Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане чыноўнікі хочуць патраціць $280 млн на «фармаваньне нацыянальнага духу». Як гэта будзе


Манумэнт Нурсултану Назарбаеву ў Нур-Султане, Казахстан
Манумэнт Нурсултану Назарбаеву ў Нур-Султане, Казахстан

У Міністэрстве інфармацыі і грамадзкага разьвіцьця Казахстану прадставілі праект «Улттык рухані жангыру», які павінен садзейнічаць «фармаваньню нацыянальнага духу» краіны. У яго рамках прапануецца: вывесьці казахскую мову «з пабытовага асяродзьдзя» і зрабіць яе «мовай навукі і бізнэсу», а таксама прасоўваць айчынную культуру за межамі Казахстану.

Кіраўнік ведамства Аіда Балаева кажа, што, «па сутнасьці, гэта ўкладаньне ў сьвядомасьць людзей, аддача ад якога будзе праяўляцца практычна ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці грамадзтва: культуры, эканоміцы, адукацыі». Як паведамляе «Настоящее время», яна заявіла, што на рэалізацыю праекту яе ведамства будзе запрошваць бюджэтныя грошы: сукупна ўсе артыкулы, калі іх не скарачаць, абыдуцца падаткаплатнікам у $280 млн.

Самі казахстанцы праект не ацанілі. Мяркуючы па іх рэакцыі на выступ Балаевай, фармаваньне нацыянальнага духу — апошняе, што клапоціць людзей: бо, паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за палову сваіх даходаў казахстанцы цяпер трацяць на ежу.

«Як можна падлічыць фармаваньне нацыянальнага духу? Aida Balayeva, ці можна палічыць KPI вынікаў па напрамках „Дух краіны і нацыянальныя каштоўнасьці“?» — цікавяцца яны ў міністра.

«Дзяржпрапаганда – зручны інструмэнт у руках кіруючых колаў, каб прамываць мазгі нацыі размовамі аб духоўнасьці, каштоўнасьцях і ў той жа час неміласэрна рабаваць краіну і выводзіць капіталы ў афшоры», — заўважаюць карыстальнікі казаскага сэгмэнту інтэрнэту.

Папярэдні праект «Рухані жангыру» ня быў замацаваны як дзяржаўная праграма. Але на яго ўсё роўна пайшло амаль два з паловай мільёны даляраў. Падобныя шматмільённыя выдаткі на праекты з размытымі фармулёўкамі казахстанскія чыноўнікі запрошваюць далёка ня першы раз, заўважае Дыяна Акрэмава, дырэктарка «Прававога мэдыя-цэнтру» (Алматы).

«На мой погляд, такія невыразныя фармулёўкі — гэта выдатны спосаб адмываць і красьці бюджэтныя сродкі, — падкрэсьлівае яна. — На жаль, у фармулёўцы гэтай праграмы мы бачым менавіта гэта. І мяне вельмі зьдзівіла сума, таму што яна ў два разы большая за гадавы бюджэт Казахстану на правядзеньне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

Афіцыйная прэзэнтацыя праекту сьведчыць аб тым, што «фармаваньне нацыянальнага духу» ўжо зацьверджана ўрадам. І адмаўляцца ад яго чыноўнікі ня маюць намеру, нават нягледзячы на вялікую колькасьць нявырашаных сацыяльных праблем, дзе гэтыя грошы маглі б спатрэбіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG