Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд інваліду 2-й групы Ўладзімеру Гундару пакінулі бязь зьменаў


Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

20 траўня ў Берасьці судзьдзя Сяргей Беразюк пакараў Гундара 3 гадамі зьняволеньня паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак).

61-гадовы Ўладзімер Гундар — адзін з 13 фігурантаў справы аб так званай «тэрарыстычнай групоўцы» Мікалая Аўтуховіча.

27 ліпеня разглядалася апэляцыя на вырак Гундару, аднак тэрмін вырашылі пакінуць у сіле.

«Зацьвердзілі той прысуд, які быў. Ніякіх зьменаў, акрамя вылічэньня адбыцьця пакараньня — раней было суткі за суткі. Цяпер 1,5 дня за суткі», — кажа жонка Ўладзімера Гундара Алена.

Жанчына расказала, што сёньня ёй удалося атрымаць дазвол Вярхоўнага суду на спатканьне з мужам. Аднак толькі яго для арганізацыі сустрэчы Ўладзімера з роднымі недастаткова.

«Зараз трэба яшчэ ехаць у КДБ Берасьця і там атрымаць яшчэ адзін дазвол», — кажа Алена.

На пачатку ліпеня стала вядома, што за адмову прызнавацца ў «экстрэмізьме» Ўладзімера Гундара накіравалі ў карцар, дзе ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем. Таксама, па словах родных, у актывіста былі праблемы зь перадачай лекаў у СІЗА № 7 Берасьця.

Алена кажа, што цяпер Уладзімер піша ў лістах з-за кратаў, што ў яго ўсё ў парадку.

«Вось 24 ліпеня атрымала ад яго ліст. Піша, што ўсё нармальна. Лекі апошні раз перадавала 21 ліпеня — прынялі ўсё без усялякіх прыгод. Адзіная загваздка пайшла з пэнсіяй».

Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня сілавікі прымусілі яго зьняць. На працягу некалькіх гадоў ён атрымліваў пэнсію.

Алена расказала, што дзьве пэнсіі Ўладзімера яна атрымала бесьперашкодна. Аднак трэцяя да гэтага моманту ёй не прыйшла.

«Сацыяльнае забесьпячэньне перасылае ў СІЗА Валодзі пэнсію, а бухгальтэрыя па ягонай заяве дасылае мне па пошце грошы. 19 ліпеня дакладна прыйшлі грошы ад аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня. А на наступны дзень Валодзя напісаў заяву, каб мне іх перадалі, — кажа Алена. — Але вось учора я тэлефанавала ў бухгальтэрыю, і там сказалі, што ягонай заявы ў іх няма, таму яны і не перасылаюць грошы. Ня ведаю, хто тут мае рацыю».

Алена кажа, што лісты Ўладзімер піша аптымістычныя, на здароўе ня скардзіцца.

«Кажа, што стараецца сябе трымаць у рамках прыстойнасьці, нікога не абражае, не парушае ніякіх правілаў, гэта ён падкрэсьлівае, — кажа суразмоўца. — Пісаў, што неяк прыходзіў да яго прадстаўнік берасьцейскай пракуратуры. Менавіта наконт лекаў. Пытаўся, якія ёсьць праблемы. Валодзя расказаў, што яны зь ім размаўлялі амаль цэлую гадзіну».

Алена прызнаецца, што перажывае за мужа, але прыстасавалася да складаных жыцьцёвых абставінаў:

«Жыву ў гэтым рытме пастаянна, кожны тыдзень ежджу ў Берасьце адводжу перадачы. Лісты празь дзень пішу, ад яго таксама даходзяць зараз нармальна».

Уладзімер Гундар да сёньня не прызнаны палітвязьнем. Алена кажа, што не разумее падзелу зьняволеных на тых, якія маюць гэты статус і якія ня маюць.

«Усе ж выдатна разумеюць, што гэтыя людзі, якія сядзяць, маладыя хлопцы, дзяўчаты — яны ўсе палітвязьні. І іх бацькі, і дзеці таксама палітзьняволеныя ў гэтай краіне, — кажа Алена.— Калі я апошні раз была каля СІЗА, бачыла там маладую маму з двума дзецьмі. Аднаму 3 гады, здаецца. А маленькаму ў калысцы 4 месяцы. Я кажу: „І што, тата, мусіць, ня бачыў сына?“ Яна адказала: „Не, толькі на фатаздымках“. Ну вось і чым гэтыя дзеткі ня палітвязьні?!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG