Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Гадавіна пачатку Другой сусьветнай вайны; год таму — студэнцкі страйк у Менску


Нямецкія вайскоўцы разьбіраюць шлягбаўмы на мяжы з Польшчай, Сопат, 1 верасьня 1939
Нямецкія вайскоўцы разьбіраюць шлягбаўмы на мяжы з Польшчай, Сопат, 1 верасьня 1939

Падзеі 1 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

1 верасьня 1928 году нарадзіўся Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Расьціслаў Лапіцкі
Расьціслаў Лапіцкі

Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць паданьні. Мне вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, на якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.

У паваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава.

Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрыймачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для ўрокаў батанікі й заалёгіі.

Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І не адно таму, што ён быў сынам сьвятара.

У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. Шаснаццацігадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры га ды, выйшаў на волю ў 1945-м паводле амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на занятках.

Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясяты кляс, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы.

Пагатоў, новы вучань на ўроку адмовіўся пісаць твор пра «моладагвардзейцаў», абвясьціўшы, што ў яго і сяброў ёсьць свая «Гвардыя», якая змагаецца за Беларусь.

У словах Расьціслава не было перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек.

Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік граў на піяніна. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак.

Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, ды перашкодзіла цяжкая хвароба.

Яго арыштавалі ў Кабыльніку на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.

Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не на апраўданьні, а дзеля абвінавачаньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся прасіць памілаваньня.

Біёграфам Лапіцкага стаў гісторык Міхась Чарняўскі, што паходзіць з тых самых мясьцінаў. «Як пошуг маланкі» — назваў ён сваю кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі». Аднайменны фільм зьняў на тэлеканале «Белсат» рэжысэр Валеры Мазынскі.

На месцы расстрэлу героя ў 2008-м усталявалі памятны знак і крыж, якія неўзабаве былі зьнішчаныя ідэйнымі спадкаемцамі сталінскіх катаў, але зноў і зноў аднаўляліся наступнікамі Лапіцкага.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.238-239.

У гэты дзень год таму

  • Некалькі тысяч студэнтаў з розных ВНУ Менску выйшлі на страйк 1 верасьня.
  • ААН абвясьціла пра 450 выпадкаў катаваньняў пасьля акцый пратэсту ў Беларусі.
  • Марыя Калесьнікава заявіла, што гатовая стаць лідэрам новай партыі.
  • Лукашэнка падзякаваў журналістам з Расеі за дапамогу.
  • Краіны Балтыі вырашылі спыніць куплю электраэнэргіі ў Беларусі.

Гэты дзень у гісторыі

1435 — у бітве пад Вількамірам літоўска-польскія войскі перамаглі армію Сьвідрыгайлы і нанятых ім крыжакоў.

1827 — у Расейскай імпэрыі забаронена прымаць сялянаў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы.

1870 — франка-пруская вайна: францускія войскі разьбітыя пад Сэданам, імпэратар Напалеон III узяты ў палон.

1906 — у Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газэта «Hаша доля», у газэце ў гэты дзень вершам «Наш родны край» адбыўся літаратурны дэбют Якуба Коласа.

Першы нумар газэты "Наша доля"
Першы нумар газэты "Наша доля"

1939 — нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусьветная вайна.

1961 — у Бялградзе пачалася першая канфэрэнцыя Руху недалучэньня.

1969 — у Лібіі Муамар Кадафі зрынуў караля Ідрыза I.

Муамар Кадафі, 1975
Муамар Кадафі, 1975

1983 — савецкія вайскоўцы зьбілі паўднёвакарэйскі «Боінг», які перасек паветраную прастору СССР. Загінулі ўсе 269 пасажыраў.

1985 — знойдзены карабель «Тытанік», які патануў у 1912.

1990 — уступіў у сілу Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

1995 — Берасьцейскі пэдагагічны інстытут ператвораны ва ўнівэрсытэт.

2004 — захоп закладнікаў у Бэслане (Расея).

2009 — спыніла трансьляцыі Беларуская служба «Радыё Швэцыя».

У гэты дзень нарадзіліся

1835 — Юзаф Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

1853 — Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.

1900 — Сымон Баранавых, беларускі празаік.

1913 — Масей Сяднёў, беларускі празаік і паэт.

Масей Сяднёў
Масей Сяднёў

1934 — Уладзіслаў Даркевіч, беларускі археоляг, гісторык.

1942 — Іван Басюк, беларускі гісторык.

У памяці

2000 — Яўген Шмыгалёў, інжынэр, адзін з аўтараў артыкула «Курапаты — дарога сьмерці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG