Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Эўразьвязу расказаў, пры якіх умовах санкцыі супраць Лукашэнкі ўзмоцняцца, а пры якіх — аслабнуць


Дырк Шубэль

Амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль, які на патрабаваньне афіцыйнага Менску выехаў у Брусэль, расказаў у інтэрвію Zerkalo-io аб эфэктыўнасьці скіраваных супраць рэжыму Лукашэнкі эўрапейскіх санкцыяў і ўмовах для іх скасаваньня або ўзмацненьня.

«Калі мы ўбачым перамены зь беларускага боку, сур’ёзныя крокі насустрач свайму народу (вызваленьне палітвязьняў, спыненьне парушэньня правоў чалавека, наладжваньне дыялёгу з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю), то мы будзем гатовыя паступова скасаваць дзейныя абмежаваньні.

Зь іншага боку, калі сытуацыя ня зьменіцца або стане яшчэ горшай, то мы гатовыя абмеркаваць увядзеньне новых санкцыяў.

Я думаю, што яшчэ занадта рана ацэньваць уплыў санкцыяў. Праз шэсьць месяцаў у нас будзе больш поўная карціна. Паўтару, што ўсе абмежаваньні могуць быць скасаваныя. Аднак для гэтага мы павінны бачыць выразныя дэмакратычныя зьмены ў Беларусі: вызваленьне палітвязьняў, выкананьне правоў чалавека, паўнавартасны дыялёг з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю.

Варта разумець, што для ЭЗ увядзеньне санкцыяў — складанае пытаньне. Сэктаральныя санкцыі — пагатоў. На сёньня санкцыі ЭЗ дзейнічаюць у дачыненьні да 22 краін. Зь іх толькі тры знаходзяцца пад сэктаральным эканамічнымі санкцыямі: Расея, Сырыя і Беларусь. Гэта сьведчыць, што ўлады Беларусі пераступілі чырвоныя лініі.

Уведзеныя эканамічныя санкцыі — мэтавыя. Яны нацэлены на крыніцы даходу беларускага рэжыму і на тое, каб аказваць як мага менш уплыву на звычайных беларусаў ці эўрапейскія бізнэсы. Вядома, пэўныя ўведзеныя абмежаваньні могуць закрануць прадпрыемствы ЭЗ, але гэта будуць адзінкавыя выпадкі, таму ўплыў санкцыяў на эўрапейскую эканоміку мінімальны. Акрамя таго, ЭЗ — гэта грамадзтва салідарнасьці. Таму нават калі ў кагосьці паўстануць цяжкасьці праз уведзеныя санкцыі, мы дапаможам іх пераадолець усімі даступнымі сродкамі.

Мы бачым, што ўлады Беларусі настойліва спрабуюць зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць, хай нават коштам будучыні краіны. Падобна, яны не спыняцца, незалежна ад таго, што скажа на гэта міжнародная супольнасьць. Такім шляхам афіцыйны Менск не заробіць сабе ні даверу, ні падтрымкі як унутры краіны, так і за яе межамі. Таму мы працягваем усімі даступнымі каналамі даносіць да ўладаў Беларусі сваю пазыцыю: устойлівай, незалежнай і шчаснай будучыні можна дамагчыся, толькі калі ў краіне запануе вяршэнства права, а людзі змогуць самі вырашаць, хто будзе прадстаўляць іхныя інтарэсы.

Мае думкі — з 15 супрацоўнікамі Tut.by, якія знаходзяцца пад арыштам, з усімі беларускімі журналістамі, якія трапілі ў няволю або вымушана выехалі з краіны за тое, што проста рабілі сваю працу. Я думаю пра кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, пра іншых праваабаронцаў, якія зараз за кратамі, пра каманды «Нашай Нівы», Беларускай службы «Радыё Свабода». Усе яны праяўляюць асабістую мужнасьць і, нягледзячы на ўсе перашкоды, адстойваюць фундамэнтальныя правы беларусаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG