Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: у Беларусі адзначаюць Дзяды; год таму — у Менску прайшоў марш пэнсіянэраў


Марш пэнсіянэраў, Менск, 2 лістапада 2020 году
Марш пэнсіянэраў, Менск, 2 лістапада 2020 году

Падзеі 2 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Даты дня

Дзяды — старадаўняя народна-рэлігійная традыцыя памінаньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.

Паводле каталіцкага календара 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Зьмітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада.

У першай палове 1990-х у Беларусі Дзяды былі афіцыйным выходным днём і адзначаліся 2 лістапада.

Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў.

У гэты дзень год таму

  • 231 чалавека зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе за нядзельны марш на Курапаты.
  • У сьпісе праваабарончага цэнтру «Вясна» — больш за 300 затрыманых за ўдзел у традыцыйным маршы на Курапаты, які адбыўся ў нядзелю.
  • У Менску на марш пэнсіянэраў выйшла больш за тысячу чалавек.
  • «Нафтан» накіраваў рабочых на «Гродна Азот», дзе страйкавалі працаўнікі.
  • У Менску і Гомлі ўлады зачынілі шэраг устаноў харчаваньня, якія не працавалі 26 кастрычніка — у першы дзень страйку, абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай.
  • Прынамсі 200 выкладчыкаў і супрацоўнікаў мэдычнага ўнівэрсытэту падпісалі ліст у падтрымку адлічаных па палітычных матывах.
  • Справаздача АБСЭ аб сытуацыі ў Беларусі напярэдадні і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня сьцьвярджае, што ёсьць «пераканаўчыя доказы» таго, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя.

Гэты дзень у гісторыі

1648 — упершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта на ўкраінскіх землях, а загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі больш як 12 тысяч габрэяў.

1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон аб улучэньні Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньні яе ў Беларускую ССР.

1967 — у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. На сёньня гэта найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, яе цяперашняя назва — Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі.

2002 — ва ўрочышчы Курапаты ўсталяваны крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных аўтарства Аляксея Марачкіна.

Курапаты
Курапаты

У гэты дзень нарадзіліся

1836 — Міхал Андрыёлі, беларускі мастак і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага.

1869 — Ёсіф Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з найстарэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.

Ёсіф Стаброўскі, чыё імя сёньня мае Слонімскі краязнаўчы музэй, — адзін з маіх улюбёных герояў «Таямніцаў полацкай гісторыі».

Пачатак ягонага жыцьцёвага шляху прадвызначыла зьяўленьне на сьвет у шляхецкай сям’і афіцэра. Юзіка аддалі на выхаваньне ў кадэцкі корпус, адчынены ў мурах ліквідаванай царскімі ўладамі Полацкай акадэміі. Улады хацелі бачыць кадэтаў вернымі слугамі імпэратарскага трону.

Але шмат хто з гадаванцаў Полацкага корпусу меў сваё ўяўленьне пра абавязак перад Бацькаўшчынай. Стаброўскі ніколі не забываў, што ён унук паўстанца 1863 году, прыкутага да тачкі на расейскай сібірскай катарзе. Захоплены ў Полацку гісторыяй, Ёсіф пазьней закончыў Маскоўскі археалягічны інстытут.

У чыне палкоўніка ён завяршыў Першую ўсясьветную вайну, крыху паслужыў у Чырвонай Арміі і, не пранікшыся бальшавіцкімі ідэямі, вярнуўся ў родны Слонім. Там, у Заходняй Беларусі, нашай інтэлігенцыі таксама даводзілася нялёгка, але, адрозна ад СССР, яе фізычна не зьнішчалі, і магчымасьцяў для працы на будучыню Беларусі, асабліва ў жудасныя 1930-я гады, было болей.

Сабраныя гэтым апантаным слугою Кліё ўнікальныя калекцыі леглі ў аснову Слонімскага гарадзкога гістарычна-краязнаўчага музэю. У яго адкрыцьці ў 1929-м браў удзел прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі.

Калі ў чэрвені 1941-га ў горадзе зьявіліся немцы, Стаброўскі запакоўваў і хаваў экспанаты. Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музэй акурат тады, як сівы сямідзесяцігадовы дырэктар здымаў зь сьцяны карціну Верашчагіна. «Верашчагіну месца ў Дрэздэнскай галерэі», — пракамэнтаваў сытуацыю адукаваны візытант. У адказ колішні полацкі кадэт закруціў «мастацтвазнаўцу» ў форме сакавітую дулю і дзівам пазьбегнуў сьмерці.

У 1948-м Стаброўскага, які ўратаваў музэйныя калекцыі ад вывазу ў Нямеччыну, звольнілі з пасады дырэктара «как не отвечающего требованиям по своему неправильному поведению и идеологическому мировоззрению».

Наступныя дваццаць гадоў ён пражыў у беднасьці, што часам межавала з жабрацтвам. Зямны шлях Ёсіфа Стаброўскага завяршыўся ў 1968-м, на дзевяноста дзявятым годзе жыцьця.

За чатыры гады да гэтага Полацкі гарвыканкам прыняў пастанову: да чарговай гадавіны «Великого Октября» ўзнагародзіць ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі актыўных удзельнікаў руйнаваньня сабору Сьвятога Стэфана і некалькіх іншых будынкаў былых Акадэміі й кадэцкага корпусу, што далі Беларусі цэлае сузор’е славутых імёнаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 274-275.

1902 — Станіслаў Грынкевіч, беларускі грамадзкі й палітычны дзеяч.

1906 — Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзеяч.

1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, перакладчык, які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе».

1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік.

1930 — Алесь Баршчэўскі-Барскі, паэт і дзеяч беларускай супольнасьці ў Польшчы.

У памяці

1903 — Адам Плуг, беларускі пісьменьнік і журналіст.

1959 — Аляксандар Орса, беларускі пэдагог, грамадзкі і палітычны дзяяч, міністар асьветы ва Ўрадзе БНР на эміграцыі, адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.

Аляксандар Орса — з тых нашых суайчыньнікаў, якія ўвасабляюць пасіянарнасьць старажытнай беларускай Наваградчыны — ядра Вялікага Княства Літоўскага.

Вярнуўшыся зь Першай усясьветнай вайны ў ранзе капітана, ён адразу ўлучаецца ў нацыянальны рух: настаўнічае ў беларускай школцы, зьяўляецца прадстаўніком сваёй воласьці пры разьмеркаваньні харчовай дапамогі ЗША пацярпелым ад вайны, актыўнічае ў выбарчай кампаніі 1922 году, калі беларусы ў Наваградзкай акрузе атрымліваюць цэлыя тры пасольскія месцы ў Сойме й адно — сэнатарскае.

З Прагі, дзе Аляксандар вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Карлавага ўнівэрсытэту, ён прыяжджае з ступеньню доктара навук і з жонкаю Натальляй, колішняй суседкай, якая таксама здабывала навуку ў гасьцiннай чэскай сталіцы. Орсы працуюць у Наваградзкай беларускай гімназіі. Польская дзяржава плаціць заробкі ўсяго чатыром з двух дзясяткаў настаўнікаў. Гэтыя чацьвёра, у ліку якіх і Орса, дзеляць уласныя грошы на ўсіх калегаў.

І за саветамі пасьля верасьня 1939-га, і за немцамі, і ў ЗША ягонае жыцьцё было зьвязанае з школьніцтвам. Але найяскравейшае выяўленьне пэдагагічныя здольнасьці Орсы знайшлі, калі ён займаў пасаду дырэктара славутай Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу — вучэльні, якая выхавала эліту нашай паваеннай эміграцыі.

Сярод гімназістак была малодшая дачка Орсаў Ала, у будучым — прафэсар хіміі Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту і знаная навукоўка, а ў беларускім сьвеце — шматгадовая мастацкая кіраўніца ў свой час надзвычай папулярнага танцавальнага ансамблю «Васілёк», удзельніца практычна ўсіх ініцыятываў беларускай дыяспары, стваральніца Культурна-адукацыйнай Фундацыі Орса-Рамана, якую ў Беларусі з удзячнасьцю згадваюць вучоныя і настаўнікі, мастакі, музыкі і пісьменьнікі.

Успадчыўшы ад бацькі талент пэдагога, яна, адрозна ад шмат якіх іншых эмігрантаў, навучыла гаварыць па-беларуску сыноў і мужа — амэрыканца італійскага паходжаньня. Спадарыня Ала вельмі добра памятае, як у доме ейных бацькоў, ужо за акіянам, у 1950 годзе, адбылося ці ня першае ў Нью-Ёрку сьвяткаваньне Дня Волi 25 сакавіка.

«Тата заўсёды пасылаў мяне кудысьці вучыцца, — расказвала яна мне. — А калі недзе сьпявалі беларускія песьні, ён адразу плакаў, а я, як была меншая, саромелася за яго».

На надмагільным помніку Аляксандру Орсу на беларускіх кладах парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансўіку напісана: «Змагару за волю Беларусі, Настаўніку». А мне там згадаліся словы кагосьці з антычных мысьляроў: добра вучыць той, хто добра робіць.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 260-261.

2007 — Аўгіньня Кавалюк, беларуская паэтка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG