Для ажыцьцяўленьня адпаведнай працэдуры прызначаны «Цэнтар ліквідацыі прадпрыемстваў». Крэдыторы да 9 кастрычніка могуць зьвярнуцца па задавальненьне сваіх патрабаваньняў, гаворыцца на сайце турапэратара.
«Шчыра шкадуем аб сытуацыі, якая склалася», — адзначаецца ў звароце беларускага офісу.
Mouzenidis travel — група кампаній з цэнтральным офісам ў грэцкіх Салёніках і прадстаўніцтвамі па ўсёй Эўропе.
На просьбу Onliner у Mouzenidis Travel ліквідацыю патлумачылі «неспадзяванымі акалічнасьцямі». Спачатку праз пандэмію ў 2020 годзе арганізацыя тураў у Грэцыю стала немагчымай. А сёлета курорты гэтай краіны хоць і выказалі гатоўнасьць прымаць беларускіх турыстаў, але «Белавія» забаранілі лятаць у Эўразьвяз.
Шмат турыстаў і агенцтваў сталі закладнікамі сытуацыі: грошы пералічаныя, а паслугі ня могуць быць аказаныя. Прымаючая кампанія Mouzenidis Travel прыпыніла абслугоўваньне кліентаў да 31 кастрычніка, а таксама абвясьціла аб працэдуры санацыі на 4 месяцы, цягам якіх дзейнічае права абароны ад крэдытораў.
Гэтым у беларускім офісе тлумачаць рашэньне ўступіць у працэдуру ліквідацыі да пачатку вяртаньня грошай ад боку, які прымае. Кампанія рыхтуе дакумэнты для вырашэньня пытаньня ў судзе Салёнікаў.
Таксама накіраваныя лісты ў Мінспорту і турызму Беларусі, Міністэрства турызму Грэцыі, Асацыяцыю грэцкіх туркампаній і іншыя структуры, каб прыцягнуць увагу да праблемы на міжнародным узроўні.