Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не пасьпелі эвакуаваць перакладчыка, які некалі ўратаваў Джо Байдэна


Марскія пяхотнікі ЗША на КПП каля аэрапорту ў Кабуле
Марскія пяхотнікі ЗША на КПП каля аэрапорту ў Кабуле

Амэрыканскія ўлады не змаглі вывезьці з Афганістану мясцовага жыхара — перакладчыка, які 13 гадоў таму дапамог уратаваць Джо Байдэна і двух ягоных калегаў, якія апынуліся на падкантрольнай талібам тэрыторыі.

Пра гэта расказаў сам перакладчык, паведамляе The Wall Street Journal.

Афганец Махамэд, чыё поўнае імя не раскрываецца, зьвярнуўся асабіста да кіраўніка Белага дома з просьбай эвакуаваць яго. «Добры дзень, спадар прэзыдэнт! Ратуйце мяне і маю сям'ю. Не пакідайце мяне тут», — сказаў Махамэд амэрыканскай газэце.

У 2008 годзе сэнатары Джо Байдэн, Чак Хэйгел і Джон Кэры ляцелі на верталётах над Афганістанам і вымушаныя былі прызямліцца ў адным з аддаленых рэгіёнаў краіны праз завіруху. Яны падалі сыгнал бяды, і адгукнуўся на яго менавіта Махамэд — мясцовы жыхар, які працаваў па кантракце з войскам ЗША ў якасьці перакладчыка. Пасьля яму давялося правесьці 30 гадзін на холадзе разам з амэрыканскімі вайскоўцамі і афганскімі сіламі бясьпекі, якія дапамагалі амэрыканскім кангрэсмэнам выбрацца зь бяды.

У аўторак прэс-сакратарка Белага дома Джэн Сакі, камэнтуючы просьбу Махамэда аб дапамозе, заявіла, што Злучаныя Штаты поўныя рашучасьці вывезьці яго і ягоную сямʼю з краіны. «Мы выцягнем вас. Мы цэнім вашу самаадданасьць», — сказала яна.

Махамэда павінны былі эвакуаваць разам з тысячамі іншых афганцаў, якія працавалі па кантракце з амэрыканскімі войскамі, аднак гэтага так і не ўдалося зрабіць: узьнікла затрымка з афармленьнем візы. На выхадзе з кабульскага аэрапорту Махамэд даведаўся, што выезд дазволены толькі яму аднаму, але не ягоным сямейнікам. Скончылася тым, што ўсе яны мусілі замкнуцца дома і хавацца ад талібаў. «Я не магу выйсьці з дома, — прыводзіць ягоныя словы The Wall Street Journal. — Я вельмі напалоханы».

  • Да 31 жніўня ЗША завяршылі вывад войскаў з Афганістану. Скончыўся і асноўны этап эвакуацыі. Яе найбольш інтэнсіўная фаза доўжылася ўвесь апошні тыдзень жніўня. За гэты час амэрыканскія ўлады вывезьлі з краіны каля 120 тысяч афганскіх грамадзян — тых, хто працаваў зь сіламі НАТО, іх сямейнікаў, а таксама многіх іншых прадстаўнікоў уразьлівых катэгорый насельніцтва, якім пагражае расправа з боку Талібану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG