» ў Менску, сілавікі заблякавалі ім шлях на праспэкце.
  • Кіраўнік МЗС Уладзімер Макей прыгразіў Эўразьвязу санкцыямі ў адказ.
  • Краіны Балтыі ўзгаднілі салідарны санкцыйны сьпіс супраць беларускага рэжыму, у яго ўвайшлі 156 імёнаў.

Таксама ў гэты дзень

1793 — у Горадні скончыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы расейскае царыцы Кацярыны II, гэты сойм мусіў замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Дэпутаты маўчалі некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.

Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай
Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай

1831 — у Санкт-Пецярбургу адкрыўся Румянцаўскі музэй. Кнігі, рукапісы, манэты, этнаграфічныя і мастацкія калекцыі былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе сваіх ваенных паходаў. Пазьней музэй быў перавезены зь Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе была створаная Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стала бібліятэкай імя Леніна — галоўнай расейскай бібліятэкай.

Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу
Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу

1959 — прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь дэкляраваў лёзунг «Эўропа ад Атлянтыкі да Ўралу».

1979 — быў выдадзены падвойны альбом «Сьцяна» брытанскага гурту Pink Floyd.

1991 — Фрэдзі Мэркуры пацьвердзіў чуткі пра тое, што ў яго СНІД. Увечары наступнага дня ён памёр.

У гэты дзень нарадзіліся

1871 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

1910 — Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.

Ён быў неардынарнай асобаю, якая прываблівала і сяброў, і, вядома, супрацоўнікаў «органаў»: вывучаў замежныя мовы, чытаў у арыгінале Гайнэ й Міцкевіча, чамусьці цікавіўся фізыкай, тлумачачы гэта працаю над фантастычным раманам які — «Вызваленьне сіл» — сапраўды быў напісаны і стаўся адным зь першых у нашай літаратуры навукова-фантастычных твораў. Ён называў сябе пралетарскім пісьменьнікам, але адначасна казаў калегам пра намер уцячы ў Заходнюю Бе ларусь, каб «пісаць, што яму хочацца, а не выконваць сацыяльны заказ партыі». Апрача таго, у ОГПУ прыходзілі сыгналы, што Зьмітрок з прыяцелямі слухае ў сваёй кватэры варожыя радыёгаласы.

У 1933-м ён быў засуджаны на тры гады высылкі. Пісьменьнік Ян Скрыган, які адбываў разам з Астапенкам пакараньне ў Сіблягу, пісаў пра ягоныя дзіўныя паводзіны, у прыватнасьці, пра пытаньні, ці ня хоча ён, Скрыган, пабываць у Нямеччыне. Усё гэта мела пад сабою нейкія падставы, бо Астапенку вызвалілі датэрмінова, дазволіўшы працаваць у Маскве. Але замест Нямеччыны ў сярэдзіне трыццатых ён зноў апынуўся за кратамі.

Пасьля шасьці месяцаў бясконцых допытаўканвэераў і катаваньняў Зьмітрок «згадаў», што ў сваёй контрарэва люцыйнай арганізацыі яны абмяркоўвалі жыцьцё ў вольнай капіталістычнай Беларусі, а ён прыдумаў штрафаваць там за карыстаньне расейскай мовай. Такая вынаходка заважыла на восем гадоў пазбаўленьня волі.

У часе вайны паэта, нягледзячы на ягоныя ўцёкі зь лягеру (праўда, тайга й маразы змусілі туды вярнуцца) зноў вызваляюць з дазволам жыць у Маскве.

У 1943-м Астапенка пісаў:

Паклянёмся любіць наш край!
Паклянёмся, што ў нашыя сэрцы
Не ўкрадзецца ні страх, ні адчай,
Ні спалох немінучае сьмерці…

Праз год у складзе групы выведнікаў ён быў перакінуты ў Славаччыну і, паводле афіцыйнае вэрсіі, там загінуў. Але былы аднакурсьнік і сябра Аркадзь Куляшоў сьцьвярджаў, што бачыў яго пасьля вайны ў маскоўскім натоўпе…

Калі так, то паэт меў рэальны шанец дажыць да таго часу, калі ягоны сон пра наш сьцяг над Домам ураду стаўся яваю.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 224–225.

У памяці

1886 — памёр Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор адзін зь першых адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.

Адам Кіркор
Адам Кіркор

1970 — памёр Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. У 1970-х, калі гарадзкія ўлады руйнавалі гістарычны цэнтар Менску, Цікоцкі быў адным з актыўных абаронцаў архітэктурнай спадчыны.

2006 — у выніку атручэньня палоніем памёр Аляксандар Літвіненка, былы супрацоўнік КДБ-ФСБ. Існуе думка, што Літвіненка быў забіты за тое, што знайшоў доказы сувязяў блізкіх да Пуціна чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасьцю.

Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG