Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 лістапада: затрыманую ў Расеі беларуску ўзялі пад варту; 3 гады «хіміі» за счэпку

абноўлена

Камэра ў СІЗА. Ілюстрацыйнае фота
Камэра ў СІЗА. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не спыняецца перасьлед грамадзян з палітычных прычынаў. Свабода вядзе хроніку падзей і прысудаў.

Затрыманую ў Санкт-Пецярбургу беларуску пакінулі пад вартай

3 лістапада ў Санкт-Пецярбургу адбыўся суд аб выбары меры стрыманьня да экстрадыцыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук. Да суду двое сутак яна ўтрымлівалася ў ІЧУ Васілявостраўскага раёну, піша «Вясна».

Як расказала адвакатка Яны, пад вартай яна будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да 10 сьнежня. Затым пракуратура будзе вырашаць яе лёс і пытаньне аб экстрадыцыі ў Беларусь. Крымінальную справу супраць Пінчук распачалі сёлета ў траўні праз тое, што яна «вяла нейкі тэлеграм-канал». Пакуль невядома, пра які канкрэтна канал вядзецца.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у дачыненьні да беларускі распачатая справа па артыкулах аб «распальваньні варожасьці» і «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Дзяўчыну абвясьцілі ў вышук на радзіме. Цэлы год яна ня езьдзіла ў Беларусь, але на 4 лістапада ў яе быў куплены квіток у Віцебск, каб разабрацца з крымінальнай справай. Затрымалі Яну 1 лістапада дома ў яе маладога чалавека, грамадзяніна Расеі.

Замовілі экскурсію і затрымалі: экскурсавода арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаваньне»

2 лістапада на плошчы Свабоды ў Менску затрымалі экскурсавода Аксану Манкевіч. Сёньня яе судзілі ў судзе Цэнтральнага раёну за непадпарадкаваньне міліцыянтам па арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «адмовілася прайсьці ў РУУС па факце разбору па падазрэньні ў захоўваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраваньне», паведамляе «Вясна».

Віну на судзе Аксана не прызнала. Яна расказала, што на выходных ёй патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то ня ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасьведчаньне, і аказалася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію.

«Спачатку нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсьці. І я зразумела, куды мы пойдзем, бо побач Рэвалюцыйная, 3 [там будынак ГУБАЗіКа]». Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесьці пароль на тэлефоне, каб яго разблякаваць. Праз хваляваньне яна не магла ўспомніць пароль. Потым усё ж такі ўскрылі тэлефон, але нічога там не знайшлі. Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу прапанавалі запісаць пакаяльнае відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у чым трэба каяцца».

Пасьля супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус, потым яшчэ раз заехалі ў ГУБАЗіК і павезьлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС. «Яны бачылі, што я адэкватна сябе паводжу, і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС».

На судзе ў якасьці сьведкі дапыталі міліцыянта Александровіча, які заявіў, што Манцэвіч была затрыманая па «падазрэньні ў захоўваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На судзе ён блытаўся ў паказаньнях (напрыклад, казаў, што Аксана была ў сінім касьцюме, а насамрэч — у шэрым паліто) і паведаміў, што здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася. На судзе супрацоўніка прадставілі як таго, хто затрымліваў Манцэвіч, хоць яна гэта абвергла.

У выніку судзьдзя Шабуня арыштавала Аксану на 15 сутак.

«Хімія» за счэпку на акцыі 9 жніўня

У судзе Маскоўскага раёну Менску 2 лістапада вынесьлі прысуд 28-гадоваму палітзьняволенаму менчуку Дзянісу Лазоўскаму. За ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў у Менску судзьдзя Тацяна Пірожнікава асудзіла яго па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу на 3 гады «хіміі».

Пасьля 2,5 месяца пад арыштам Дзяніс выйшаў на волю. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Фёдар Сініцкі.

Лазоўскага абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку, а менавіта ў тым, што 9 жніўня мінулага году ён блякаваў дарогу счэпкай, выкрыкваў лёзунгі і пляскаў у ладкі. На судзе Лазоўскі віну прызнаў і раскаяўся. Хлопца затрымалі больш як праз год пасьля падзей — 17 жніўня 2021 году. Правялі ператрус, знайшлі майку, у якой ён удзельнічаў у акцыі, на тэлефоне былі фатаграфіі з пратэставай акцыі. Дзяніса ідэнтыфікавалі па фота, дзе ён стаіць у счэпцы на акцыі пратэсту 9 жніўня.

Сьлесара Андрэя Юніка пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі» за падзеі 2020 году

У судзе Цэнтральнага раёну Менску асудзілі жыхара Вялікага Сьціклева сьлесара Андрэя Юніка. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 342 КК РБ і пакаралі абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца — пракурор Генпракуратуры Ганчар.

Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, 6 верасьня 2020 году з 13 до 20 гадзіны, знаходзячыся на праспэктах Незалежнасьці і Машэрава, а таксама вуліцы Леніна, у тым ліку на праезнай частцы, ён разам з групай іншых «прыняў актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, публічна выкрыкваў лёзунгі, зьдзяйсьняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на працяглае парушэньне спакою грамадзян». Таксама ён нібыта неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаваньні міліцыянтаў, наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў.

Андрэй Юнік 1988 году нараджэньня, працуе сьлесарам, халасты, дзяцей ня мае.

У гомельскага грамадзкага актывіста зноў правялі ператрус

Пра ператрус у кватэры Ільлі Міронава на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла маці палітвязьня Валянціна. Паводле яе словаў, сілавікі нічога не знайшлі, «бо ўсё, што можна, ужо забралі пры папярэдніх ператрусах».

Ільля Міронаў быў затрыманы 30 верасьня па «справе Зельцара». Вядома, што палітвязень праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (распальваньне сацыяльнай варажнечы). Таксама паведамлялася, што Міронава правяралі на фінансаваньне экстрэмізму.

Былога паштальёна асудзілі на тры гады калёніі за каардынацыю пратэстаў

У судзе Маскоўскага раёну Менску 2 лістапада вынесьлі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да былога паштальёна Вадзіма Цагельніка: судзьдзя Лідзія Целіца прызнала яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) — і асудзіла на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Ён узяты пад варту ў залі суду.

З матэрыялаў сьледзтва вядома, што 21-гадовы Вадзім Цагельнік «ажыцьцяўляў дэструктыўную дзейнасьць, накіраваную на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадзтве», у інтэрнэце: заклікаў да масавых беспарадкаў, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы грамадзкага транспарту.

Пракурор Яўген Серакоў прасіў суд вынесьці абвінаваўчы прысуд, бо, на ягоную думку, віна даказаная цалкам: зыходзячы з паказаньняў, Цагельнік пакідаў камэнтары абразьлівага характару, што пацьвярджаецца матэрыяламі справы. Па артыкуле 369 КК таксама прызнаць вінаватым, абцяжарваючыя абставіны — наяўнасьць ранейшай судзімасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG