Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна пастановы «Аб пераадоленьні культу асобы»


Падзеі 30 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі


1937 — У СССР надзвычайныя «тройкі» НКВД атрымалі права выносіць сьмяротныя прысуды «ворагам народу».​

1956 — у савецкіх газэтах апублікаваная пастанова ЦК КПСС «Аб пераадоленьні культу асобы і яго наступстваў».

У гэты дзень нарадзіліся

1871 Віктар Чавусаў, беларускі грамадзкі дзяяч, журналіст.

1917 Ціхан Кісялёў, першы сакратар ЦК КПБ у 1980-1983 гадах.

1947Арнольд Шварцэнэгер, амэрыканскі кінаактор і палітык.

У памяці

1898 — памёр Ота фон Бісмарк, нямецкі палітык, дзяржаўны дзеяч.

1982 – памёр Яўген Шабан, паэт, драматург.

Мне згадваецца даўні сэмінар маладых літаратараў у Віцебску.

Адзін з старэйшых калегаў, запрошаных у якасьці настаўнікаў, цэлы перапынак нэрвова і расхвалявана курыў цыгарэту за цыгарэтай, а потым з малой сцэны Коласаўскага тэатру раптам запытаўся, ці вядома нам, як даказаць, што вушы ў павукоў растуць не дзенебудзь, а — на нагах.

Мы былі заінтрыгаваныя, а прысутны прадстаўнік аддзелу прапаганды й агітацыі абкаму партыі імгненна насьцярожыўся.

«Павука садзяць на стол і кажуць: «Бяжы!» — працягваў наш акулярысты настаўнік. — Ён слухаецца. Тады яму адрываюць ногі і зноў загадваюць бегчы. Ён ня можа. Адсюль адразу ж робіцца выснова, што вушы ў небаракі знаходзяцца якраз на нагах...»

«Гэта вы да чаго?» — у запалым маўчаньні запытаўся нехта з сэмінарыстаў.

«А да таго, што ў народу можна забраць гісторыю, прымусіць забыць мінулае, а потым запытацца, а што ў вас, даражэнькія, апроч балотаў, было, а дзе вашыя гісторыкі. Той самы прынцып доказу... А возьмем сытуацыю з мовай...»

Пра сытуацыю з мовай партыйны «прапагандыст і агітатар» вырашыў ужо ня слухаць і на ўсялякі выпадак пакінуў залю.

Акулярыстага звалі Яўген Шабан.

На той час ён быў ужо вядомым паэтам і яшчэ больш знаным драматургам, адна з п’есаў якога — «Шрамы», пастаўленая ў 1977-м купалаўцамі, ішла ў трыццаці тэатрах СССР.

Дэманструючы бездакорны літаратурны густ, ён рабіў для тэлебачаньня п’есы паводле твораў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Івана Пташнікава. Ягоныя ўласныя найлепшыя рэчы былі вострыя й багатыя на падтэксты ды алюзіі, невыпадкова іх (да прыкладу, «Чахарду») выключалі з рэпэртуарных зборнікаў або бязьлітасна рэдагавалі.

У «Шрамах», дзе ішла гаворка аб сацыяльных вытоках падлеткавай злачыннасьці, ідэолягі з ЦК КПБ угледзелі антыпартыйныя настроі й паклёп на савецкую рэчаіснасьць.

Выпускнік акторскага факультэту Беларускага тэатральна-мастацка-
га інстытуту, Яўген сыграў шмат роляў у сваіх і чужых п’есах.

Гэты досьвед дапамог яму потым у працы памочнікам галоўнага рэжысэра па літчастцы ў Купалаўскім і Коласаўскім тэатрах, а таксама ў перакладах на беларускую мову драматургіі В. Шукшына, А. Арбузава, Н. Думбадзэ...

Яўгенава сэрца, не далічыўшы і сарака шасьці гадоў, спынілася ў дзень прэм’еры спэктаклю паводле ягонай п’есы «Востраў Алены» ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа. Мне згадаўся тады пранізьлівы радок з аднаго «партызанскага» вершу: «Мама, прывезьлі Жэню…»

Шабан таксама быў партызанам — у мастацтве.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 342-334

2007 — памёр Мікэлянджэла Антаніёні, італьянскі кінарэжысэр.

2007 — памёр Інгмар Бэргман, швэдзкі кінарэжысэр.

2017 — памёр Раман Сашчанка, сустваральнік беларускага гурту «ЛСП».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG