Як паведамляе падкантрольнае Талібану дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Бахтар», атаку зьдзейсьнілі баевікі «Ісламскай дзяржавы».
Нападнікі дзейнічалі па ўжо адпрацаванай схеме. Спачатку яны ўзарвалі бомбу каля ўваходу ў вайсковы шпіталь, які строга ахоўваўся, а потым уварваліся на яго тэрыторыю. Паводле слоў прадстаўніка Талібану, бомбы прывялі ў дзеяньне два сьмяротнікі. Колькі ўсяго тэрарыстаў атакавалі шпіталь, пакуль невядома. Сутычка з нападнікамі працягвалася некалькі гадзін. Для правядзеньня спэцапэрацыі талібы ачапілі найбліжэйшыя кварталы і паднялі ў паветра верталёты. Хворыя, наведнікі і пэрсанал былі вымушаны самастойна эвакуавацца са шпіталя.
Пакуль ніводная зь дзейных на тэрыторыі Афганістану груповак не ўзяла на сябе адказнасьці за тэракт. Аднак талібы заяўляюць, што нападнікі былі прыхільнікамі «Ісламскай дзяржавы».
Нягледзячы на запэўніваньні талібаў, сытуацыя зь бясьпекай у Афганістане працягвае пагаршацца. Сёньня ў сацсетках распаўсюдзілі відэа нападу невядомых узброеных людзей на цывільны аўтамабіль: інцыдэнт, як пішуць карыстальнікі, адбыўся ў Джэлалабадзе, сталіцы правінцыі Нангархар. Там жа раніцай мінакі знайшлі на дрэве двух павешаных. Падобны мэтад пакараньня пачалі практыкаваць талібы пасьля захопу ўлады ў краіне. Але хто былі пакараныя і якое злачынства яны зьдзейсьнілі, пакуль невядома.