Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 65 гадоў вугорскаму паўстаньню, год таму — Ціханоўская заклікала прызначыць новыя выбары да канца 2020 году


Галава ад помніка Сталіну, які стаяў перад будынкам Нацыянальнага тэатру ў Будапэшце. Кастрычнік 1956.

Падзеі 23 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзеі 23 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

Ціханоўская заклікала прызначыць новыя выбары ў Беларусі да канца 2020 году

  • «Мэгамітынг» за Лукашэнку скасавалі нібыта праз каранавірус. Былі зьвесткі, што яго байкатуюць у рэгіёнах
  • Палову ўраджаю бульбы з сваіх сотак Лукашэнка аддаў амапаўцам
  • Nizkiz выпусьціў кліп на песьню «Правілы» з кадрамі беларускіх пратэстаў

Даты дня

23 кастрычніка 1893 году Яўхім Карскі пасьпяхова абараніў сваю магістарскую дысэртацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» ў Кіеўскім унівэрсытэце. Гэта была першая ў гісторыі дысэртацыя, прысьвечаная беларускай мове.

23 кастрычніка 1924 году ў Менску пачаўся аўтобусны рух.

23 кастрычніка 1956 году ў Вугоршчыне выбухнула антыкамуністычнае паўстаньне, якое здушыла савецкая вайсковая інтэрвэнцыя.

Таксама ў гэты дзень

1958 — савецкі расейскі пісьменьнік Барыс Пастэрнак атрымаў Нобэлеўскую прэмію за раман «Доктар Жывага», які стаў бэстсэлерам на Захадзе, але ня быў апублікаваны ў ягонай краіне.

У гэты дзень нарадзіліся

1816 — Арцём Вярыга-Дарэўскі, беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Завёўшы альбом, дзе будзеце зьбіраць запісы людзей вядомых і проста сваіх прыяцеляў, вы зробіце абсалютна правільна.

Калі-небудзь ваш альбом станецца гістарычнай крыніцаю, а магчыма, і каштоўным літаратурным помнікам.

Найлепш пацьвердзіць мае словы мог бы пісьменьнік і паўстанец Арцём Вярыга-Дарэўскі.

У 1850-я гады ягонае імя ведалі ў адукаваных колах значна далей за роднае Прыдзьвіньне, дзе пісьменьнік меў паблізу Віцебску фальварак Стайкі.

Арцём быў карэспандэнтам віленскіх, варшаўскіх і пецярбурскіх газэтаў і часопісаў.

Ягоныя паэмы, гутаркі й драматургічныя творы, ня здолеўшы прарвацца праз цэнзурныя рагаткі, шырока разыходзіліся па краі ў рукапісах.

Зьместам жыцьця Вярыгі-Дарэўскага стала праца дзеля Беларусі. «Зь Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал», — пісаў ён у адным зь лістоў, кратаючы сваю слынную мэфістофэлеўскую бародку.

Шырокае водгульле атрымала яго вандроўка ў 1858-м у Вільню, дзе на зьезьдзе беларускіх літаратараў падчас сустрэчаў з калегамі й аднадумцамі Ўладзіславам Сыракомлем, Адамам Кіркорам, Вінцэсем Каратынскім і зьявіліся першыя запісы ў знакамітым Арцёмавым «Альбоме».

Фрагмэнты свайго перакладу «Пана Тадэвуша» пакінуў там у дні наведваньня Вярыгам губэрнскага Менску адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Як толькі на пачатку 1860-х у Віцебску пачаліся патрыятычныя маніфэстацыі, уладальнік Стайкаў таксама зьняў зь сьцяны канфэдэратку.

Жандарскае назіраньне не спыніла Арцёма і ў 1863-м, калі ён стаў адным з натхняльнікаў і кіраўнікоў вызвольнага змаганьня на Віцебшчыне.

Пасьля арышту, цягам бясконцага і пакутлівага двухгадовага сьледзтва ён трымаўся мужна і ўмела, захаваўшы шмат якія зьвесткі пра паўстаньне ў таямніцы. Вайсковы суд адмераў яму восем гадоў катаргі.

У Сібіры (дзе разам зь ім была дачка Габрыеля) і на катаржных работах на саляварным заводзе ва Ўсольлі, і на пасяленьні ў Іркуцку, — ён не адкладаў убок пяро, заслужыўшы ў палітвысланцаў імя Вайдэлёт Беларусі.

Нейкі час Вярыга-Дарэўскі лічыўся адным зь верагодных аўтараў паэмы «Тарас на Парнасе». Гэтая вэрсія ня вытрымала праверкі часам, але і без таго мой герой пакінуў багатую спадчыну: вершы, драмы, падарожныя нататкі, першы пераклад Міцкевічавага «Конрада Валенрода», паэму «Ахульго», прысьвечаную змаганьню горцаў на чале з Шамілем супроць расейскіх захопнікаў.

Большая частка ягоных рукапісаў ня знойдзеная і, хочацца верыць, яшчэ чакае дасьледнікаў у архіўных сховішчах.

А вось «Альбом» шчасьліва дайшоў да нашых дзён.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 84–85

1896 — лінгвіст і літаратуразнаўца Раман Якабсон.

1909 — Міхась Зуй, вайсковы і палітычны дзяяч, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (1987–1995).

У памяці

1941 — у савецкім ГУЛАГу памёр Васіль Шашалевіч, беларускі драматург.

1981 — памёр Якуб Міско, беларускі пісьменьнік і журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG