Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вугоршчыне вызначыўся супернік Орбана на выбарах. Гэта кансэрватар


Маркі-Зай і яго прыхільнікі

У Вугоршчыне па выніках праймэрыз вызначыўся кандыдат у прэм’еры ад аб’яднанай апазыцыі, які мае кінуць выклік цяперашняму кіраўніку ўраду Віктару Орбану падчас кампаніі па выбарах у парлямэнт. Яны пройдуць ужо налета.

Нягледзячы на тое, што ў шасьціпартыйным апазыцыйным саюзе дамінуюць лібэральныя і левыя сілы, пераможцам праймэрыз стаў кансэрватыўны кандыдат — беспартыйны Петэр Маркі-Зай, мэр невялікага гораду Ходмэзёвашархэй. 49-гадовы Маркі-Зай у другім туры выбараў апярэдзіў сацыял-дэмакрата Клару Добрэў. Пры гэтым у другі тур ён выйшаў толькі таму, што мэр Будапэшту Дэрдэн Карачоні саступіў яму месца, выбыўшы з гонкі. Усяго ў праймэрыз апазыцыі ўдзельнічалі каля 800 тысяч чалавек — каля 10 адсоткаў усіх выбарнікаў Вугоршчыны.

Маркі-Зай пабудаваў сваю кампанію на тым, што менавіта ён, як кансэрватар, практыкуючы католік і бацька семярых дзяцей, можа прыцягнуць ня толькі традыцыйны апазыцыйны электарат, але і частку прыхільнікаў Віктара Орбана, які пазыцыянуе сябе як абаронца традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Маркі-Зай мае эканамічную і інжынэрную адукацыю, ён зрабіў пасьпяховую кар’еру ў ЗША і Канадзе, аднак затым вярнуўся ў Вугоршчыну. Увагу да сябе ён прыцягнуў, выйграўшы выбары мэра ў сваім горадзе, які лічыўся бастыёнам прыхільнікаў Орбана.

У партыі Орбана ў рэакцыі на яго перамогу ўжо назвалі яго «леваком-кар’ерыстам».

  • Вугорская апазыцыя і многія палітыкі і грамадзкія дзеячы зь іншых краін ЭЗ абвінавачваюць Орбана ў аўтарытарных тэндэнцыях — яго прыхільнікі ўзялі пад кантроль большасьць СМІ ў краіне і прынялі Канстытуцыю, прасякнутую духам традыцыяналізму.
  • Таксама была абмежаваная свабода дзейнасьці НКО, а нядаўна крытыку кіраўніцтва ЭЗ выклікаў закон аб забароне «прапаганды ЛГБТ» у школах, які яго крытыкі параўналі з падобнай расейскай нормай.
  • Апазыцыйныя сілы — ад правакансэрватыўнай партыі «Ёбік» да левых лібэралаў — аб’ядналіся ў кааліцыю, каб перамагчы Орбана на выбарах. Паводле апытаньняў, шанцы бакоў прыкладна роўныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG