Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве дазволілі затрымліваць нелегальных мігрантаў на паўгода


Літоўскія вайскоўцы робяць агароджу на мяжы зь Беларусьсю

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закону аб прававым становішчы замежнікаў, ініцыяванага праз крызіс зь нелегальнымі мігрантамі, піша Delfi.

Наўседа адзначыў, што гэты дакумэнт «мае дзіркі» з пункту гледжаньня правоў чалавека, але, паводле яго, сёньня лепш мець такі закон, чым ня мець нарматыўнага акту, які прадугледжвае меры па кіраваньні экстрэмальнай сытуацыяй на мяжы зь Беларусьсю.

Папраўкі скарачаюць тэрміны разгляду просьбы аб наданьні прытулку да дзесяці дзён і пазбаўляюць просьбітаў прытулку права абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі ў апэляцыйным парадку.

Літва, лягер для ўцекачоў, ліпень 2021
Літва, лягер для ўцекачоў, ліпень 2021

Знаходжаньне на пунктах памежнага кантролю, у транзытных зонах і ў месцах часовага жытла ня будзе лічыцца прыбыцьцём у Літву. Для гэтага павінна быць прынята рашэньне ўпусьціць просьбіта на тэрыторыю краіны. Да прыняцьця такога рашэньня нелегальныя мігранты ня змогуць вольна перасоўвацца па тэрыторыі краіны.

Просьбіт прытулку таксама можа быць затрыманы на тэрмін да шасьці месяцаў або абмежаваны ў праве пакідаць месца пасяленьня, калі ён прыбыў у выніку незаконнага перасячэньня мяжы Літвы ва ўмовах ваеннага становішча, надзвычайнай сытуацыі, а таксама экстрэмальнай сытуацыі.

На мінулым тыдні з прычыны росту патоку мігрантаў урад Літвы абвясьціў экстрэмальную сытуацыю на дзяржаўным узроўні. Паводле выданьня, сёлета на мяжы зь Беларусьсю памежнікі затрымалі больш за 2200 мігрантаў, большасьць зь якіх — з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Шмат хто без дакумэнтаў. Мігрантаў часова разьмяшчаюць у памежных раёнах.

Мэр Ігналінскага раёну Юстас Расікас расказаў LNK, што мясцовым уладам прыйшлося выканаць некаторыя патрабаваньні мігрантаў, бо пачаліся канфлікты. Першы канфлікт пачаўся, калі ў лягер вярнулі дзяўчыну, якая перахварэла на COVID-19, яна адмовілася вярнуцца ў прадстаўленае ёй памяшканьне. Таксама мігранты адмовіліся ад ежы, патрабуючы вярнуць ім мабільныя тэлефоны.

«Нарастае незадаволенасьць, скажам так. Зьяўляецца ўсё больш патрабаваньняў, гэта выклікае ў нас непакой. Сёньня прывезьлі дадатковыя агароджы, каб вылучыць ім больш тэрыторыі для прагулак, мы выконваем іх патрабаваньні. Але гэта выклікае ў нас непакой. Служба грамадзкай бясьпекі выдзеліла чатырох ахоўнікаў. Але ці могуць чацьвёра супрацьстаяць пяцідзесяці? » — сказаў мэр.

Юстас Расікас таксама зьвярнуў увагу на тое, што заканчваецца тэрмін дзеяньня дамоваў аб харчаваньні мігрантаў, а для заключэньня новых трэба ўлічыць вызначаныя патрабаваньні адносна коштаў і конкурсаў на пастаўку такіх паслуг.

Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у халатнасьці і нават садзейнічаньні ў перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Раней кіраўнік МУС Агне Білатайце заявіла, што рост колкасьці падазраваных у парушэньні міграцыйнага заканадаўства — гэта сьвядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны. Такое ж думкі і былы прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс.

  • Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, перасягнула 2000 чалавек. Гэта ў дзясяткі разоў больш, чым летась.
  • Плот на мяжы зь Беларусьсю, які хоча пабудаваць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.
  • У чэрвені і ліпені Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам санкцый Беларусь ня будзе абараняць Эўропу ад нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і кантрабанды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG