Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна ўтварэньня БНФ; год таму — «Марш мудрасьці» ў Менску


Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафона супрацоўніка ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры — Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.

Падзеі 19 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1988 — на сходзе ў Чырвоным касьцёле (тады — Дом кіно) у Менску створаныя таварыства «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне».

Год таму ў гэты дзень

  • У цэнтры Менску прайшоў «Марш мудрасьці» з удзелам пэнсіянэраў.
  • Палітоляга і аўтара расейскай «Новай газеты» Віталя Шклярава адпусьцілі зь менскага СІЗА № 1.

Таксама ў гэты дзень

1453 — капітуляцыя ангельцаў у Бардо; канец Стогадовай вайны.

1813 — разгром арміі Напалеона ў «Бітве народаў» каля Ляйпцыгу, што прывяло да вызваленьня Нямеччыны і Галяндыі.

1933 — нацысцкая Нямеччына выходзіць зь Лігі нацый.

1960 — урад ЗША ўвёў эмбарга на гандаль з Кубай.

У гэты дзень нарадзіліся

1862 — Агюст Люм’ер, адзін з родапачынальнікаў кінэматографу, заснавальнік францускай кінаіндустрыі і кінарэжысуры.

У 1895 годзе ў Парыжы браты Люм'еры зрабілі першы ў гісторыі паказ кінафільму
У 1895 годзе ў Парыжы браты Люм'еры зрабілі першы ў гісторыі паказ кінафільму

1890 — Сяргей Палуян, беларускі літаратуразнаўца. Яму прысьвечаныя паэма «Курган» і верш Янкі Купалы «Памяці С. Палуяна», першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік Максіма Багдановіча «Вянок».

Літаратурнай дзейнасьцю гэты рамантычны юнак з надзіва сталым аналітычным розумам займаўся ўсяго адзін год.

Пераехаўшы пасьля глыбокага ідэйнага канфлікту з бацькам у Кіеў, Палуян жыў на сьціплыя ганарары за свае рэцэнзіі й артыкулы ва ўкраінскім друку, а яшчэ за выпадковыя заробкі рэпэтытара і карэктара.

Зацікаўленасьць нацыянальным Адраджэньнем прывяла Сяргея да супрацоўніцтва з «Нашай Нівай» і сталае працы ў Вільні.

Большасьць ягоных твораў зьнікла ў ліхалецьцях часу, але тое, што ацалела, сьведчыць: Палуян ствараў на мяжы геніяльнасьці.

Перачытайце ягоны маленькі шэдэўр «Хрыстос уваскрос!».

Якраз Сяргей Палуян знайшоў у архіве «Нашае Нівы» сшыткі зь вершамі Максіма Багдановіча, расцэненымі рэдакцыяй як «дэкадэнцкія», і першы пачаў няпростую барацьбу за іх прызнаньне й шырокую публікацыю.

Ён быў таленавітым публіцыстам і ідэолягам беларускага руху.

Але — «ня стала сіл змагацца з блудным векам…» (Янка Купала).

У васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя імя Сяргея Палуяна вярнулася зь нябыту дзякуючы кнізе яго твораў «Лісты ў будучыню».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 106–107.

У памяці

1745 — Джонатан Суіфт, англа-ірляндзкі пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзеяч.

1937 — Язэп Каранеўскі, дзяржаўны дзеяч, пэдагог, публіцыст, другі рэктар БДУ, правадзейны сябра Інбелкульту, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1984 — Ежы Папялушка, польскі каталіцкі сьвятар, забіты спэцслужбамі ПНР. Лічыўся адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салідарнасьць».

Ежы Папялушка
Ежы Папялушка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG