Падаўжэньне арышту для Івуліна
Спартовы журналіст, аўтар папулярнага youtube-каналу «ЧестнОК» Аляксандар Івулін застанецца за кратамі. 4 кастрычніка ў яго скончыўся тэрмін папярэдняга ўтрыманьня ў крымінальнай справе, аднак на волю ён ня выйшаў, паведаміў тэлеграм-канал праекту, які цяпер вядзе калега Івуліна Яраслаў Пісарэнка. Гэта сьведчыць пра тое, што сьледчы ізноў працягнуў Івуліну арышт.
У зьняволеньні журналіст ад 4 чэрвеня. Спачатку яго затрымалі нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе, а затым ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйных «сутак» і завялі на яго крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Ізаляцыя для Калесьнікавай
Як стала вядома «Нашай ніве», Марыі Калесьнікавай ствараюць «асаблівыя ўмовы» ў СІЗА № 1, дзе яна знаходзіцца апошнія 9 месяцаў. Са слоў аднаго з асуджаных, калі Марыю вядуць па калідорах, баландзёраў заганяюць у асобныя памяшканьні, каб яны яе ня бачылі.
Баландзёры — гэта асуджаныя, якія адбываюць пакараньне ў СІЗА ў гаспадарчым атрадзе; яны, напрыклад, разносяць ежу вязьням.
«Калі вядуць Калесьнікаву, усіх заганяюць у памяшканьні, бо яна ідзе і з усімі вітаецца, спрабуе размаўляць. І на ўвесь калідор крычыць: «Чаму вы хаваеце ад мяне людзей?» — расказаў адзін з асуджаных.
Вядома, што, калі Марыю вазілі на суд, яна расказвала канваірам гісторыю музыкі. Цяпер Калесьнікава асьцерагаецца, што ад татальнага курэньня іншых вязьняў у камэрах і нават на шпацырах яна можа ў будучыні назаўсёды разьвітацца са сваім інструмэнтам — флейтай.
6 верасьня Марыю Калесьнікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Пакуль прысуд не набыў моц, яна знаходзіцца ў СІЗА. Віны Марыя не прызнала і разам з адвакатам падала скаргу на прысуд.
Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі застаюцца ў надзвычай складаных умовах, акрамя таго, сувязь зь імі штучна ўскладненая. Нярэдка такім людзям забараняюць спатканьні са сваякамі, абмяжоўваюць перадачы, ствараюць іншыя дадаткова неспрыяльныя ўмовы ўтрыманьня.